Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Пятроўскага
Пасьля гэтага Ісус пайшоў на той бок мора Галілейскага, у навакольлі Тыверыяды;
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галілейскага або Тыбэрыядзкага.
За Ім сьледам пайшло мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён тварыў над хворымі.
І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.
Ісус узыйшоў на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
І ўзышоў Ісус на гару і сядзеў тамака з вучнямі Сваімі.
А набліжалася Пасха, сьвята Юдэйскае.
Набліжалася-ж Пасха, сьвята юдэйскае.
Ісус, узьвёўшы вочы і ўгледзеўшы, што мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе нам купіць хлябоў, каб іх накарміць?
Ісус, падняўшы вочы і ўгледзіўшы, што многа народу ідзе да Яго, кажа Піліппу: дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?
А казаў гэта, выпрабоўваючы яго; бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
казаў-жа гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
Піліп адказваў Яму: ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожнаму дасталося хоць трошкі.
Піліпп адказаў Яму: ім на дзьвесьце дынараў мала будзе хлеба, каб кажнаму зь іх дасталося хоць па крысе.
Адзін вучань Ягоны Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму:
Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму:
Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хлябоў ячных і дзьве рыбкі, але што гэта на такое мноства,
Есьць тутака хлапец, які мае пяць ячных хлебаў і дзьве рыбы, але што гэта для гэткага множства?
Ісус сказаў: скажэце ім узьлегчы. А было на тым месцы многа травы. І вось узьлегла людзей лікам каля пяці тысяч.
Ісус сказаў, загадайце ім узьлегчы. Было-ж на тым месцы шмат травы. Дык людзі узьлеглі лікам каля пяцёх тысячаў.
Ісус, узяўшы хлябы і ўзьнёсшы падзяку, раздаў вучням, а вучні тым, што ўзьляжалі, гэтак сама і рыбы, колькі хто хацеў.
І ўзяў Ісус хлебы і, учыніўшы падзяку, раздаў вучням, а вучні ўзьлегшым, гэтаксама і рыбы, колькі хто хацеў.
І калі насыціліся, дык сказаў вучням Сваім: зьбярэце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала.
І, як насыціліся, сказаў вучням Свам: зьбярэце тыя кавалкі, што асталіся, каб нічога не змарнавалася.
І сабралі, і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.
І сабралі і напоунлі дванаццаць карабоў кускамі зь пяцёх ячных хлебаў, што засталіся ў тых, што елі.
Тады людзі, якія бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта сапраўды Той Прарок, Які мае прыйсьці ў сьвет.
Людзі-ж, што бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што меўся прыйсьці ў сьвет.
А Ісус, даведаўшыся, што хочуць прыйсьці, неспадзявана ўзяць Яго і зрабіць царом, зноў адыйшоў на гару адзін.
Ісус-жа, ведаючы, што хочуць неўспадзеўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць каралём, ізноў адыйшоў на гару адзін.
Калі ж настаў вечар, дык вучні Ягоныя выйшлі да мора,
Калі настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі над мора.
і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. Ужо цямнела, а Ісус ня прыходзіў да іх.
І, увайшоўшы ў лодку, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І пачало ужо цямнець, а Ісус ня прыходзіў да іх.
Дзьмуў моцны вецер, і мора хвалявалася.
Дуў сільны вецер і мора хвалявалася.
Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі, і спалохаліся.
Праплыўшы каля дваццаціпяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, ідучага па моры і ўжо недалёка ад лодкі, і спалохаліся.
Але Ён сказаў ім: гэта Я; ня бойцеся.
Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся.
Яны хацелі прыняць Яго ў лодку; і адразу лодка прыстала да берага, куды плылі.
І ўзялі Яго ахвотна ў лодку, і хутка лодка прыберазлася, куды яны плылі.
На другі дзень люд, што стаяў па той бок мора, бачыў, што там, апрача адной лодкі, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, другой ня было, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, а адплылі адны вучні Ягоныя;
Назаўтра, народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было іншае лодкі, апрача тае, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя і, што Ісус не уваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.
тым часам прыйшлі з Тыверыяды іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб з дабраславеньня Гасподняга.
