Яна 11 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Быў жа хворы нейкі Лазар з Віфа́ніі, з пасе́лішча Марыі і Марфы, сястры яе.
 
Быў-жа адзін хворы Лазар з Бэтаніі, з сяла Марыі і ейнае сястры, Марты.

Марыя ж была́ тая, што пама́зала Госпада мíрам і абце́рла Яго ногі валаса́мі сваімі; яе брат Лазар быў хворы.
 
/Гэта была тая Марыя, што памазала Ісуса алеем і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі; яе брат Лазар быў хворы/.

Тады пасла́лі сёстры сказаць Яму: Госпадзі! вось, той, каго Ты лю́біш, хворы.
 
Затым сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе, вось той, каго Ты любіш, ёсьць хворы.

Пачуўшы гэта, Іісус сказаў: гэтая хвароба не на смерць, а дзе́ля сла́вы Божай, каб прасла́ўлены быў Сын Божы праз яе.
 
Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: хвароба гэтая не на сьмерць, але на славу Божую, каб уславіўся праз яе Сын Божы.

А Іісус любіў Марфу, і сястру яе, і Лазара;
 
Ісус-жа любіў Марту і сястру яе, і Лазара.

калі ж пачуў, што той хворы, тады прабы́ў у тым месцы, дзе знаходзіўся, два дні;
 
Калі-ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.

пасля гэтага кажа вучням: пойдзем у Іудзею зноў.
 
Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.

Кажуць Яму вучні: Раввí! нядаўна Іудзеі шука́лі пабіць Цябе камяня́мі, і Ты зноў ідзе́ш туды?
 
Вучні сказалі Яму: Раббі, Юдэі даўно шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?

Адказаў Іісус: хіба́ не дванаццаць гадзíн у дні? хто ходзіць удзе́нь, той не спатыка́ецца, бо святло свету гэтага бачыць;
 
Ісус адказаў: ці-ж не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць днем, не спатыкаецца, бо бачыць сьветласьць гэтага сьвету.

а хто ходзіць уначы́, той спатыка́ецца, бо няма святла ў ім.
 
А хто ходзіць ноччу, спатыкаецца, бо нямашака сьвятла ў ім.

Сказаў Ён гэта і потым гаворыць ім: Лазар, друг наш, засну́ў, але Я іду, каб разбудзíць яго.
 
Гэта сказаўшы, кажа ім далей: Лазар, прыяцель наш заснуў, але Я іду разбудзіць яго.

Сказалі тады вучні Яго: Госпадзі! калі засну́ў, то вы́здаравее.
 
Вучні-ж Ягоныя сказалі Госпадзе, калі заснуў, паздаравее.

Гаварыў Іісус пра смерць яго; а яны думалі, што Ён гаворыць пра спачы́нак у сне.
 
Ісус гаварыў пра ягоную сьмерць; але яны думалі, што пра супачынак кажа.

Тады сказаў ім Іісус адкрыта: Лазар памёр;
 
Тады Ісус проста сказаў ім: Лазар памер;

і Я рады за вас, што Мяне там не было́, каб вы ўве́равалі; але пойдзем да яго.
 
І цешуся Я з увагі на вас, што Я ня быў тамака, каб вы паверылі; але хадзем да яго.

Тады Фама, якога называлі Блізню́к, сказаў іншым вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з Ім.
 
Тады Хама, званы Блізьнюк, сказаў сваім сябром і вучням: хадзем і мы, каб памерці зь ім.

Прыйшо́ўшы, Іісус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.
 
Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ляжыць у магіле.

Віфа́нія ж была́ блізка ад Іерусаліма, ста́дыяў за пятнаццаць,
 
Бэтанія-ж была блізка каля Ерузаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў.

і многія з Іудзеяў папрыхо́дзілі да Марфы і Марыі, каб суце́шыць іх у сму́тку па браце іх.
 
І шматлікія з Юдэяў прышлі да Марты і Марыі пацешыць іх з прычыны сьмерці іхнага брата.

Марфа, калі пачула, што Іісус ідзе, пайшла насу́страч Яму; Марыя ж дома сядзела.
 
Марта, пачуўшы, што ідзе Ісус, выйшла насустрэчу Яму; Марыя-ж асталася дома.

Сказала тады Марфа Іісусу: Госпадзі! калі б Ты быў тут, брат мой не памёр бы;
 
Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе, каб Ты быў тутака, не памер-бы брат мой.

