Яна 8 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
А Ісус пайшоў на гару Аліўную,
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
а раніцай зноў прыйшоў у храм, і ўвесь люд ішоў да Яго; Ён сеў і вучыў іх.
А рана нараніцы прышоў ізноў да сьвятыні, і ўвесь люд прыходзіў да Яго, і Ён сеў і навучаў іх.
Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, засьпетую на блудзе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
І прыводзяць кніжнікі а фарысэі жонку, застрэтую ў чужалостве, і, пастанавіўшы яе пасярэдзіне,
сказалі Яму: Настаўнік! гэтую жанчыну засьпелі на блудзе;
Кажуць Яму: «Вучыцелю, гэтая жонка застрэта на ўчынку чужалоства;
а Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш?
А ў Праве Масей казаў нам укаменаваць такую. Дык што скажаш Ты?»
Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб знайсьці што-небудзь і зьвінаваціць Яго, але Ісус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх.
Яны ж казалі гэта, спакушаючы Яго, каб магчы жалаваць на Яго. Але Ісус, нахінуўшыся далоў, пісаў палцам Сваім на зямлі.
Калі ж папыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас бяз грэху, першы кінь у яе каменем.
Як жа ўсе пыталіся ў Яго, Ён выпрастаўся й сказаў ім: «Хто з вас бяз грэху, няхай першы кіне камень у яе».
І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі.
І ўзноў, нахінуўшыся далоў, пісаў на зямлі.
А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумленьня, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
Яны ж, пачуўшы, вышлі адзін за адным, пачынаючы із старшых аж да апошняга, і застаўся адзін Ісус і жонка, стоячы пасярэдзіне.
Ісус, схіліўшыся і ня бачачы нічога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе твае скаржнікі? ніхто не асудзіў цябе?
І Ісус, выпрастаўшыся і нікога не абачыўшы, апрача жонкі, сказаў ёй: «Жонка, ідзе вінаваньнікі твае? Ніхто не засудзіў цябе?»
Яна адказвала: ніхто, Госпадзе! Ісус сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы.
Яна ж сказала: «Ніхто, Спадару». І Ісус сказаў ёй: «І Я цябе не засуджую. Ідзі і наперад не грашы».
Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця.
Тады ізноў казаў ім Ісус: «Я сьвятло сьвету; хто йдзець за Імною, ня будзе хадзіць у цямноце, але будзе мець сьвятло жыцьця».
Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, сьведчаньне Тваё ня ёсьць ісьціна.
Тады сказалі Яму фарысэі: «Ты Сам празь Сябе сьветчыш; сьветчаньне Твае непраўдзівае».
Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду.
Ісус адказаў і сказаў ім: «Нават калі Я Сам празь Сябе сьветчу, сьветчаньне Мае праўдзівае, бо Я ведаю, скуль Я прышоў і куды йду; а вы ня ведаеце, скуль Я прышоў і куды йду.
Вы мяркуеце па плоці; Я ня суджу нікога;
Вы судзіце подле цела; Я ня суджу нікога.
а калі і суджу Я, дык суд Мой у ісьціне, бо Я не адзін, а Я з Айцом, Які паслаў Мяне;
Калі ж і Я суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але й Айцец, што паслаў Мяне.
а і ў законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек — праўдзівае.
І ў Праве вашым напісана, што сьветчаньне двух чалавекаў праўдзівае.
Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
Я Сам сьветчу празь Сябе, і Айцец, што паслаў Мяне, еьветча празь Мяне».
Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Ісус адказваў: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго.
Дык яны сказалі Яму: «Ідзе Айцец Твой?» Ісус адказаў: «Вы ня знаеце Мяне ані Айца Майго; калі б вы зналі Мяне, зналі б і Айца Майго».
Гэтыя словы казаў Ісус каля скарбонкі, калі вучыў у храме; і ніхто ня ўзяў Яго, бо ня прыйшла часіна Ягоная.
