Намашчэнне ў Бэтаніі
1 За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ён уваскрасіў.
1 За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ён уваскрасіў.
2 Таму прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале.
3 Марыя ж узяла фунт міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і намасціла ногі Езусу, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. А дом напоўніўся пахам міра.
4 Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго:
5 «Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
6 А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі.
7 Сказаў яму Езус: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання.
8 Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце».
9 Мноства народу з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
10 Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара,
11 бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.
Урачысты ўезд у Ерузалем
12 На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем,
12 На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем,
13 узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі:
«Гасанна!
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана,
Кароль Ізраэля!»
14 А Езус знайшоў асляня і сеў на яго; як напісана:
15
«Не бойся, дачка Сіёна.
Вось Кароль твой ідзе,
седзячы на асляняці».
16 Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага, але калі Езус быў услаўлены, тады ўзгадалі, што так было пра Яго напісана і так Яму зрабілі.
17 Натоўп, які быў з Ім, сведчыў, што Ён паклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго.
18 Таму народ і сустрэў Яго, бо пачуў, што Ён учыніў такі знак.
19 А фарысеі казалі адзін аднаму: «Бачыце, што нічога не дапамагае? Увесь свет пайшоў за Ім!»
Прадказанне ўзвышэння Сына Чалавечага
20 Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята.
20 Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята.
21 Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса».
22 Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу.
23 А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
25 Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця.
26 Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
27 Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў.
28 Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»
29 Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім».
30 Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
31 Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон.
32 І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе».
33 Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.
34 Натоўп спытаўся ў Яго: «Мы чулі з Закону, што Месія трывае навекі. Дык чаму Ты кажаш, што павінен быць узвышаны Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
35 Тады Езус сказаў ім: «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб цемра не агарнула вас. А хто ходзіць у цемры, не ведае, куды ідзе.
36 Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб стаць дзецьмі святла». Сказаўшы гэта, Езус адышоў і ўкрыўся ад іх.
Бязвер’е людзей
37 Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго,
37 Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго,
38 каб збылося слова, сказанае прарокам Ісаем:
«Пане, хто паверыў пачутаму ад нас?
Каму адкрылася плячо Пана?»
39 Таму не маглі верыць, бо, як сказаў яшчэ Ісая:
40
«Ён асляпіў вочы іх
і зрабіў жорсткімі сэрцы іхнія,
каб не бачылі вачыма
і не разумелі сэрцам,
і не навярнуліся,
каб Я вылечыў іх».
41 Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Яго і казаў пра Яго.
42 Аднак жа і са старэйшын шмат хто паверыў у Яго, але праз страх перад фарысеямі не прызнаваліся, каб не выключылі іх з сінагогі,
43 бо яны больш любілі чалавечую славу, чым славу Божую.
Вера ў Езуса — вера ў Бога
44 Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне.
44 Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне.
45 І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне.
46 Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
47 І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет.
48 Хто пагарджае Мною і не прымае Маіх словаў, той мае сабе суддзю — слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень.
49 Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць.
50 І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле святога Яна, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019