Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Пятроўскага
Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага.
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галілейскага або Тыбэрыядзкага.
І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых.
І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.
І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
І ўзышоў Ісус на гару і сядзеў тамака з вучнямі Сваімі.
А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае.
Набліжалася-ж Пасха, сьвята юдэйскае.
Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: «Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?»
Ісус, падняўшы вочы і ўгледзіўшы, што многа народу ідзе да Яго, кажа Піліппу: дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?
Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
казаў-жа гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
Адказаў Яму Філіп: «Ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта».
Піліпп адказаў Яму: ім на дзьвесьце дынараў мала будзе хлеба, каб кажнаму зь іх дасталося хоць па крысе.
Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму:
«Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?»
Есьць тутака хлапец, які мае пяць ячных хлебаў і дзьве рыбы, але што гэта для гэткага множства?
Ісус сказаў: «Скажыце людзям узьлегчы». Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў.
Ісус сказаў, загадайце ім узьлегчы. Было-ж на тым месцы шмат травы. Дык людзі узьлеглі лікам каля пяцёх тысячаў.
І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні — тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў.
І ўзяў Ісус хлебы і, учыніўшы падзяку, раздаў вучням, а вучні ўзьлегшым, гэтаксама і рыбы, колькі хто хацеў.
Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: «Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала».
І, як насыціліся, сказаў вучням Свам: зьбярэце тыя кавалкі, што асталіся, каб нічога не змарнавалася.
Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.
І сабралі і напоунлі дванаццаць карабоў кускамі зь пяцёх ячных хлебаў, што засталіся ў тых, што елі.
Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет».
Людзі-ж, што бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што меўся прыйсьці ў сьвет.
Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін.
Ісус-жа, ведаючы, што хочуць неўспадзеўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць каралём, ізноў адыйшоў на гару адзін.
Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора
Калі настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі над мора.
і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх.
І, увайшоўшы ў лодку, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І пачало ужо цямнець, а Ісус ня прыходзіў да іх.
А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер.
Дуў сільны вецер і мора хвалявалася.
Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся.
Праплыўшы каля дваццаціпяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, ідучага па моры і ўжо недалёка ад лодкі, і спалохаліся.
Ён жа кажа ім: «Гэта Я, ня бойцеся!»
Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся.
Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі.
І ўзялі Яго ахвотна ў лодку, і хутка лодка прыберазлася, куды яны плылі.
На заўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.
Назаўтра, народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было іншае лодкі, апрача тае, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя і, што Ісус не уваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.
Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад.
Іншыя-ж лодкі надыйшлі з Тыбэрыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, дзякуючы добраслаўленьню Госпада;
Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.
Вось-жа, калі народ спасьцярог, што тут няма Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.
І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?»
І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды?
Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але таму, што елі хлеб і наеліся.
І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: шукаеце Мяне не затым, што бачылі цуды, але затым, што елі хлеб і насыціліся;
Працуйце ж ня дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».
Не працуйце дзеля ежы, што зьніштажаецца, але працуйце дзеля ежы, што трывае ў вечнае жыцьцё, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо Бог, Ацец адціснуў на ім Сваю пячаць.
Тады сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?»
Яны-ж сказалі Яму: што маем рабіць, каб тварыць справы Божыя?
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».
І адказаў ім Іус і сказаў: вось справы Божыя: каб вы уверавалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
Тады яны сказалі Яму: «Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?
Яны-ж сказалі Яму: які знак пакажаш нам, каб мы бачылі і паверылі Табе? што Ты чыніш?
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есьці”».
Бацькі нашы елі манну ў пустыні як напісана: даў ім хлеб зь неба есьці.
Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба,
Тады Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, але Ацец Мой дае вам праўдзівы хлеб зь неба;
бо хлеб Божы ёсьць Той, Які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету».
Бо хлеб Божы ёсьць Той, Каторы зыходзіць зь неба і дае жыцьцё сьвету.
Тады сказалі Яму: «Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб».
Тады сказалі: яны Яму: Госпадзе, давай нам заўсёды гэтакі хлеб.
Ісус жа сказаў ім: «Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі.
Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця: хто прыходзіць да Мяне, не дазнаціме голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе прагнуць ніколі.
Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце.
Але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.
Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч.
