Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Яна 11 Паводле Яна 11 разьдзел

1 Быў-жа адзін хворы Лазар з Бэтаніі, з мястэчка Марыі і ейнай сястры Марты.
2 (А Марыя была тая, што намасьціла Пана алейкам і выцерла ногі яго сваімі валасамі, каторы брат Лазар хварэў).
3 Дык паслалі сёстры ягоны да яго, кажучы: Пане, вось той, каго ты любіш, хварэе.
4 А Езус пачуўшы, сказаў ім: Хвароба гэта ня ёсьць на сьмерць, але на славу Божую, каб быў праслаўлены праз яе Сын Божы.
5 Езус-жа любіў Марту і ейную сястру Марыю і Лазара.
6 Дык калі пачуў, што хварэе, тады-то прабыў у тым-жа месцы два дні,
7 і пасьля гэтага сказаў вучням сваім: ідзём ізноў у Юдэю.
8 Сказалі яму вучні: Раббі, цяпер шукалі цябе жыды, каб закаменаваць, а ты ізноў туды ідзеш?
9 Адказаў Езус: Ці-ж не дванаццаць гадзін дня? Калі хто ходзіць удзень, ня ўдарыцца, бо відзіць сьвятло гэтага сьвету;
10 калі-ж ходзіць уначы, ударыцца, бо няма ў ім сьвятла.
11 Сказаў гэтае і потым прамовіў да іх: Лазар, наш прыяцель, сьпіць, але я іду, каб збудзіць яго зо сну.
12 Дык сказалі ягоны вучні: Пане, калі сьпіць, будзе здароў.
13 Казаў-жа Езус аб сьмерці ягонай, а яны думалі, што казаў аб спаньні сном.
14 Дык тады езус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;
15 і я рад дзеля вас, затым што там ня быў, каб вы верылі. Але ідзём да яго.
16 І сказаў Тамаш, каторы завецца Дыдымус, да вучняў: Ідзём і мы, каб памерці з ім.
17 Дык прыйшоў Езус і знайшоў яго ўжо чатыры дні ляжачым у гробе.
18 (Была-ж Бэтанія блізка Ерузаліму, адлегла каля пятнаццаці стадыяў).
19 А многія з жыдоў былі прыйшоўшы да Марты і Марыі, каб іх пацяшаць па іхным браце.
20 Дык Марта, як пачула, што ідзе Езус, пераняла яго, а Марыя сядзела дома.
21 І сказала Марта да Езуса: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой;
22 але і цяпер я ведаю, што чаго-толькі папросіш у Бога, дасьць табе Бог.
23 Сказаў ёй Езус: Ускрэсне брат твой.
24 Сказала яму Марта: Я ведаю, што ўскрэсне ва ўскрэшэнні ў апошні дзень.
25 Сказаў ей Езус: Я ёсьць ўскрашэньне і жыцьцё: хто верыць у мяне, калі-б і памёр, жыць будзе;
26 а кожны, хто жыве і верыць у мяне, не памрэ навекі. Верыш у гэтае?
27 Сказала яму: Так, Пане, я ўверыла, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога, каторы прыйшоў на гэты сьвет.
28 І сказаўшы гэтае пайшла і цішком паклікала сваю сястру Марыю, кажучы: Вучыцель ёсьць тут і кліча цябе.
29 Яна, як пачула, скоранька ўстала і прыйшла да яго.
30 Бо Езус яшчэ быў ня прыйшоўшы ў мястэчка, але быў яшчэ на тым месцы, дзе яго пераняла Марта.
31 Дык жыды, якія былі з ёю ў доме і пацешалі яе, калі ўбачылі Марыю, што яна скоранька ўстала і выйшла, пайшлі за ею, кажучы: што ідзе да гробу, каб там плакаць.
32 А Марыя, калі прыйшла, дзе быў Езус, убачыўшы яго, упала да ног ягоных і сказала яму: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой.
33 Езус-жа, як убачыў яе плачучую і жыдоў, якія прыйшлі з ёю, плачучых, раззлаваўся ў душы і парушыўся сам у сабе,
34 і сказаў: Дзе вы яго палажылі? Сказалі яму: Пане, пайдзі і паглядзі.
35 І заплакаў Езус.
36 А жыды сказалі: Вось як любіў яго!
37 Некаторыя-ж з іх сказалі: Ці ня мог-бы ён, што адчыніў вочы сьлепанароджанага, зрабіць, каб не памёр гэты?
38 А Езус, раззлаваўшыся ізноў сам у сабе, прыйшоў да магілы; была-ж пячэра і быў на ей паложаны камень.
39 Сказаў Езус: Адыймеце камень. Сказала яму Марта, сястра таго, што быў памёршы: Пане, ужо чуць ад яго, бо яму чацьверты дзень.
40 Сказаў ей Езус: Ці-ж я табе не казаў, што калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
41 Дык аднялі камень. А Езус, узьняўшы ўгару вочы, сказаў: Ойча, дзякую табе, што ты пачуў мяне.
42 Я-ж ведаю, што ты заўсёды выслухоўваеш мяне, але я сказаў дзеля народу, каторы навакол стаіць, каб верылі, што ты мяне паслаў.
43 Сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі з гробу!
44 І зараз выйшаў, каторы быў памёршы, зьвязаны па руках і нагах палотнамі, а твар ягоны быў абвязаны хустаю. Сказаў ім Езус: Разьвяжэце яго і пусьцеце ісьці.
45 Дык многія з жыдоў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты і ўбачыўшы, што ўчыніў Езус, уверылі ў яго.
46 Некаторыя-ж з іх пайшлі да фарызэяў і сказалі ім, што ўчыніў Езус.
47 Дык сабралі архісьвятары і фарызэі Раду і казалі: што нам рабіць, бо гэты чалавек многа знакаў чыніць.
48 Калі яго пакінем так, усе ўвераць у яго; і прыйдуць рымляне і забяруць наша месца і народ.
49 А адзін з іх, на імя Каіфаш, будучы архісьвятарам таго году, сказаў ім: Вы нічога ня ведаеце
50 і не разумееце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ і каб увесь народ ня згінуў.
51 Гэтае-ж ён не сказаў сам ад сабе, але будучы архісьвятарам таго году, прарочыў, што Езус мае памерці за народ;
52 і ня толькі за народ, але каб сыноў Божых, якія былі параскіданыя, сабраць у вадно.
53 Дык ад гэтага дня надумаліся забіць яго.
54 Дык Езус ужо не хадзіў яўна паміж жыдоў, але пайшоў у край блізка пустыні, у горад, які завецца Эфрэм, і там прабываў з сваімі вучнямі.
55 Была-ж блізка жыдоўская Пасха. І прыйшлі многія з краю ў Ерузалім перад Пасхай, каб пасьвяціць сябе самых.
56 Дык шукалі Езуса і гаварылі паміж сабою, стоючы ў сьвятыні: што вы думаеце, што ён ня прыйшоў на сьвяточны дзень?
57 А архісьвятары і фарызэі выдалі загад, калі-б хто даведаўся, дзе ён ёсьць, каб даў знаць — каб узяць яго.

