Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля гэтага Ісус пайшоў на той бок мора Галілейскага, у навакольлі Тыверыяды;
Просьле гэтага пайшоў Ісус за мора Ґалілейскае Тыверады.
За Ім сьледам пайшло мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён тварыў над хворымі.
І вялікі груд пайшоў за Ім, бо бачылі знакі, што Ён чыніў над хворымі.
Ісус узыйшоў на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
Ісус жа ўзышоў на гару і там сядзеў з вучанікамі Сваімі.
А набліжалася Пасха, сьвята Юдэйскае.
Бліжылася ж Пасха, сьвята юдэйскае.
Ісус, узьвёўшы вочы і ўгледзеўшы, што мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе нам купіць хлябоў, каб іх накарміць?
Тады Ісус, узьняўшы вочы Свае й пабачыўшы, што вялікі груд ідзець да Яго, кажа Піліпу: «Скуль мы купім букаткаў, каб яны маглі есьці?»
А казаў гэта, выпрабоўваючы яго; бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
Казаў жа гэта, прабуючы іх, бо ён ведаў, што маніўся ўчыніць.
Піліп адказваў Яму: ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожнаму дасталося хоць трошкі.
Піліп адказаў Яму: «Букаткаў за дзьвесьце дынароў ня стане ім, каб кажны зь іх крыху дастаў».
Адзін вучань Ягоны Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму:
Кажа Яму адзін із вучанікаў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры:
Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хлябоў ячных і дзьве рыбкі, але што гэта на такое мноства,
«Ё дзяцюк тут, што мае пяць ячных букаткаў і дзьве рыбкі, але што гэта на так шмат?»
Ісус сказаў: скажэце ім узьлегчы. А было на тым месцы многа травы. І вось узьлегла людзей лікам каля пяці тысяч.
Ісус сказаў: «Загадайце, каб людзі ўзьляглі». Было шмат травы на тым месцу. Дык людзі ўзьляглі ў ліку каля пяцёх тысячаў.
Ісус, узяўшы хлябы і ўзьнёсшы падзяку, раздаў вучням, а вучні тым, што ўзьляжалі, гэтак сама і рыбы, колькі хто хацеў.
Ісус, узяўшы букаткі і ўчыніўшы падзяку, раздаў вучанікам, а вучанікі лежачым; і таксама рыбкі, колькі хацелі.
І калі насыціліся, дык сказаў вучням Сваім: зьбярэце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала.
І, як пад’елі, кажа вучанікам Сваім: «Зьбярыце тыя кавалкі, што засталіся, каб нічога не загінула».
І сабралі, і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.
Яны зьберлі й напоўнілі двананцаць поўных кашоў кавалкамі зь пяцёх букаткаў, што засталіся ў тых, каторыя елі.
Тады людзі, якія бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта сапраўды Той Прарок, Які мае прыйсьці ў сьвет.
Тады людзі, бачачы знак, што Ісус учыніў, казалі: «Гэта запраўды прарока, каторы меў прыйсьці на сьвет».
А Ісус, даведаўшыся, што хочуць прыйсьці, неспадзявана ўзяць Яго і зрабіць царом, зноў адыйшоў на гару адзін.
Ісус; жа, ведаючы, што маніліся прыйсьці і няць Яго, каб пастанавіць за караля, ізноў адыйшоў на гару адзін.
Калі ж настаў вечар, дык вучні Ягоныя выйшлі да мора,
Як жа настаў вечар, вучанікі Ягоныя зышлі над мора
і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. Ужо цямнела, а Ісус ня прыходзіў да іх.
І, увыйшоўшы ў струг, плылі на другі бок мора, да Капернауму. І ўжо сьцямнела, і Ісус ня прыходзіў да іх.
Дзьмуў моцны вецер, і мора хвалявалася.
Мора ж хвалявалася, бо веяў вялікі вецер.
Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі, і спалохаліся.
Адплыўшы каля дваццаць пяцёх або трыццаць стадаў, яны абачылі, што Ісус ішоў па мору і бліжыўся да стругу, і спалохаліся.
Але Ён сказаў ім: гэта Я; ня бойцеся.
Але Ён сказаў ім: «Гэта Я, ня бойцеся».
Яны хацелі прыняць Яго ў лодку; і адразу лодка прыстала да берага, куды плылі.
І ўзялі Яго ахвотна да стругу, і зараз струг быў на месцу, куды яны ськіраваліся.
