Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Пятроўскага
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў памершы Лазар, якога Ён уваскрасіў зь мертвых.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім.
Там прырыхтавалі Яму вячэру; і Марта абслугоўвала; але Лазар быў адным з супачываўшых зь Ім за сталом.
А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
Марыя-ж, узяўшы хунт каштоўнага чыстага нардовага алею, памазала ногі Ісусавы, і выцерла валасамт сваімі Ягоныя ногі: і дом напоўніўся добрапахнасьцю алею.
Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
Тады адзін зь Ягоных вучняў, Юда Іскарыёт, каторы маніўся выдаць Яго, сказаў:
Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
І чаму не прадалі гэты алей за трыста дынараў і грошы не раздалі бедным?
А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
А сказаў-жа ён гэта не затым, што дбаў пра бедных, але затым, што быў злодзей; ён быў механоша, і насіў тое, што клалі ў мяшок.
А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
Тады Ісус сказаў: пакінь яе; яна захавала гэта на дзень паховінаў Маіх,
убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды.
Бо бедных заўсёды маеце навакол сябе, а Мяне не заўсёды.
Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
І шматлікія з Юдэяў даведаліся, што Ён там; і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб пабачыць і Лазара, каторага Ён уваскрасіў.
А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
Архірэі-ж пастанавілі гэтаксама і Лазара забіць.
бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
Бо з прычыны яго шматлікія зь Юдэяў уверавалі ў Ісуса.
На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
Назаўтра множства народу, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерузалім,
узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
Узялі пальмовае вецьце і выйшлі на спатканьне Яму, выклікваючы: Госанна! добраслаўлены Той, што ідзе ў імя Госпада, Кароль Ізраэляў!
А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
Ісус-жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана:
«ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці».
Ня бойся, дачка Сыёну! глядзі, твой Князь ідзе, седзячы на маладым асьле.
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
Вучні: Ягоныя сьпярша не зразумелі гэтага; але калі ўславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана пра Яго, і гэта зрабілі Яму.
Людзі, якія былі зь Ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
Народ-жа, які быў зь Ім раней, сьведчыў, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго.
таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.
З гэтае прычыны народ спаткаў Яго, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.
Фарысэі-ж гаварылі між сабою: бачыце, някага ня мецімеце посьпеху, народ ідзе за Ім.
Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;
Сярод прыбылых дзеля адданьня пашаны на сьвята былі некаторыя Гэльлены.
яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.
Яны падыйшлі да Піліаа, што быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: гаспадару, нам хочацца бачыць Ісуса.
Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.
Піліп ідзе і кажа аб гэтым Андрэю; пасьля гэтага Андрэй і Піліп кажуць пра гэта Ісусу.
А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
І Ісус адказаў ім, кажучы: надыйшла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Чалавечы.
Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.
Запраўды, запраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык яно астанецца адно, а калі памрэ, дык дасьць багаты плён.
Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
Хто любіць душу сваю, загубіць яе; і той, хто ненавідзіць душу сваю на гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой.
Хто Мне служыць, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, будзе ў пашане ў Айца Майго.
Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў;
Цяперака душа Мая ўстрывожаная; і што Я маю сказаць? Ойча выбаў Мяне ад гадзіны гэтае; але-ж дзеля гэтае гадзіны і прыйшоў Я.
Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.
Ойча ўслаў імя Тваё. Тады прыйшоў голас зь неба: І ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму.
Затым народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: гэта гром загрымеў. Іншыя казалі: анял гаварыў да Яго.
Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу;
І адказаў Ісус і сказаў: не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч.
Цяперака суд сьвету гэтаму; цяперака валадар гэтага сьвету выкінуты будзе.
І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе.
І як Я буду ўзьняты зь зямлі, усіх прыцягну да Сябе.
Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
Гаварыў-жа Ён гэта, даючы зразумець, якою сьмерцяю меў Ён памерці.
Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы?
Народ адказаў Яму: мы чулі з права, што Хрыстос прабывае на векі; дык як-жа Ты кажаш, што Сын Чалавечы мае быць узьняты? хто ёсьць гэты Сын Чалавечы?
Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе;
Тады сказаў ім Ісус: яшчэ на малы час сьвятло ёсьць з вамі: хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб не агарнула вас цемра; хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе.
пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх.
Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб стацца вам сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і схаваўся ад іх.
Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,
І хоць гэтулькі цудаў учыніў Ён перад імі, яны ня верылі ў Яго.
хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?
Каб збылося слова Ісаіі прарока, каторы казаў: Госпадзе, хто паверыць пачутаму ад нас, і каму выявілася рука Госпадава?
Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,
Затым не маглі яны верыць, што, як ізноў Ісаія казаў:
«народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
Ён засьляпіў вочы іхныя, і сэрцы іхныя абярнуў у камень, каб ня бачылі вачыма і не зразумелі сэрцам сваім, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх.
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.
Гэта сказаў Ісаія, калі бачыў славу Ягоную, і гаварыў пра Яго.
Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;
Аднак і з галоўных кіраўнікоў шматлікія ўверавалі ў Яго, але з прычыны фарысэяў ня вызнавалі Яго, каб ня вылучылі іх з сынагогі,
бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
Бо болей любілі славу людзкую, чымся славу Божую.
А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
Ісус-жа ўзьняу голас і сказаў: хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе, але ў Таго, Хто паслаў Мяне,
і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кажны, хто веруе ў Мяне, не астаўся ў цемры.
І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.
І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго; бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, але ратаваць сьвет.
Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
Хто адкідае Мяне і ня прыймае слоў Маіх, мае судзьдзю для сябе: слова, каторае Я сказаў, яно будзе судзіць яго у вапошні дзень;
Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць.
Бо не ад Сябе Я казаў — Ацец, Каторы паслаў Мяне, гэта Ён даў Мне загад, што казаць і гаварыць.
І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што Я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.
Бо Я ведаю, што загад Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Затым, тое, што Я кажу, кажу гэтак, як сказаў Мне Ацец.