Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Пятроўскага
Пасля гэтага пайшоў Іісус на той бок мора Галіле́йскага, Тыверыя́дскага;
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галілейскага або Тыбэрыядзкага.
і за Ім ішло мноства народу, таму што бачылі цу́ды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.
І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.
І ўзышоў на гару Іісус і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.
І ўзышоў Ісус на гару і сядзеў тамака з вучнямі Сваімі.
А набліжа́лася Пасха, свята Іудзейскае.
Набліжалася-ж Пасха, сьвята юдэйскае.
Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго, кажа Філіпу: дзе нам купíць хле́ба, каб яны паелí
Ісус, падняўшы вочы і ўгледзіўшы, што многа народу ідзе да Яго, кажа Піліппу: дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?
Казаў жа Ён гэта, выпрабо́ўваючы яго, бо Сам ведаў, што́ ме́ўся зрабіць.
казаў-жа гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
Адказаў Яму Філіп: на дзвесце дына́рыяў не хопіць ім хлеба, каб кожны з іх хоць трохі атрыма́ў.
Піліпп адказаў Яму: ім на дзьвесьце дынараў мала будзе хлеба, каб кажнаму зь іх дасталося хоць па крысе.
Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сíмана Пятра:
Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму:
ёсць тут адзін хлопчык, які ма́е пяць хлябо́ў ячме́нных і дзве ры́біны; але што́ гэта для такога мноства?
Есьць тутака хлапец, які мае пяць ячных хлебаў і дзьве рыбы, але што гэта для гэткага множства?
І сказаў Іісус: загада́йце лю́дзям узле́гчы. Было́ ж многа травы на тым месцы. І вось узляглí людзі ў колькасці каля пяці тысяч.
Ісус сказаў, загадайце ім узьлегчы. Было-ж на тым месцы шмат травы. Дык людзі узьлеглі лікам каля пяцёх тысячаў.
Узяў жа хлябы́ Іісус і, узнёсшы падзя́ку, разда́ў вучням, а вучні — тым, што ўзляжа́лі; таксама і рыбы, колькі хто хацеў;
І ўзяў Ісус хлебы і, учыніўшы падзяку, раздаў вучням, а вучні ўзьлегшым, гэтаксама і рыбы, колькі хто хацеў.
і калі насы́ціліся, сказаў вучням Сваім: збяры́це кавалкі, якія засталíся, каб нічога не прапа́ла.
І, як насыціліся, сказаў вучням Свам: зьбярэце тыя кавалкі, што асталіся, каб нічога не змарнавалася.
І сабра́лі яны і напо́ўнілі дванаццаць кашо́ў кава́лкамі ад пяці хлябо́ў ячме́нных, якія засталíся ў тых, што елі.
І сабралі і напоунлі дванаццаць карабоў кускамі зь пяцёх ячных хлебаў, што засталіся ў тых, што елі.
Тады людзі, якія бачылі цуд, зро́блены Іісусам, сказалі: Ён сапраўды́ Той Прарок, што павíнен прыйсцí ў свет.
Людзі-ж, што бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што меўся прыйсьці ў сьвет.
Іісус жа, даве́даўшыся, што хо́чуць прыйсцí, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом, адышоў ізноў на гару́ адзін.
Ісус-жа, ведаючы, што хочуць неўспадзеўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць каралём, ізноў адыйшоў на гару адзін.
Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора
Калі настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі над мора.
і, увайшоўшы ў лодку, паплылí на той бок мора ў Капернау́м. І ўжо сцямне́ла, а Іісус не прыхо́дзіў да іх;
І, увайшоўшы ў лодку, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І пачало ужо цямнець, а Ісус ня прыходзіў да іх.
і мора з-за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалява́лася.
Дуў сільны вецер і мора хвалявалася.
Праплы́ўшы каля дваццацí пяці ці трыццацí ста́дый, яны ўбачылі Іісуса, Які ішоў па моры і набліжа́ўся да лодкі, і спало́халіся;
Праплыўшы каля дваццаціпяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, ідучага па моры і ўжо недалёка ад лодкі, і спалохаліся.
але Ён сказаў ім: гэта Я, не бойцеся.
Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся.
Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку; і адразу лодка прыста́ла да берага, куды яны плылí.
І ўзялі Яго ахвотна ў лодку, і хутка лодка прыберазлася, куды яны плылі.
На другі дзень народ, які стаяў па той бок мора, убачыў, што там не было́ іншай лодкі, апрача́ адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго, і што Іісус не ўвахо́дзіў з вучнямі Сваімі ў лодку, але вучні Яго адплылí адны;
Назаўтра, народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было іншае лодкі, апрача тае, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя і, што Ісус не уваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.
