1 Як жа даведаўся Спадар, што фарысэі чулі, што Ісус балей прыдбаець вучанікаў і хрысьце, чымся Яан, —
2 Хоць Ісус Сам ня хрысьціў, але вучанікі Ягоныя, —
3 Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў да Ґалілеі.
4 І належыла Яму праходзіць пераз Самару.
5 Дык прыходзе Ён да места самарскага, званага Сыхар, ля лапіны зямлі, што Якаў даў сыну свайму Язэпу.
6 Жарало Якавава было там. Дык Ісус, здарожыўшыся, сеў ля жарала. Было каля шостае гадзіны.
7 Прыходзе жонка із Самары засіліць вады. Ісус кажа ёй. «Дай Імне піць».
8 (Бо вучанікі Ягоныя адхінуліся да места купіць ежы).
9 Самаранка ж кажа Яму: «Як Ты, будучы Юдэям, просіш піць у мяне Самаранкі?» бо Юдэі ня маюць узаем’я із Самаранмі.
10 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: "Дай Імне піць", прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе жывое вады».
11 Яна кажа Яму: «Спадару, Ты й засіліць ня маеш чым, і студня глыбокая; дык скуль жа маеш жывую ваду?
12 Нягож ты вялікшы за айца нашага Якава, каторы даў нам гэтую студню, і сам піў зь яе, і сынове ягоныя, і статак ягоны?»
13 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Кажны, хто п’ець гэтую ваду, ізноў усьмягне;
14 А хто п’ець ваду, каторую Я дам яму, ня ўсьмягне на векі; але вада, што я дам яму, станецца ў ім жаралом вады, што цячэць у жыцьцё вечнае».
15 Жонка кажа: «Спадару, дай імне тае вады, каб я ня сьмягла і ня прыходзіла сюды сіляць».
16 Ісус кажа ёй: «Пайдзі, пагукай мужа свайго і прыйдзі сюды».
17 Адказала жонка й сказала: «Я ня маю мужа». Ісус кажа ёй: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа;
18 Бо ты мела пяцёх мужоў, і тый, каторага цяпер маеш, ня муж табе; гэта праўдзіва ты сказала».
19 Жонка кажа Яму: «Спадару, бачу, што Ты прарока.
20 Айцове нашы кланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, ідзе належа кланяцца».
21 Ісус кажа ёй: «Жонка, павер Імне, што настаець гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузаліме будзеце кланяцца Айцу.
22 Вы кланяецеся таму, чаго ня ведаеце; мы кланяемся таму, што ведаем, бо спасеньне ад Юдэяў.
23 Але настаець гадзіна, і цяпер ё, калі праўдзівыя багамолцы будуць кланяцца Айцу ў духу а ў праўдзе; бо таковых багамолцаў Айцец шукае Сабе.
24 Бог — дух, і тыя, што кланяюцца Яму, маюць кланяцца ў духу а ў праўдзе».
25 Жонка кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзе Месія, званы Хрыстом; як Ён прыйдзе, паведаме нам усе».
26 Ісус кажа ёй: «Гэта Я, Каторы гутару з табою».
27 На гэта прышлі вучанікі Ягоныя і дзіваваліся, што Ён гутарыў із жонкаю; ні водзін ізь іх, адылі, не сказаў: "Чаго шукаеш?" альбо: "Чаму гутарыш ізь ёю?"
28 Тады жонка пакінула вядро свае, і пайшла да места, і кажа людзём:
29 «Пайдзіце, абачча чалавека, каторы сказаў імне ўсе, што я раблю, ці ня Хрыстос Ён?»
30 Яны вышлі зь места й прышлі да Яго.
31 Прымеж таго вучанікі прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еж».
32 Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу есьці, каторае вы ня знаеце».
33 Затым вучанікі казалі адзін аднаму: «Ці ня прынёс хто Яму есьці?»
34 Ісус кажа ім: «Мая ежа ё чыніць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыць работу Ягоную.
35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? Вось, Я кажу вам: узьніміце вочы свае й глядзіце на нівы, бо яны ўжо пабялелі, каб жаць.
36 Хто жнець, тый адзержуе заплату й зьбірае плады да жыцьця вечнага, каб хто сее і хто жнець разам цешыліся.
37 Бо ў гэтым слова праўдзівае: адзін сее, а другі жнець.
38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвыйшлі ў працу іхную».
39 Шмат жа хто із Самаран места таго ўверылі ў Яго на слова жонкі, што сьветчыла: «Ён сказаў імне ўсе, што я зрабіла».
40 Затым, як прышлі да Яго Самаране, прасілі Яго застацца зь імі; і Ён пабыў там два дні.
41 І яшчэ шмат балей уверыла дзеля слова Ягонага.
42 І сказалі тэй жонцы: «Ужо ня дзеля паведаньня твайго верым, бо мы самы чулі Яго й ведаем, што гэта запраўды Спас сьвету».
43 Просьле ж двух дзён Ён вышаў стуль і пайшоў да Ґалілеі;
44 Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарока ня мае сьці ў краіне сваёй.
45 А як прышоў Ён да Ґалілеі, Ґалілеяне прынялі Яго, бачачы, што ўчыніў Ён у Ерузаліме ў сьвята, бо й яны былі прышоўшы на сьвята.
46 Дык Ён ізноў прышоў да Каны Ґалілейскае, ідзе быў абярнуўшы ваду ў віно. І там быў адзін дваранін у Капернауме, каторага сын быў хворы.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прышоў зь Юдэі да Ґалілеі, прышоў да Яго і прасіў ісступіць і ўздаравіць сына ягонага, каторы канаў.
48 Затым сказаў яму Ісус: «Калі не абачыце знакоў а чудосаў, ня ўверыце».
49 Дваранін кажа яму: «Спадару, іступі, пакуль мае дзяцё не памерла».
50 Ісус кажа яму: «Пайдзі, сын твой жывець».
51 І чалавек паверыў слову, што Ісус сказаў яму, і пайшоў. Але ўжо, як ён зыходзіў, нявольнікі ягоныя перанялі яго, кажучы, што дзяцюк твой жывець.
52 Дык ён папытаўся ў іх праз гадзіну, калі яму палепшала. Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне пал пакінуў яго».
53 Дык бацька даведаўся, што тае ж гадзіны, каторае Ісус сказаў яму: «Сын твой жывець». І ён уверыў сам і ўвесь дом ягоны.
54 Гэты другі знак учыніў Ісус, прышоўшы зь Юдэі да Ґалілеі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангеля подле сьвятога Яана, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.