Яна 10 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік.
 
Запраўды, запраўды кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у авечы двор, але пералазіць інакш, тои злодзей і разбойнік.

А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак.
 
А хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастыр авечак.

Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх.
 
Яму адчыняе прыдзьверны, і авечкі чуюць голас ягоны, калі ён кліча сваіх авечак паводля імя, і выводзіць іх.

І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны.
 
І, калі вывядзе сваіх авечак, ідзе перад імі; і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны;

За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу».
 
За чужым-жа ня ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.

Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім.
 
Гатую прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі пра што Ён гаварыў ім.

Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак.
 
Дый зноў Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам, што Я дзьверы авечак.

Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх.
 
Усе, колькі іх ня прыходзіла перада Мною — зладзеі ды грабежнікі, але авечкі ня слухалі іх.

Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
 
Я — дзьверы; хто ўвойдзе праз Мяне, збаўленым будзе, і ўвойдзе і выйдзе, і пасьцьбішча знойдзе.

Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
 
Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі шмат болей.

Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак,
 
Я пастыр добры: добры пастыр аддае жыцьцё свае за авечак.

а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапае іх, і разганяе авечак.
 
А найміт ня пастыр, для якога авечкі не свае; ён бачыць як прыходзіць воўк, і пакідае авечкі і ўцякае: і воўк хапае іх, і разганяе авечкі.

Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечак.
 
Найміт-жа ўцякае, бо ён наймі і ня турбуецца пра авечкі.

Я — Пастыр добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне.
 
Я добры пастыр і ведаю, хто Мае — і Мае ведаюць Мяне.

Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу Маю аддаю за авечак.
 
Як Ацец ведае Мяне, гэтак і Я ведаю Яго і жыцьцё Маё аддаю за авечак.

Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
 
Маю Я і іншых авечак, што ня з гэтага двара, і гэтых трэба Мне прывесьці, каб і яны пачулі голас Мой; і будзе адно стада і адзін Пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу Маю, каб ізноў узяць яе.
 
Затым любіць Мяне Ацец, што Я аддаю жыцьцё Сваё, каб узяць яго ізноў.

Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго».
 
Ніхто не бярэ яго ад Мяне, але Я Сам аддаю яго; бо маю ўладу аддаць яго і ўладу ўзяць ізноў яго. Гэты загад Я атрымаў ад Айца Майго.

Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў.
 
З прычыны гэтых словаў ізноў стаўся распадзел сярод Юдэяў.

Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?»
 
Шматлікія зь іх казалі Ён мае злога духа ў Сабе і шалее: чаму вы слухаеце Яго?

Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?»
 
Іншыя казалі: гэтыя словы ня ёсьць апанаванага злым духам; ці-ж можа злы дух адчыняць вочы сьляпым?

І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.
 
І было тады ў Ерузаліме сьвята адновы, і была зіма.

І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым.
 
І хадзіў Ісус у сьвятыні, у Салямонавым стоа.

Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта».
 
Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: дакуль будзеш трымаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам проста.

Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
 
Ісус адказаў ім: Я сказаў вам, і вы ня верыце; справы, што Я чыню ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.

Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
 
Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, гэтак, як і казаў Я вам.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
 
Авечкі Мае чуюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй.
 
І Я даю ім вечнае жыцьцё, і яны ніколі не памруць; і ніхто ня вырве іх з рукі Мае.

Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго.
 
Ацец Мой, Каторы даў Мне іх, большы за ўсіх; і ніхто ня можа вырваць іх з рукі Айца Майго.

Я і Айцец — адно».
 
Я і Ацец — адно.

Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго.
 
Тут зноў Юдэі ўхапіліся за камяні, каб укаменаваць Яго.

Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?»
 
Ісус адказаў ім: шмат добрых дзеяньняў паказаў Я вам ад Айца Майго; за якое зь іх хочаце Мяне каменазаць?

Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам».
 
Адказалі Яму Юдэі, кажучы: не за добрае дзеяньне хочам пабіць Цябе каменьмі, але за тое, што Ты зьневажаеш Бога, ды што Ты, будучы чалавекам, чыніш Сябе Богам.

Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: 'Вы — богі'”?
 
Ісус адказаў ім: ці не напісана ў праве вашым: Я сказаў — вы багі.

Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне,
 
Калі Ён назваў багамі тых, да каторых слова Божае было накіравана /а Пісаньне ня можа быць зламаным/,

як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”?
 
Дык як-жа Таму, Каторага Ацец усьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: зьневажаеш, — за тое, што Я сказаў: Я Сын Божы?

Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.
 
Калі Я не раблю дзеяньняу Айца Майго, ня верце

Калі ж раблю, а вы Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім».
 
Калі-ж раблю, і ня верыце Мне, дык верце дзеяньням Маім, каб ведалі і паверылі, што Ацец ўва Мне, і Я ў Ім.

Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх
 
І зноў шукалі яны, каб узяць Яго, але Ён ухіліўся з рук іхных.

і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
 
І пайшоў ізноў за Іёрдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.

І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым.
 
І шматлікія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян не зрабіў ніводнага цуду; але ўсё, што Ян сказаў пра Яго, было праўдзівым.

І многія там паверылі ў Яго.
 
І шматлікія тамака ўверавалі ў Яго.