Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Пятроўскага
Праўду, праўду кажу вам: хто не праз дзверы ўвахо́дзіць у двор аве́чы, а ўла́зіць інакш, той зло́дзей і разбойнік;
Запраўды, запраўды кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у авечы двор, але пералазіць інакш, тои злодзей і разбойнік.
а хто ўвахо́дзіць праз дзве́ры, той пастух авечак;
А хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастыр авечак.
яму прыдзве́рнік адчыня́е, і авечкі голасу яго слу́хаюцца, і сваіх авечак ён клíча па імёнах і выво́дзіць іх;
Яму адчыняе прыдзьверны, і авечкі чуюць голас ягоны, калі ён кліча сваіх авечак паводля імя, і выводзіць іх.
і калі сваіх авечак вы́пусціць, ідзе перад імі, і авечкі за ім ідуць, бо ве́даюць голас яго;
І, калі вывядзе сваіх авечак, ідзе перад імі; і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны;
за чужы́м жа не по́йдуць, а бу́дуць уцяка́ць ад яго, бо не ве́даюць чужога голасу.
За чужым-жа ня ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.
Гэтую пры́тчу сказаў ім Іісус. Яны ж не зразуме́лі значэ́ння таго, што́ Ён гаварыў ім.
Гатую прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі пра што Ён гаварыў ім.
Тады зноў сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: Я — дзве́ры для авечак;
Дый зноў Ісус сказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам, што Я дзьверы авечак.
усе, колькі іх ні прыхо́дзіла перада Мною, былí зладзе́і ды разбо́йнікі; але авечкі не паслу́халіся іх;
Усе, колькі іх ня прыходзіла перада Мною — зладзеі ды грабежнікі, але авечкі ня слухалі іх.
Я — дзверы; хто ўво́йдзе праз Мяне, спасёны будзе; і ўво́йдзе, і вы́йдзе, і па́шу зно́йдзе;
Я — дзьверы; хто ўвойдзе праз Мяне, збаўленым будзе, і ўвойдзе і выйдзе, і пасьцьбішча знойдзе.
зло́дзей прыхо́дзіць толькі каб укра́сці, і забíць, і загубíць; Я прыйшоў, каб жыццё ме́лі, і ўдо́сталь ме́лі;
Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі шмат болей.
Я — Пастыр добры; пастыр добры жыццё сваё аддае́ за авечак,
Я пастыр добры: добры пастыр аддае жыцьцё свае за авечак.
а на́йміт, які не пастыр і якому авечкі не свае́, бачыць, як прыхо́дзіць воўк, і пакіда́е авечак і ўцяка́е, і воўк хапа́е авечак і разганя́е іх;
А найміт ня пастыр, для якога авечкі не свае; ён бачыць як прыходзіць воўк, і пакідае авечкі і ўцякае: і воўк хапае іх, і разганяе авечкі.
а на́йміт уцяка́е, бо ён на́йміт і не дба́е пра авечак.
Найміт-жа ўцякае, бо ён наймі і ня турбуецца пра авечкі.
Я — Пастыр добры і ведаю Маіх, і Мае́ ведаюць Мяне;
Я добры пастыр і ведаю, хто Мае — і Мае ведаюць Мяне.
як ведае Мяне Айцец, так і Я ведаю Айца, і жыццё Маё аддаю́ за авечак;
Як Ацец ведае Мяне, гэтак і Я ведаю Яго і жыцьцё Маё аддаю за авечак.
ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара́, і тых Мне трэба прыве́сці; і голас Мой яны пачу́юць, і будзе адно ста́да і адзін Пастыр.
Маю Я і іншых авечак, што ня з гэтага двара, і гэтых трэба Мне прывесьці, каб і яны пачулі голас Мой; і будзе адно стада і адзін Пастыр.
За тое Айцец Мяне лю́біць, што Я аддаю́ жыццё Маё, каб зноў прыня́ць яго;
Затым любіць Мяне Ацец, што Я аддаю жыцьцё Сваё, каб узяць яго ізноў.
ніхто не адбіра́е яго ў Мяне, а Я аддаю́ яго Сам; ула́ду ма́ю аддаць яго і ўла́ду ма́ю зноў прыня́ць яго; гэтую за́паведзь атрыма́ў Я ад Айца Майго.
Ніхто не бярэ яго ад Мяне, але Я Сам аддаю яго; бо маю ўладу аддаць яго і ўладу ўзяць ізноў яго. Гэты загад Я атрымаў ад Айца Майго.
І нязго́да зноў узнíкла паміж Іудзеямі з-за гэтых слоў;
З прычыны гэтых словаў ізноў стаўся распадзел сярод Юдэяў.
гавары́лі многія з іх: Ён ма́е ў Сабе дэмана і шале́е; чаго вы Яго слу́хаеце?
Шматлікія зь іх казалі Ён мае злога духа ў Сабе і шалее: чаму вы слухаеце Яго?