Іншыя-ж лодкі надыйшлі з Тыбэрыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, дзякуючы добраслаўленьню Госпада;
І вось, калі людзі ўбачылі, што тут няма Ісуса, ні вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капернаум, шукаючы Ісуса,
Вось-жа, калі народ спасьцярог, што тут няма Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.
і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равьві! калі Ты сюды прыйшоў?
І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды?
Ісус сказаў ім у адказ: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся;
І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: шукаеце Мяне не затым, што бачылі цуды, але затым, што елі хлеб і насыціліся;
дбайце не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын Чалавечы; бо на Яго паклаў пячатку Сваю Айцец, Бог.
Не працуйце дзеля ежы, што зьніштажаецца, але працуйце дзеля ежы, што трывае ў вечнае жыцьцё, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо Бог, Ацец адціснуў на ім Сваю пячаць.
І вось, сказалі Яму: што нам рабіць, каб чыніць дзеі Божыя?
Яны-ж сказалі Яму: што маем рабіць, каб тварыць справы Божыя?
Ісус сказаў ім у адказ: вось дзея Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
І адказаў ім Іус і сказаў: вось справы Божыя: каб вы уверавалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
На гэта сказалі Яму: якую ж Ты даеш азнаку, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты робіш?
Яны-ж сказалі Яму: які знак пакажаш нам, каб мы бачылі і паверылі Табе? што Ты чыніш?
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: «хлеб зь неба даў ім есьці».
Бацькі нашы елі манну ў пустыні як напісана: даў ім хлеб зь неба есьці.
А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, а Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб зь нябёсаў;
Тады Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, але Ацец Мой дае вам праўдзівы хлеб зь неба;
бо хлеб Божы ёсьць Той, Які сыходзіць зь нябёсаў і дае жыцьцё сьвету,
Бо хлеб Божы ёсьць Той, Каторы зыходзіць зь неба і дае жыцьцё сьвету.
На гэта сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хлеб.
Тады сказалі: яны Яму: Госпадзе, давай нам заўсёды гэтакі хлеб.
А Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня спрагнецца ніколі;
Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця: хто прыходзіць да Мяне, не дазнаціме голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе прагнуць ніколі.
але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.
Але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.
Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе; і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч;
Усё, што дае Мне Ацец, да Мяне прыйдзе, і прыходзячага да Мяне, ня выжану вон,
бо Я сыйшоў зь нябёсаў не на тое, каб чыніць волю Маю, а волю Айца, Які паслаў Мяне;
Бо Я зыйшоў зь неба, не каб чыніць Сваю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
а воля Айца Майго, Які паслаў Мяне, ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне даў, анічога не загубіць, а ўсё тое ўваскрэсіць у апошні дзень;
І гэта ёсьць воля Айца, Каторы паслаў Мяне, каб з таго, што Ён даў Мне, нічога не загубіць, але ўваскрасціць усе гэтае ў вапошні дзень.
воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.
Бо воля паслаўшага Мяне Айца ёсьць тая, каб кажны хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў вечнае жыцьцё, і Я ўваскрашу яго ў вапошні дзень.
Абурыліся на Яго Юдэі за тое, што Ён сказаў: Я ёсьць хлеб, які сыйшоў зь нябёсаў, —
Юдэі наракалі на Яго за тое, што Ён казаў: Я хлеб, што зыйшоў зь неба.
і казалі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, Чыйго бацьку і маці мы ведаем; як жа Ён кажа: Я сыйшоў зь нябёсаў?
І казалі яны: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку і маці каторага мы ведаем? Як-жаж Ён кажа: Я зыйшоў зь неба?
Ісус сказаў ім у адказ: не абурайцеся між сабою:
Ісус-жа адказаў ім і сказаў: ня гудзеце між сабою;
ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не прывядзе яго Айцец, Які паслаў Мяне; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яго ня схіліць Ацец, Каторы паслаў Мяне, і Я уваскрашу яго ў вапошні дзень.
У прарокаў напісана: «і будуць усе навучаны Богам; кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне».
