Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Яна 19 Паводле Яна 19 разьдзел

«Вось чалавек!»

1 Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне.
2 А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч.
3 Падыходзілі да Яго і казалі: «Вітай, кароль юдэйскі!» І білі Яго па твары.
4 А Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны».
5 Езус выйшаў у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: «Вось чалавек!»
6 Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!» Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны».
7 Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым».
8 Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш.
9 Ён зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: «Адкуль Ты?» Але Езус не адказаў яму.
10 Тады Пілат сказаў Яму: «Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
11 Езус адказаў: «Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе».
Прысуд смерці

12 Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: «Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара! Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара».
13 Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе на месцы, якое называлі Літастрот, а па-габрэйску Габата.
14 Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў ён юдэям: «Вось кароль ваш!»
15 А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Пілат кажа ім: «Я павінен укрыжаваць вашага караля?» Першасвятары адказалі: «Не маем караля, апроч цэзара».
16 Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса.
Укрыжаванне Езуса

17 Несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота.
18 Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса.
19 Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: «Езус Назаранін, кароль юдэйскі».
20 Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-габрэйску, па-лацінску і па-грэцку.
21 Першасвятары юдэяў казалі Пілату: «Не пішы: “Кароль юдэйскі”, але што Ён сказаў: “Я — кароль юдэйскі”».
22 Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў!»
23 Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая.
24 Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца». Так збылося сказанае ў Пісанні:

«Падзялілі між сабою маю вопратку
і аб адзежыне маёй кінулі лёсы».

Жаўнеры так і зрабілі.
25 Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена.
26 Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой».
27 Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
Смерць Езуса

28 Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну».
29 Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў.
30 Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа.
Пахаванне

31 Юдэі, паколькі быў дзень прыгатавання Пасхі, каб не заставаліся целы на крыжы ў шабат, бо гэты дзень шабату быў вялікі, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы.
32 Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім.
33 Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені,
34 толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада.
35 А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі.
36 Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: «Косць Ягоная не будзе зламаная».
37 І ў іншым месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі».
38 Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела.
39 Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў.
40 Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі.
41 На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі.
42 Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Яна, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019