і іншыя лодкі прыплылí з Тыверыя́ды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, калі Гасподзь узнёс быў падзя́ку;
Іншыя-ж лодкі надыйшлі з Тыбэрыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, дзякуючы добраслаўленьню Госпада;
калі ўбачылі людзі, што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылí ў Капернау́м, шука́ючы Іісуса,
Вось-жа, калі народ спасьцярог, што тут няма Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.
і, знайшо́ўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Раввí! калі Ты сюды прыбы́ў?
І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды?
У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насы́ціліся;
І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: шукаеце Мяне не затым, што бачылі цуды, але затым, што елі хлеб і насыціліся;
дба́йце не пра ежу тле́нную, а пра ежу, што застае́цца на жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы, бо Айцец вы́значыў Яго пяча́ццю Сваёю, Бог.
Не працуйце дзеля ежы, што зьніштажаецца, але працуйце дзеля ежы, што трывае ў вечнае жыцьцё, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо Бог, Ацец адціснуў на ім Сваю пячаць.
Яны ж сказалі Яму: што́ нам рабіць, каб здзяйсня́ць спра́вы Божыя?
Яны-ж сказалі Яму: што маем рабіць, каб тварыць справы Божыя?
У адказ Іісус сказаў ім: вось спра́ва Божая: каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.
І адказаў ім Іус і сказаў: вось справы Божыя: каб вы уверавалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаме́нне, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што́ Ты здзе́йсніш?
Яны-ж сказалі Яму: які знак пакажаш нам, каб мы бачылі і паверылі Табе? што Ты чыніш?
айцы нашы елі ма́нну ў пусты́ні, як напíсана: «хлеб з неба даў ім есці».
Бацькі нашы елі манну ў пустыні як напісана: даў ім хлеб зь неба есьці.
Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: не Маісей даў вам хлеб з неба, а Айцец Мой дае вам з неба хлеб íсцінны;
Тады Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, але Ацец Мой дае вам праўдзівы хлеб зь неба;
бо хлеб Божы — гэта Той, Хто сыхо́дзіць з неба і дае́ жыццё свету.
Бо хлеб Божы ёсьць Той, Каторы зыходзіць зь неба і дае жыцьцё сьвету.
Яны ж сказалі Яму: Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.
Тады сказалі: яны Яму: Госпадзе, давай нам заўсёды гэтакі хлеб.
І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця́; хто прыхо́дзіць да Мяне, не зве́дае голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе мець сма́гі ніколі;
Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця: хто прыходзіць да Мяне, не дазнаціме голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе прагнуць ніколі.
але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;
Але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.
усё, што дае Мне Айцец, да Мяне пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзіць да Мяне, Я не вы́ганю вон,
Усё, што дае Мне Ацец, да Мяне прыйдзе, і прыходзячага да Мяне, ня выжану вон,
бо Я сышоў з неба не дзе́ля таго, каб чынíць волю Сваю, але волю Айца, Які паслаў Мяне;
Бо Я зыйшоў зь неба, не каб чыніць Сваю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубíў, але ўваскрасíў гэта ў апошні дзень;
І гэта ёсьць воля Айца, Каторы паслаў Мяне, каб з таго, што Ён даў Мне, нічога не загубіць, але ўваскрасціць усе гэтае ў вапошні дзень.
воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым, каб кожны, хто бачыць Сы́на і веруе ў Яго, меў жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень.
Бо воля паслаўшага Мяне Айца ёсьць тая, каб кажны хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў вечнае жыцьцё, і Я ўваскрашу яго ў вапошні дзень.
Абу́рыліся тады Іудзеі на Яго за тое, што Ён сказаў: «Я ёсць хлеб, які сышоў з неба»,
Юдэі наракалі на Яго за тое, што Ён казаў: Я хлеб, што зыйшоў зь неба.
і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў, бацьку і Маці Якога мы ведаем? як жа Ён кажа: «з неба Я сышоў»?
І казалі яны: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку і маці каторага мы ведаем? Як-жаж Ён кажа: Я зыйшоў зь неба?
На гэта Іісус сказаў ім: не абура́йцеся паміж сабою;
Ісус-жа адказаў ім і сказаў: ня гудзеце між сабою;
ніхто не можа прыйсцí да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе́ яго, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яго ня схіліць Ацец, Каторы паслаў Мяне, і Я уваскрашу яго ў вапошні дзень.
напíсана ў прарокаў: і будуць усе наву́чаны Богам. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучы́ўся, прыхо́дзіць да Мяне;
Напісана ў прарокаў: і ўсе будуць навучаны Богам. Кажны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
гэта не значыць, што Айца бачыў нехта, апрача́ Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.