Усё, што дае Мне Ацец, да Мяне прыйдзе, і прыходзячага да Мяне, ня выжану вон,
Бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
Бо Я зыйшоў зь неба, не каб чыніць Сваю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень.
І гэта ёсьць воля Айца, Каторы паслаў Мяне, каб з таго, што Ён даў Мне, нічога не загубіць, але ўваскрасціць усе гэтае ў вапошні дзень.
Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень».
Бо воля паслаўшага Мяне Айца ёсьць тая, каб кажны хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў вечнае жыцьцё, і Я ўваскрашу яго ў вапошні дзень.
Тады Юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: «Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў»,
Юдэі наракалі на Яго за тое, што Ён казаў: Я хлеб, што зыйшоў зь неба.
і гаварылі: «Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я зыйшоў з неба”?»
І казалі яны: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку і маці каторага мы ведаем? Як-жаж Ён кажа: Я зыйшоў зь неба?
Тады адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце між сабою.
Ісус-жа адказаў ім і сказаў: ня гудзеце між сабою;
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яго ня схіліць Ацец, Каторы паслаў Мяне, і Я уваскрашу яго ў вапошні дзень.
Напісана ў Прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
Напісана ў прарокаў: і ўсе будуць навучаны Богам. Кажны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца.
Гэта ня значыць, што ніхто ня бачыу Айца; той, Хто ад Бога, ёсьць адзіным, Каторы бачыў Айца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто веруе ў Мяне, мае вечнае жыцьце.
Я — хлеб жыцьця.
Я хлеб жыцьця.
Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.
Бацькі вашыя елі манну у пустыні і паўмралі.
Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ.
Гэта ёсьць хлеб, што зыходзіць зь неба; хто будзе есьці яго, не памрэ.
Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету».
Я — хлеб жывы, што зыйшоў зь неба: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна. Хлеб-жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, каторае Я аддам за жыцьце сьвету.
І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: «Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?»
І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: як Ён можа даць нам есьці цела Сваё?
Тады сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.
Тады Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды а вам: калі ня есьцімеце цела Сына Чалавечага і ня піцімеце Ягонае крыві, ня мецімеце жыцьця ў сабе.
Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Хто есьць цела Маё і пъе кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў вапошні дзень.
Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво.
Бо цела Маё запраўды ёсьць ежа, і кроў Мая запраўды ёсьць піцьцё.
Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім.
І хто есьць цела Маё і пъе кроў Маю, ува Мне ёсьць і Я ў ім.
Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне.
Як паслаў Мяне жывы Ацец і Я жыву Айцом, гэтак і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною.
Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі».
Гэты-ж вось і ёсьць хлеб, што зь неба зыйшоў: ня гэтак, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме.
Гэтае гаварыў Ён у сынагозе вучачы ў Капэрнауме.
Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: «Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?»
З гэтае прычыны шматлікія зь Ягоных вучняў, чуючы гэтае, казалі; цьвярдое гэта слова; хто можа слухаць яго?
Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: «Ці гэта вас згаршае?
Ісус-жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: ці гэта вас спакушае?
А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
А што, калі вы ўгледзіце Сына Чалавечага ўзыходзячага туды, дзе быў раней?
Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.
Дух гэта, што ажыўляе, цела нічога ня вартае; словы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.
Але ёсьць некаторыя сярод вас, якія ня вераць». Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, якія ня вераць, і хто выдасьць Яго.
Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць. Бо Ісус наперад ведаў, што ёсьць няверуючыя, і хто здрадзіць Яго.
І сказаў: «Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім».
І сказаў: затым бо і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе яму дадзена Айцом Маім.
З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
З гэтае пары многія зь Ягоных вучняў адыйшлі ад Яго і ужо болей не хадзілі зь Ім.
Тады Ісус сказаў Дванаццаці: «Ці ня хочаце і вы зыйсьці?»
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?
Адказаў тады Яму Сымон Пётар: «Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага.
І Сымон Пётра адказаў Яму: Госпадзе, да каго нам ісці? Ты маеш словы вечнага жыцьця;
І мы паверылі, і пазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».
І мы паверылі, і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
Адказаў ім Ісус: «Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас — д’ябал».
Ісус сказаў ім: ці не дванаццаць вас выбрау Я? Але адзін з вас дыябал.
Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці.
Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хацеў прадаць Яго, будучы адным з дванаццацёх.