Іншыя гаварылі: гэта словы не апанта́нага, хіба́ можа дэман адкрыва́ць вочы сляпы́м?
Іншыя казалі: гэтыя словы ня ёсьць апанаванага злым духам; ці-ж можа злы дух адчыняць вочы сьляпым?
І наста́ла ў Іерусаліме свята аднаўле́ння, і была́ зіма;
І было тады ў Ерузаліме сьвята адновы, і была зіма.
і хадзіў Іісус у хра́ме, у прытво́ры Саламонавым.
І хадзіў Ісус у сьвятыні, у Салямонавым стоа.
Абступíлі Яго Іудзеі і казалі Яму: даку́ль Ты будзеш тамíць ду́шы нашы? калі Ты Хрыстос, скажы нам адкры́та.
Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: дакуль будзеш трымаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам проста.
Адказаў ім Іісус: Я сказаў вам, і вы не ве́рыце; справы, якія Я раблю ў імя́ Айца Майго, яны све́дчаць пра Мяне;
Ісус адказаў ім: Я сказаў вам, і вы ня верыце; справы, што Я чыню ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
але вы не ве́рыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, гэтак, як і казаў Я вам.
авечкі Мае́ голасу Майго слу́хаюцца, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
Авечкі Мае чуюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
і Я жыццё вечнае даю́ ім, і не загíнуць даве́ку, і не вы́рве іх ніхто з рукí Маёй;
І Я даю ім вечнае жыцьцё, і яны ніколі не памруць; і ніхто ня вырве іх з рукі Мае.
Айцец Мой, Які даў Мне іх, бо́льшы за ўсіх, і ніхто не можа вы́рваць іх з рукí Айца Майго;
Ацец Мой, Каторы даў Мне іх, большы за ўсіх; і ніхто ня можа вырваць іх з рукі Айца Майго.
Я і Айцец — адно.
Я і Ацец — адно.
І ўзялí зноў камянí Іудзеі, каб пабíць Яго.
Тут зноў Юдэі ўхапіліся за камяні, каб укаменаваць Яго.
Сказаў ім Іісус: многа добрых спраў паказаў Я вам ад Айца Майго; за якую з гэтых спраў вы хочаце пабíць Мяне камяня́мі?
Ісус адказаў ім: шмат добрых дзеяньняў паказаў Я вам ад Айца Майго; за якое зь іх хочаце Мяне каменазаць?
Адказалі Яму Іудзеі, гаво́рачы: не за добрую справу мы хочам пабíць Цябе камяня́мі, а за блюзне́рства і за тое, што Ты, бу́дучы чалавекам, робіш Сябе Богам.
Адказалі Яму Юдэі, кажучы: не за добрае дзеяньне хочам пабіць Цябе каменьмі, але за тое, што Ты зьневажаеш Бога, ды што Ты, будучы чалавекам, чыніш Сябе Богам.
Адказаў ім Іісус: хіба́ не напíсана ў законе вашым: «Я сказаў: вы багі».
Ісус адказаў ім: ці не напісана ў праве вашым: Я сказаў — вы багі.
Калі Ён назваў бага́мі тых, да каго было зве́рнута слова Божае, а Піса́нне не можа быць пару́шана,
Калі Ён назваў багамі тых, да каторых слова Божае было накіравана /а Пісаньне ня можа быць зламаным/,
тады як жа Таму, Каго Айцец асвяцíў і паслаў у свет, вы ка́жаце: «блюзне́рыш», пако́лькі Я сказаў: «Я Сын Божы»?
Дык як-жа Таму, Каторага Ацец усьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: зьневажаеш, — за тое, што Я сказаў: Я Сын Божы?
калі Я не раблю спраў Айца Майго, то не ве́рце Мне;
Калі Я не раблю дзеяньняу Айца Майго, ня верце
а калі раблю, то, калі Мне не ве́рыце, дык справам ве́рце, каб вы спазна́лі і ўве́равалі, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.
Калі-ж раблю, і ня верыце Мне, дык верце дзеяньням Маім, каб ведалі і паверылі, што Ацец ўва Мне, і Я ў Ім.
Тады шукалі зноў, як схапíць Яго, але Ён унíк рук іх
І зноў шукалі яны, каб узяць Яго, але Ён ухіліўся з рук іхных.
і пайшоў зноў за Іардан, на тое месца, дзе ране́й хрысцíў Іаан, і застаўся там.
І пайшоў ізноў за Іёрдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
І многія прыйшлí да Яго і гаварылі, што Іаан не зрабіў ніякага цу́ду; але ўсё, што сказаў Іаан пра Яго, праўдзíвае было́.
І шматлікія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян не зрабіў ніводнага цуду; але ўсё, што Ян сказаў пра Яго, было праўдзівым.
І многія там уве́равалі ў Яго.
І шматлікія тамака ўверавалі ў Яго.