На другі дзень люд, што стаяў па той бок мора, бачыў, што там, апрача адной лодкі, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, другой ня было, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, а адплылі адны вучні Ягоныя;
Назаўтрае груд, што стаяў на другім баку мора, абачылі, што ня было іншага струга, апрача таго, у каторы ўвыйшлі вучанікі Ягоныя, і што Ісус ня ўвыйшоў у струг з вучанікамі Сваімі, але вучанікі Ягоныя адплылі адны.
тым часам прыйшлі з Тыверыяды іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб з дабраславеньня Гасподняга.
Іншыя, адылі, лодкі прыплылі з Тыверады блізка да тога месца, ідзе елі хлеб, як дзякі ўчыніў Спадар.
І вось, калі людзі ўбачылі, што тут няма Ісуса, ні вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капернаум, шукаючы Ісуса,
Затым, як груд абачыў, што там ня было Ісуса ані вучанікаў Ягоных, увыйшлі ў струг і прыбылі да Капернауму, шукаючы Ісуса.
і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равьві! калі Ты сюды прыйшоў?
І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»
Ісус сказаў ім у адказ: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся;
Адказаў ім Ісус і сказаў: «Запраўды, запраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не затым, што бачылі знакі, але затым, што елі з букаткаў і пад’елі.
дбайце не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын Чалавечы; бо на Яго паклаў пячатку Сваю Айцец, Бог.
Працуйце не на ежу, каторая гіне, але на ежу, што застаецца да жыцьця вечнага, каторую Сын Людзкі дасьць вам; бо на Ім паклаў пячаць Ацец, Бог».
І вось, сказалі Яму: што нам рабіць, каб чыніць дзеі Божыя?
Дык сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб спраўляць справы Божыя?»
Ісус сказаў ім у адказ: вось дзея Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ё справа Божая, каб вы верылі ў Таго, каго Ён паслаў».
На гэта сказалі Яму: якую ж Ты даеш азнаку, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты робіш?
Яны ж сказалі Яму: «Што ж за знак чыніш, каб мы бачылі й верылі Табе? што Ты дзееш?
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: «хлеб зь неба даў ім есьці».
Айцове нашы елі манну на пустыні, як напісана: "Даў ім хлеб ізь неба есьці"».
А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, а Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб зь нябёсаў;
Тады Ісус сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: не Масей даў вам хлеб ізь неба, але Ацец Мой даець вам праўдзівы хлеб ізь неба;
бо хлеб Божы ёсьць Той, Які сыходзіць зь нябёсаў і дае жыцьцё сьвету,
Бо хлеб Божы ё тый, што зыходзе зь неба і даець жыцьцё сьвету».
На гэта сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хлеб.
І сказалі Яму: «Спадару, давай нам хлеба гэтага заўсёды».
А Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня спрагнецца ніколі;
Ісус сказаў ім: «Я хлеб жыцьця; хто прыходзе да Мяне, ніяк ня будзе прагці, і хто вера ў Мяне, ніколі ня будзе сьмягці.
але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.
Але Я сказаў вам, што вы й бачылі Мяне, і ня верыце.
Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе; і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч;
Усе, што даець Імне Айцец, да Мяне прыйдзе, і прыходзячага да Мяне ня выжану вон,
бо Я сыйшоў зь нябёсаў не на тое, каб чыніць волю Маю, а волю Айца, Які паслаў Мяне;
Бо Я зышоў зь неба не каб чыніць волю Сваю, але волю таго, хто паслаў Мяне.
а воля Айца Майго, Які паслаў Мяне, ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне даў, анічога не загубіць, а ўсё тое ўваскрэсіць у апошні дзень;
І гэта ё воля таго, хто паслаў Мяне, каб із усяго, што Ён даў Імне, нічога ня згубіць, але ўскрысіць апошняга дня;
воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.
Бо гэта ё воля Айца Майго, каб кажны, што бача Сына і вера ў Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўскрышу яго апошняга дня».
Абурыліся на Яго Юдэі за тое, што Ён сказаў: Я ёсьць хлеб, які сыйшоў зь нябёсаў, —
Юдэі наракалі на Яго за тое, што Ён сказаў: «Я хлеб, што зышоў зь неба».
і казалі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, Чыйго бацьку і маці мы ведаем; як жа Ён кажа: Я сыйшоў зь нябёсаў?
І казалі яны: «Ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, каторага айца й маці мы знаем? Як жа Ён кажа: "Я зышоў зь неба"?»
Ісус сказаў ім у адказ: не абурайцеся між сабою:
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце мяжсобку.
ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не прывядзе яго Айцец, Які паслаў Мяне; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не пацягне яго Айцец Мой, што паслаў Мяне; і Я ўскрышу яго апошняга дня.
У прарокаў напісана: «і будуць усе навучаны Богам; кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне».