але я і цяпер ведаю, што ўсё, чаго Ты папросіш у Бога, дасць Табе Бог.
 
Але і цяперака ведаю, што штоколечы Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.

Кажа ёй Іісус: уваскрэ́сне брат твой.
 
Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.

Кажа Яму Марфа: ведаю, што ўваскрэ́сне ў час уваскрасе́ння, у апошні дзень.
 
Марта кажа Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ў дзень уваскрасеньня, у вапошні дзень.

Сказаў ёй Іісус: Я — уваскрасе́нне і жыццё; хто ве́руе ў Мяне, калі і памрэ́, будзе жыць;
 
Ісус сказаў ёй: Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё; хто веруе ў Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.

і кожны, хто жыве́ і веруе ў Мяне, не памрэ́ даве́ку. Ты верыш у гэта?
 
Кажны, хто жыве і веруе ў Мяне, ніколі не памрэ. Ці верыш ты ў гэта?

Яна кажа Яму: так, Госпадзі! я ўве́равала, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Які прыхо́дзіць у свет.
 
Яна кажа Яму: так, Госпадзе, я веру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Каторы надыходзіць у сьвет.

І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпо́тай паклíкала Марыю, сястру сваю, ка́жучы: Настаўнік тут і клíча цябе.
 
І сказаўшы гэта, яна пайла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, кажучы: Вучыцель тут і кліча цябе.

Та́я, як толькі пачу́ла, устала спе́шна і пайшла да Яго.
 
І як толькі яна пачула гэта, зараз-жа ўстала і пайшла да Яго.

Іісус яшчэ не ўвайшоў у пасе́лішча, а быў на тым месцы, дзе сустрэ́ла Яго Марфа.
 
Ісус-жа яшчэ не ўвайшоў у сяло, але быў на тым месцы, дзе Марта сустрэла Яго.

Іудзеі ж, якія былí з ёю ў доме і суцяша́лі яе, убачыўшы, як Марыя ўстала спе́шна і выйшла, пайшлі за ёю, ка́жучы, што яна ідзе на магілу, каб плакаць там.
 
Тады Юдэі, што былі зь ёю ў доме і цешылі яе, бачучы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы: яна ідзе на магілу плакаць.

А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Іісус, уба́чыўшы Яго, упа́ла Яму ў ногі і сказала Яму: Госпадзі! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
 
Марыя-ж, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус і, угледзіўшы Яго, кінулася ў ногі Яму, кажучы Яму: Госпадзе, калі-б Ты быў тут, не памер-бы брат мой.

Іісус жа, калі ўбачыў, што яна пла́ча і пла́чуць Іудзеі, якія прыйшлі з ёю, Сам узру́шыўся духам і расхвалява́ўся,
 
Ісус-жа, на спазор плачучае яе і плачучых гэтаксама Юдэяў, што прыйшлі зь ёю, затужыў у сэрцы і быў глыбака кранутым.

і сказаў: дзе вы пакла́лі яго? Кажуць Яму: Госпадзі! пайдзí і паглядзí.
 
І сказаў: дзе вы палажылі яга? І адказалі Яму: Госпадзе, ідзі і паглядзі.

Праслязíўся Іісус;
 
Ісус заплакаў.

гаварылі тады Іудзеі: бач, як Ён любіў яго!
 
Тады Юдэі сказалі: глядзі, як Ён любіў яго.

А некато́рыя з іх казалі: хіба́ не мог Ён, Які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
 
А некаторыя зь іх казалі: ці ня мог-бы Гэты, Каторы адчыніў вочы сьляпому, учыніць, каб і гэты не памер?

Іісус жа, зноў узру́шаны ў Сабе, падыхо́дзіць да магілы. Гэта была пячора, і ка́мень ляжаў на ёй.
 
Ісус-жа, далей тужачы ў душы, ідзе да магілы. Гэта была пячора, заваленая каменем.

Кажа Іісус: адымíце ка́мень. Кажа Яму сястра паме́рлага, Марфа: Госпадзі, ужо смярдзíць, бо чацвёрты дзень ляжы́ць.
 
Кажа Ісус: адвалеце камень. Сястра памершага, Марта, кажа Яму: Госпадзе, ужо сьмярдзіць; чатыры бо дні, як памер ён.

Кажа ёй Іісус: ці не гаварыў Я табе, што, калі ўверуеш, то ўбачыш славу Божую?
 