Гэта ня значыць, што ніхто ня бачыу Айца; той, Хто ад Бога, ёсьць адзіным, Каторы бачыў Айца.
Праўду, праўду кажу вам: хто веруе ў Мяне, ма́е жыццё вечнае.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто веруе ў Мяне, мае вечнае жыцьце.
Я — хлеб жыцця́;
Я хлеб жыцьця.
айцы вашы елі ма́нну ў пусты́ні і паме́рлі;
Бацькі вашыя елі манну у пустыні і паўмралі.
а хлеб, які сыхо́дзіць з неба, такі, што той, хто яго есць, не памрэ;
Гэта ёсьць хлеб, што зыходзіць зь неба; хто будзе есьці яго, не памрэ.
Я — хлеб жывы́, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна; і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету.
Я — хлеб жывы, што зыйшоў зь неба: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна. Хлеб-жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, каторае Я аддам за жыцьце сьвету.
І спрача́ліся між сабою Іудзеі, гаво́рачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?
І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: як Ён можа даць нам есьці цела Сваё?
Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі не будзеце есці Пло́ці Сына Чалавечага і піць Крывí Яго, то жыцця́ не будзеце мець у сабе;
Тады Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды а вам: калі ня есьцімеце цела Сына Чалавечага і ня піцімеце Ягонае крыві, ня мецімеце жыцьця ў сабе.
хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;
Хто есьць цела Маё і пъе кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў вапошні дзень.
бо Плоць Мая́ сапраўды́ ёсць ежа, і Кроў Мая́ сапраўды́ ёсць пітво;
Бо цела Маё запраўды ёсьць ежа, і кроў Мая запраўды ёсьць піцьцё.
хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той ува Мне застае́цца і Я ў ім;
І хто есьць цела Маё і пъе кроў Маю, ува Мне ёсьць і Я ў ім.
як пасла́ў Мяне жывы́ Айцец і Я жыву́ Айцом, так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;
Як паслаў Мяне жывы Ацец і Я жыву Айцом, гэтак і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною.
гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба; не так, як айцы вашы елі ма́нну і паме́рлі; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
Гэты-ж вось і ёсьць хлеб, што зь неба зыйшоў: ня гэтак, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернау́ме.
Гэтае гаварыў Ён у сынагозе вучачы ў Капэрнауме.
І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі: жу́дасныя гэта словы; хто можа іх слухаць?
З гэтае прычыны шматлікія зь Ягоных вучняў, чуючы гэтае, казалі; цьвярдое гэта слова; хто можа слухаць яго?
Іісус жа, ве́даючы ў Сабе, што абура́юцца гэтым вучні Яго, сказаў ім: хіба́ гэ́та вас спакуша́е?
Ісус-жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: ці гэта вас спакушае?
А што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыхо́дзіць туды, дзе быў ране́й?
А што, калі вы ўгледзіце Сына Чалавечага ўзыходзячага туды, дзе быў раней?
дух дае жыццё, плоць не прыно́сіць нія́кай кары́сці; словы, якія Я кажу́ вам, ёсць дух і жыццё;
Дух гэта, што ажыўляе, цела нічога ня вартае; словы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.
але ёсць сяро́д вас некато́рыя, што не веруюць. Бо ведаў ад пачатку Іісус, хто няве́руючыя і хто вы́дасць Яго,
Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць. Бо Ісус наперад ведаў, што ёсьць няверуючыя, і хто здрадзіць Яго.
і сказаў: дзе́ля таго Я і гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсцí да Мяне, калі не будзе яму да́дзена Айцом Маім.
І сказаў: затым бо і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе яму дадзена Айцом Маім.
З таго часу многія з вучняў Яго адышлí і ўжо не хадзíлі з Ім.
З гэтае пары многія зь Ягоных вучняў адыйшлі ад Яго і ужо болей не хадзілі зь Ім.
Сказаў тады Іісус двана́ццаці: ці не хочаце і вы адысцí?
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?
Адказаў Яму Сíман Пётр: Госпадзі! да каго мы по́йдзем? Ты ма́еш сло́вы жыцця́ вечнага,
І Сымон Пётра адказаў Яму: Госпадзе, да каго нам ісці? Ты маеш словы вечнага жыцьця;
і мы ўве́равалі і спазна́лі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
І мы паверылі, і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абра́ў? але адзін з вас — дыявал.
Ісус сказаў ім: ці не дванаццаць вас выбрау Я? Але адзін з вас дыябал.
Гаварыў жа Ён пра Іуду Сíманавага Іскарыёта, бо той меўся вы́даць Яго, бу́дучы адным з двана́ццаці.
Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хацеў прадаць Яго, будучы адным з дванаццацёх.