У прарокаў напісана: "І ўсі будуць навучаны Богам". Кажны, каторы чуў ад Айца і навучыўся, прыходзе да Мяне.
Гэта ня тое, каб хто бачыў Айца, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Айца.
Не, каб хто бачыў Айца, апрача таго, каторы ё з Богам; Тый бачыў Айца.
Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто вера ў Мяне, мае жыцьцё вечнае.
Я ёсьць хлеб жыцьця:
Я хлеб жыцьця.
бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі;
Айцове вашы елі манну на пустыні і памерлі.
а хлеб, што сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто есьць яго, не памрэ;
Гэта ё хлеб, што зыходзе зь неба; хто будзе есьці яго, не памрэць.
Я — хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.
Я — хлеб жыцьця, што зышоў зь неба; калі хто будзе есьці гэты хлеб, будзе жыць на векі. Хлеб жа, каторы Я дам, ё цела Мае, каторае Я аддам за жыцьцё сьвету».
Тады Юдэі пачалі спрачацца паміж сабою, кажучы: як Ён можа даць нам есьці Плоць Сваю?
Тады Юдэі сьперачаліся мяжсобку, кажучы: «Як можа гэты даць нам цела есьці?»
А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі ня будзеце есьці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, ня мецьмеце ў сабе жыцьця:
Дык Ісус сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: калі не ясьце цела Сына Людзкога і ня п’іце крыві Ягонае, ня маеце жыцьця ў сабе.
Хто есьць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень;
Хто есьць цела Мае і п’ець кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўскрышу яго апошняга дня;
бо Плоць Мая сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво;
Бо цела Мае запраўды ё ежа, і кроў Мая запраўды ё піценьне.
хто есьць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я ў ім;
Хто есьць цела Мае і п’ець кроў Маю, перабывае ў Імне, і Я ў ім.
як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною;
Як жывы Айцец паслаў Мяне, і Я жыву Айцом, таксама хто есьць Мяне, будзе жыць таксама Імною.
гэта той хлеб, што сыйшоў зь нябёсаў; ня так, як бацькі вашыя елі манну і памерлі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
Гэта хлеб, што зышоў зь неба. Не як айцове елі й памерлі: хто есьць гэты хлеб, будзе жыць на векі».
Гэта казаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капернауме.
Гэта сказаў Ён у бажніцы, вучачы ў Капернауме.
Многія вучні Ягоныя, чуючы гэта, казалі: якія дзіўныя словы! Хто можа такое слухаць?
Затым шмат хто з вучанікаў Ягоных, чуючы, казалі: «Цяжкое гэта слова! хто можа слухаць гэта?»
Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на тое, сказаў ім: ці гэта спакушае вас?
Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучанікі Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: «Ці гэта ўражае вас?
Што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
Што ж, калі б вы абачылі Сына Людзкога ўзыходзячага туды, ідзе быў уперад?
Дух творыць жыцьцё, плоць ня творыць нічога; словы, якія кажу Я вам, — гэта дух і жыцьцё;
Гэта дух, што ажыўляе; цела нічога не памагае. Словы, што Я кажу вам, ё дух і жыцьцё.
Але ёсьць сярод вас некаторыя, што ня вераць. Бо Ісус ад пачатку ведаў, хто ёсьць нявернікі, і хто выдасьць Яго.
Але з памеж вас ё некатрыя, што ня вераць». Бо Ісус спачатку ведаў, хто няверучыя, і хто ізрадзе Яго.
І сказаў: на тое якраз і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі гэта ня дадзена будзе ад Айца Майго.
І сказаў: «Затым Я кажу вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе гэта дана яму ад Айца».
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адыйшлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім.
Адгэтуль шмат хто з вучанікаў Ягоных адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім.
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?
Тады Ісус сказаў двананцацём: «Ці вы таксама хочаце адыйсьці?»
Сымон Пётр адказаў Яму: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты маеш словы вечнага жыцьця.
Сымон Пётра адказаў Яму: «Спадару, да каго мы пойдзем? Словы жыцьця вечнага Ты маеш,
і мы паверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
І мы ўверылі й пазналі, што Ты Сьвяты Божы».
Ісус адказваў ім: ці не дванаццаць вас абраў Я? але адзін з вас д’ябал.
Ісус адказаў ім: «Ці не двананцацёх абраў Я вас, адзін із вас, адылі, дзявал».
Гэта казаў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты меўся выдаць Яго, ён быў адзін з дванаццацёх.
Сказаў жа празь Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты маніўся выдаць Яго, будучы адзін із двананцацёх.