Яна 7 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.
 
І пасля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі; бо па Іудзеі Ён не хацеў хадзіць, таму што іудзеі шукалі нагоды Яго забіць.

Набліжалася сьвята Юдэйскае — Кучкі.
 
А было блізка іудзейскае свята — Стаўленне Буданоў.

Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;
 
Тады Яго браты сказалі Яму: «Пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і Твае вучні ўбачылі Твае ўчынкі, што Ты робіш;

бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.
 
бо ніхто нічога не робіць употай, а сам стараецца быць вядомым. Калі Ты гэта робіш, пакажы Сябе свету.

Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
 
Бо нават Яго браты не верылі ў Яго.

На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;
 
Ісус жа ім кажа: Мой час яшчэ не надышоў, а для вас заўсёды час.

Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;
 
Свет не можа ненавідзець вас, Мяне ж ён ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што яго ўчынкі ліхія.

вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.
 
Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэтае свята, таму што мой час яшчэ не прыспеў.

Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.
 
І, сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.

Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.
 
Калі ж Яго браты пайшлі на свята, тады і Ён пайшоў: не адкрыта, а [як бы] ўпотай.

А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?
 
І вось іудзеі шукалі Яго на свяце і казалі: Дзе Ён?

І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.
 
І шмат спрэчак было пра Яго ў натоўпах: адны казалі: Ён добры, іншыя [ж] казалі: Не, наадварот, ашуквае людзей.

Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.
 
Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго з-за боязі перад іудзеямі.

Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.
 
А ў палавіне ўжо свята, увайшоў Ісус у святыню і вучыў.

І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
 
І здзіўляліся іудзеі, кажучы: Як Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?

Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
 
Тады ў адказ ім Ісус сказаў: Маё вучэнне не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне.

хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;
 
Калі хто хоча выконваць Яго волю, той даведаецца пра вучэнне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе кажу.

хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.
 
Хто кажа сам ад сябе, той шукае ўласнай славы; а хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго — Той праўдзівы, і няправеднасці ў Ім няма.

Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?
 
Ці не Маісей вам даў закон? Ды ніхто з вас не выконвае закона. За што вы хочаце забіць Мяне?

Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?
 
Натоўп адказаў: У Табе дэман! Хто шукае забіць Цябе?

Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;
 
Адказаў Ісус і сказаў ім: Адзін учынак Я зрабіў, і вы ўсе здзіўляецеся.

Майсей даў вам абразаньне, — хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, — і ў суботу вы абразаеце чалавека;
 
Вось Маісей даў вам абразанне, — хоць яно не ад Маісея, але ад бацькоў, — вы і ў суботу абразаеце чалавека.

калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, — ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?
 
Калі чалавек у суботу прымае абразанне, каб не быў парушаны закон Маісееў, чаму на Мяне гневаецеся, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу?

Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.
 
Не судзіце з выгляду, а судзіце справядлівым судом.

Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?
 
Тады некаторыя з іерусалімлян казалі: Ці не Той гэта, Каго яны шукаюць забіць?

Вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
 
І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць. Няўжо сапраўды ўведалі начальнікі, што гэта Хрыстос?

Але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.
 
Але ж мы ведаем Гэтага чалавека, адкуль Ён, а калі Хрыстос прыйдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.

Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце;
 
Усклікнуў тады ў святыні Хрыстос, навучаючы і кажучы: І ведаеце Мяне і ведаеце, адкуль Я; але Я прыйшоў не ад Самога Сябе, ды праўдзівы Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ведаеце;

Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
 
Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў.

І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.
 
Тады яны шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна.

А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў?
 
З натоўпу ж многія ўверавалі ў Яго і казалі: Няўжо Хрыстос, калі прыйдзе, зробіць болей знакаў, чым Гэты зрабіў?

Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак — схапіць Яго.
 
Фарысеі пачулі гэтыя погаласкі пра Яго ў натоўпе, і паслалі першасвятары і фарысеі служак, каб схапіць Яго.

А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;
 
Ісус жа сказаў [ім]: Яшчэ нядоўга пабуду Я з вамі і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне.

будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
 
Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці.

Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў?
 
Тады іудзеі казалі між сабою: Куды Ён збіраецца ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не збіраецца Ён ісці да высяленцаў між эленаў і навучаць эленаў?

Што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»?
 
Што гэта за слова, якое Ён сказаў: «Будзеце шукаць Мяне і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці?»

У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі;
 
А ў апошні, вялікі дзень Свята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: Калі хто з вас засмяг, няхай прыходзіць да Мяне і п’е.

хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое».
 
Хто веруе ў Мяне, як кажа Пісанне, у таго з нутра пацякуць рэкі жывой вады.

Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены.
 
Гэта ж Ён сказаў пра Духа, што павінны былі атрымаць тыя, хто ўвераваў у Яго; яшчэ не было [на іх Святога] Духа, таму што Ісус яшчэ не быў праслаўлены.

Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок.
 
Тады [многія] з натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Гэта сапраўды Прарок.

Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе?
 
Іншыя казалі: Гэта Хрыстос. — А іншыя казалі: Хіба ж з Галілеі прыйдзе Хрыстос?

ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід?
 
Ці не ў Пісанні сказана, што Хрыстос прыйдзе ад патомства Давідавага і з Віфлеема, таго паселішча, адкуль быў Давід?

І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе.
 
І вось зрабіўся з-за Яго разлад у натоўпе;

Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук.
 
некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рук.

І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі Яго?
 
І вось прыйшлі служкі да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго?

Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.
 
Служкі адказалі: Ніколі так не гаварыў чалавек, [як Гэты чалавек].

Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман?
 
Тады фарысеі адказалі ім: Няўжо і вас ашукалі?

Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў?
 
Хіба хто-небудзь з начальнікаў увераваў у Яго ці з фарысеяў?

Але гэты народ невук у законе, пракляты ён.
 
Але гэты натоўп не ведае закона, — яны пракляты.

Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім:
 
Кажа ім Нікадзім, што прыходзіў да Яго раней21 і быў адным з іх:

ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?
 
Хіба наш закон судзіць чалавека, не выслухаўшы яго спярша і не даведаўшыся, што ён робіць?

На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок.
 
Яны сказалі ў адказ яму: Няўжо і ты з Галілеі? Даследуй і пабач, што з Галілеі прарок не прыходзіць.

І разыйшліся ўсе па дамах.
 
І пайшоў кожны ў свой дом.