1 Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза, і Ацец Мой вінаградар.
2 Усякую галіну ўва Мне, якая не дае плоду, Ён абцінае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб болей пладоў давала.
3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я гаварыў вам.
4 Будзьце-ж ува Мне, і Я у вас. Гэтак, як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, гэтак і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
5 Я ёсьць лаза, а вы галіны; хто прабывае ўва Мне і Я ў ім, той прыносіць багата плоду; бо бязь Мяне ня можаце учыніць нічога.
6 Хто не прабывае ўва Мне, будзе выкінены вон, як галіна і высахне; і гэтакія галіны зьбраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць.
7 Калі будзеце ўва Мне, і словы Мае ў вас, дык, што хочаце, прасеце, і будзе дадзена вам.
8 І гэтым высвіцца Айца Майго слава, калі вы прынясеце багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне Ацец, гэтак Я палюбіў вас; астаньцеся-ж у любові Маей.
10 Калі выканаеце загады Мае, астанецеся ў любові Маей, як і Я выканаў загады Айца Майго і астаюся ў Ягонай любові.
11 Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая была ў вас, і каб радасьць вашая была поўная.
12 Вось запаведзь Мая: любеце адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто ня мае любові большае за тую, як калі хто аддасьць душу сваю за прыяцеляў сваіх.
14 Вы прыяцелі Мае, калі выконваеце тое, што Я запаведую вам.
15 Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны: але Я назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я пераказаў вам.
16 Ня вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца у імя Маё, Ён даў вам.
17 Гэта запаведую вам: любеце адзін аднаго.
18 Калі сьвет вас ненавдзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.
19 Калі-б вы былі са сьвету, дык сьвет любіў-бы сваіх, але, як вы не са сьвету, а Я выбраў вас са сьвету, затым сьвет ненавідзіць вас.
20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне прасьледавалі, будуць прасьледаваць і вас; калі Маё слова перасьцерагалі, перасьцерагацімуць і вашае слова.
21 Але усё гэта рабіцімуць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
22 Калі-б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі-б грэху; але цяперака ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
23 Той, хто ненавдзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго.
24 Калі-б Я не стварыў між імі ўчынкаў, якіх ніхто іншы не рабіў, дык ня мелі-б яны грэху, але цяперака і бачылі, і зьненавідзілі Мяне і Айца Майго.
25 Але нязай-жа споўніцца слова, напісанае ў праве іхным: зьненавідзілі Мяне дарэмна.
26 Кал-ж прыйдзе Пацяшыцель, Каторага Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Ён будзе сьведчыць пра Мяне.
27 Гэтаксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Сьв. Яна Эвангеле, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.