Ісус кажа ёй: ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую.

Тады аднялí ка́мень ад пячоры, дзе ляжаў паме́рлы. Іісус жа ўзвёў вочы ўгару́ і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
 
Тады адвалілі яны камень зь месца, дзе ляжаў нябожчык. Ісус-жа ўзьняў вочы ўверх і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.

Я і ведаў, што Ты заўсёды Мяне чуеш, але сказаў гэта дзе́ля людзей, якія стаяць вако́л, каб яны ўве́равалі, што Ты Мяне паслаў.
 
Я і так ведаў, што Ты чуеш Мяне заўсёды, але Я гэта дзеля народу, што тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне.

І, сказаўшы гэта, Ён моцным голасам усклíкнуў: Лазар! вы́йдзі сюды́.
 
Сказаўшы гэта, Ён клікнуў гучным голасам: Лазар, выйдзі!

І вы́йшаў паме́рлы, абвíты па нагах і руках пахава́льным палатно́м, і твар яго быў абвя́заны ху́стаю. Кажа ім Іісус: развяжы́це яго і пусцíце, няхай ідзе.
 
І ён, каторы быў памершым, выйшаў з абкручанымі палатном нагамі і рукамі, і аблічча ягонае было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, і няхай ходзіць.

Тады многія з Іудзеяў, якія прыйшлі да Марыі і ўбачылі, што́ зрабіў Іісус, уве́равалі ў Яго;
 
Тады шматлікія з Юдэяў, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што учыніў Ісус, уверавалі ў Яго.

А некато́рыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што́ зрабіў Іісус.
 
Але некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.

Сабра́лі тады першасвятары́ і фарысеі ра́ду і гаварылі: што́ нам рабіць? Чалавек Гэты многа цу́даў робіць;
 
Тады архірэі і фарысэі склікалі сынэдрыён і сказалі: што нам рабіць? Чалавек гэты чыніць шмат цудаў.

калі пакíнем Яго так, то ўсе ўве́руюць у Яго; і пры́йдуць Ры́мляне і захопяць месца наша і народ.
 
Калі пакінем Яго гэтак, дык усе ўверуюць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца нашае і наш народ.

Адзін жа з іх, нехта Каіа́фа, які быў першасвятаро́м у той год, сказаў ім: вы не ве́даеце нічога
 
Адзін-жа зь іх, нехта Каіяфа, каторы быў у той год высокім архрэем, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце.

і не разуме́еце, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не ўвесь народ загíнуў.
 
И не бераце пад увагу, што ляпей нам, каб адзін чалавек памер за людзей, чымся каб увесь народ загітнуў.

Гэта ж ён не ад сябе сказаў, а, пако́лькі быў першасвятаро́м у той год, прарочыў, што Іісусу нале́жала памерці за народ,
 
І гэта не ад сябе ён сказаў, але, будучы таго году высокім архрэем, прадказаў, — што Ісус памрэ за людзей.

і не толькі за народ, але каб і параскіда́ных дзяце́й Божых сабра́ць у адно.
 
Дый ня толькі за людзей, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у вадно.

З таго дня яны пастанавíлі забіць Яго.
 
З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.

Таму Іісус ужо не хадзіў адкрыта сярод Іудзеяў, а пайшоў адтуль у краіну каля пусты́ні, у горад, называ́ны Ефраíм, і там заста́ўся з вучнямі Сваімі.
 
Затым Ісус ужо не хадзіў між Юдэямі яўна, але пайшоў адтуль у краіну каля пустыні званае Эфраім, і там аставаўся з вучнямі Сваімі.

А набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшлі многія ў Іерусалім з усёй краіны перад Пасхаю, каб ачы́сціцца.
 
Блізка-ж была Пасха юдэйская, і шматлікія з усяе краіны прыйшлі ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысьціцца.

Шукалі тады Іісуса і гаварылі паміж сабою, стоячы ў храме: як вы думаеце, ці не пры́йдзе Ён на свята?
 
І шукалі Ісуса, і гаварылі міжсобку: як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на Сьвята?

А першасвятары́ і фарысеі далí загад: калі хто даве́даецца, дзе Ён, няхай данясе́, каб схапíць Яго.
 
Архірэі-ж і фарысэі далі загад, што, калі хто-небудзь даведаецца дзе Ён, каб зараз-жа выявіў, каб узяць Яго.