Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Яна 16 Паводле Яна 16 разьдзел

1 Гэтае я вам сказаў, каб вы ня горшыліся.
2 Вылучаць вас з бажніцаў; але прыходзіць часіна, што кожны, хто вас забівае, будзе думаць, што ён прыслужыўся Богу.
3 І гэтае будуць рабіць вам, затым што не пазналі Айца ані мяне.
4 Але гэтае я вам сказаў, каб, калі прыйдзе іх часіна, вы ўспомнілі, што я вам сказаў.
5 А гэтага спачатку я вам не гаварыў, бо быў з вамі. А цяпер іду да таго, каторы паслаў мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў мяне: «Куды ідзеш»?
6 Але затым, што я вам гэтае сказаў, смутак напоўніў сэрца вашае.
7 Але я вам праўду кажу: Карысна для вас, каб я адыйшоў. Бо калі не адыйду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж адыйду, пашлю яго да вас.
8 А калі ён прыйдзе, дакажа сьвету грэх і справядлівасьць і суд.
9 Грэх-то, бо ня ўверылі ў мяне;
10 а справядлівасьць, бо я іду да Айца і ўжо ня ўбачыце мяне;
11 суд-жа, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.
12 Яшчэ многа маю вам гаварыць, але цяпер ня можаце зьнесьці.
13 Калі-ж прыйдзе ён, Дух праўды, навучыць вас усякае праўды; бо ня будзе гаварыць сам ад сябе, але будзе гаварыць што-колечы пачуе, і што мае прыйсьці, абвесьціць вам.
14 Ён праславіць мяне, бо з майго возьме і вам абвесьціць.
15 Усё, што-колечы мае Айцец, маё ёсьць; дзеля гэтага я сказаў, што ў майго возьме і вам абвесьціць.
16 Крыху і ўжо ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што я іду да Айца.
17 Дык гаварылі з вучняў ягоных адзін да другога: Што гэта такое, што ён нам кажа: «крыху і ня ўбачыце мяне» і «што я іду да Айца»?
18 І гаварылі: Што гэта такое, што кажа: «Крыху»? Ня ведаем, што гаворыць.
19 А Езус пазнаў, што хацелі ў яго пытацца і сказаў ім: «Крыху, і ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне».
20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць вы, а сьвет будзе цешыцца; вы-ж будзеце смуціцца, але смутак ваш у радасьць зьменіцца.
21 Жанчына, калі родзіць, смутак мае, што прыйшла яе часіна; але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць уцісьненьня дзеля радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся.
22 Так і вы цяпер-то смутак маеце, але я ізноў убачу вас, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто ад вас не адыме.
23 І ў той дзень ня будзеце ў мяне нічога пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі чаго будзеце прасіць Айца ў імя маё, дасьць вам.
24 Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя маё. Прасеце і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная.
25 Гэтае я вам гаварыў у прыповесьцях. Надыходзіць часіна, калі ўжо ня ў прыповесьцях буду гаварыць вам, але яўна аб Айцу абвешчу вам.
26 У той дзень будзеце прасіць у імя маё, і не кажу вам, што я буду прасіць Айца за вас,
27 бо сам Айцец любіць вас, затым што вы ўзлюбілі мяне і ўверылі, што я ад Бога выйшаў.
28 Выйшаў я ад Айца і прыйшоў на сьвет; ізноў пакідаю сьвет і іду да Айца.
29 Сказалі яму вучні ягоны: Вось цяпер яўна гаворыш і ня кажаш ніякай прыповесьці.
30 Цяпер мы знаем, што ты ведаеш усё і ня трэба табе, каб хто пытаўся ў цябе; дзеля гэтага верым, што ты ад Бога выйшаў.
31 Адказаў ім Езус: Вы цяпер верыце?
32 Вось надыходзіць часіна, і ўжо надыйшла, каб вы разсеяліся кожны да свайго, а мяне самога пакінулі; а я не адзін, бо са мною ёсьць Айцец.
33 Гэта я вам сказаў, каб вы мелі супакой у мне. На сьвеце будзеце мець уцісьненьне, але будзьце адважны, я перамог сьвет.

Каментары ці зноскі:

5 У далейшых радкох Езус гаворыць: 1) што адыход ягоны ёсьць патрэбны, каб Дух сьв. мог разьвіць сваю дзейнасьць (р. 5-15); 2) гэты адыход Хрыста будзе кароткі (р. 16-24); 3) апосталы будуць уцьверджаны ў веры, што Хрыстус паходзіць ад Айца (р. 25-33).

8-11 Дух сьв. дакажа сьвету, што па сьвету ёсьць грэх (бо ня ўверылі ў Хрыста); па старане Хрыста ёсьць справядлівасьць (справядлівы Хрыстус адыходзіць да Айца ў неба); што суд спадзе на д'ябла і яго прыхільнікаў (князь гэтага сьвету ўжо асуджаны).

13 Дух сьв. гаворыць тое, што пачуе ад Айца і Сына, ад каторых паходзіць, а гэта затым што натура Божая ёсьць адна і супольная ўсім тром асобам.

14 «З майго возьме» гэтымі славамі Хрыстус яшчэ раз адкрывае, што Дух сьв. паходзіць і ад Сына (гл. Ян 14:26). Паходжаньне Духа сьв. ад Айца Езус аб'яўляе вышэй (Ян 15:26).

15 Усё тое, што Айцец мае, гэта значыць, уся натура Божая, ёсьць уласнасьцяй так-жа Сына, а з таго, што ёсьць уласнасьцяй Сына, бярэ Дух сьв. Гэта яшчэ адзін доказ, што Дух сьв. паходзіць і ад Сына.

16-18 Хрыстус гаворыць тут аб сваей сьмерці («крыху і ня ўбачыце мяне») і аб сваім ускрасеньні і ўшэсьці («і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што іду да Айца»).

20 Сьвет будзе весяліцца з прычыны сьмерці Езуса, а вучні ўцешацца пасьля ўскрасеньня Езуса. Слова «сьвет» азначае тут усё тое, што працівіцца Богу і жадае адвясьці людзей ад Бога.

23 «Ня будзеце нічога пытацца» ў справах, зьвязаных з «крыху».

31-32 Хрыстус ведае, што незадоўга іх вера акажацца слабою.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.