Каментары ці зноскі:

2 Гл. Лк. 10:39.

9-10 Гэтымі славамі Хрыстус дае пазнаць сваім вучням, што для яго яшчэ сьвеціць дзень жыцьця і ноч сьмерці яшчэ не надыйшла, затым можа, не ўдарыўшыся аб жыдоўскую злосьць, ісьці ў Юдэю.

15 На просьбу сёстраў трэба было-б Лазара аздаравіць, а тады цуд ня быў-бы такі нязвычайны і відавочны для ўсіх.

18 15 стадыяў — гэта каля 3 клм.

24 Жыды верылі ў ускрасеньне ўмерлых (Гіёб 19:25; Эз. 37; Дн. 12:2).

26 Хто верыць у Хрыста і паводле гэтай веры жыве, той не спазнае вечнае сьмерці ў пекле. Гэтай веры жадае Хрыстус ад Марты.

35 Плакаў Езус, паводле эванэліяў, два разы: над Ерузалімам і над гробам свайго прыяцеля Лазара.

38 Пячэра гэтая, дзе быў гроб Лазара, існуе па сяньняшні дзень каля Бэтаніі (цяпер «эль'Азарійэ»).

42 З гэтых слоў відаць, што Езус хацеў, каб гэты цуд быў доказам ягонага боскага пасланства.

44 У жыдоў хавалі бяз труны, а толькі ўкручвалі нябожчыка ў палотны і абвязвалі шырокімі тасьмамі.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.