Напісана ў прарокаў: і ўсе будуць навучаны Богам. Кажны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
Гэта ня тое, каб хто бачыў Айца, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Айца.
Гэта ня значыць, што ніхто ня бачыу Айца; той, Хто ад Бога, ёсьць адзіным, Каторы бачыў Айца.
Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто веруе ў Мяне, мае вечнае жыцьце.
Я ёсьць хлеб жыцьця:
Я хлеб жыцьця.
бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі;
Бацькі вашыя елі манну у пустыні і паўмралі.
а хлеб, што сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто есьць яго, не памрэ;
Гэта ёсьць хлеб, што зыходзіць зь неба; хто будзе есьці яго, не памрэ.
Я — хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.
Я — хлеб жывы, што зыйшоў зь неба: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна. Хлеб-жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, каторае Я аддам за жыцьце сьвету.
Тады Юдэі пачалі спрачацца паміж сабою, кажучы: як Ён можа даць нам есьці Плоць Сваю?
І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: як Ён можа даць нам есьці цела Сваё?
А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі ня будзеце есьці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, ня мецьмеце ў сабе жыцьця:
Тады Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды а вам: калі ня есьцімеце цела Сына Чалавечага і ня піцімеце Ягонае крыві, ня мецімеце жыцьця ў сабе.
Хто есьць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень;
Хто есьць цела Маё і пъе кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў вапошні дзень.
бо Плоць Мая сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво;
Бо цела Маё запраўды ёсьць ежа, і кроў Мая запраўды ёсьць піцьцё.
хто есьць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я ў ім;
І хто есьць цела Маё і пъе кроў Маю, ува Мне ёсьць і Я ў ім.
як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною;
Як паслаў Мяне жывы Ацец і Я жыву Айцом, гэтак і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною.
гэта той хлеб, што сыйшоў зь нябёсаў; ня так, як бацькі вашыя елі манну і памерлі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
Гэты-ж вось і ёсьць хлеб, што зь неба зыйшоў: ня гэтак, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
Гэта казаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капернауме.
Гэтае гаварыў Ён у сынагозе вучачы ў Капэрнауме.
Многія вучні Ягоныя, чуючы гэта, казалі: якія дзіўныя словы! Хто можа такое слухаць?
З гэтае прычыны шматлікія зь Ягоных вучняў, чуючы гэтае, казалі; цьвярдое гэта слова; хто можа слухаць яго?
Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на тое, сказаў ім: ці гэта спакушае вас?
Ісус-жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: ці гэта вас спакушае?
Што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
А што, калі вы ўгледзіце Сына Чалавечага ўзыходзячага туды, дзе быў раней?
Дух творыць жыцьцё, плоць ня творыць нічога; словы, якія кажу Я вам, — гэта дух і жыцьцё;
Дух гэта, што ажыўляе, цела нічога ня вартае; словы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.
Але ёсьць сярод вас некаторыя, што ня вераць. Бо Ісус ад пачатку ведаў, хто ёсьць нявернікі, і хто выдасьць Яго.
Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць. Бо Ісус наперад ведаў, што ёсьць няверуючыя, і хто здрадзіць Яго.
І сказаў: на тое якраз і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі гэта ня дадзена будзе ад Айца Майго.
І сказаў: затым бо і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе яму дадзена Айцом Маім.
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адыйшлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім.
З гэтае пары многія зь Ягоных вучняў адыйшлі ад Яго і ужо болей не хадзілі зь Ім.
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?
Сымон Пётр адказаў Яму: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты маеш словы вечнага жыцьця.
І Сымон Пётра адказаў Яму: Госпадзе, да каго нам ісці? Ты маеш словы вечнага жыцьця;
і мы паверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
І мы паверылі, і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
Ісус адказваў ім: ці не дванаццаць вас абраў Я? але адзін з вас д’ябал.
Ісус сказаў ім: ці не дванаццаць вас выбрау Я? Але адзін з вас дыябал.
Гэта казаў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты меўся выдаць Яго, ён быў адзін з дванаццацёх.
Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хацеў прадаць Яго, будучы адным з дванаццацёх.