Гэтыя словы казаў Ён ля скарбонкі, навучаючы ў сьвятыні; і ніхто ня няў Яго, бо яшчэ ня была прышоўшы гадзіна Ягоная.
Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці.
І ўзноў сказаў Ён ім: «Я йду, і будзеце шукаць Мяне, і ў грэху сваім памрыце. Куды Я йду, вы ня можаце прыйсьці».
Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»?
І гукалі Юдэі: «Ці Ён заб’ець Сябе Самога, што кажа: "Куды Я йду, вы ня можаце прыйсьці"?»
Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету;
І сказаў Ён ім: «Вы з далоўя, Я з гары; вы з гэтага сьвету, Я ня ізь сьвету гэтага.
таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых.
Затым Я сказаў вам, што вы памрыце ў грахох сваіх; бо калі ня ўверыце, што Я ё, памрыце ў грахох сваіх».
Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам:
Тады яны сказалі Яму: «Ты хто?» Ісус сказаў ім: «Супоўна тое, што Я кажу вам.
многа маю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету.
Шмат маю казаць і судзіць праз вас, але Тый, што паслаў Мяне, ё праўдзівы, і Я, што чуў ад Яго, тое кажу сьвету».
Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
Яньг не разумелі, што Ён казаў ім праз Айца.
Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
Дык Ісус сказаў ім: «Як уздыймеце Сына Людзкога, тады пазнаеце, што Я ё, і нічога не раблю Сам ад Сябе, але, як Айцец навучыў, тое кажу.
Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна.
І Тый, што паслаў Мяне, ё з Імною; бо Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды чыню, што Ён падабае».
Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
Як Ён гукаў гэта, шмат хто ўверыў у Яго.
Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні.
Тады Ісус сказаў Юдэям, каторыя ўверылі ў Яго: «Калі застаніцеся ў слове Маім, вы запраўды вучанікі Мае;
І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі.
І пазнаеце праўду, і праўда вывальне вас».
Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»?
Яны адказалі Яму: «Мы насеньне Абрагамова і нічыімі нявольнікамі ня былі ніколі; як жа Ты кажаш: "Вы станеце вольныя"?»
Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху;
Ісус адказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: кажны, хто грэша, ё нявольнік грэху.
але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна;
Але нявольнік не застаецца ў доме на векі; Сын застаецца на векі.
дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце;
Дык, калі Сын вывальне вас, будзеце запраўды вольныя.
ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
Ведаю, што вы насеньне Абрагамова; шукаеце, адылі, забіць Мяне, бо слова Мае не зьмяшчаецца ў вас.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага.
Я кажу, што бачыў у Вайца Свайго; а вы робіце, што чулі ад айца свайго».
Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б;
Адказалі яны й сказалі Яму: «Айцец наш Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагамовы, чынілі б учынкі Абрагамовы.
а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
А цяпер шукаеце забіць Мяне, Чалавека, што сказаў вам праўду, каторую Я пачуў ад Бога. Гэтага Абрагам не рабіў.
Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем — Бога.
Вы чыніце ўчынкі айца свайго». Сказалі Яму: «Мы не народжаныя ў бязулстве; аднаго Айца маем, Бога».
Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне:
Ісус сказаў ім: «Калі б Бог быў Айцец вашы, вы мілавалі б Мяне, бо Я ад Бога вышаў і прышоў; бо Я ня Сам ад Сябе прышоў, але ён Мяне паслаў.
Чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо ня можаце чуць слова Майго:
Чаму вы ня цяміце мовы мае? Бо ня можаце чуць слова Майго.
ваш бацька д’ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды.
Вы — ад айца дзявала і хочаце чыніць жады айца свайго. Ён быў убіўца з пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо нямаш праўды ў ім. Як ён гукае ману, гукае із свайго собскага, бо ён манюка і айцец маны.
А як Я ісьціну кажу, дык ня верыце Мне.
А як Я праўду кажу, ня верыце Імне.
Хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі Я кажу ісьціну, чаму вы ня верыце Мне?
Хто з вас абвінуе Мяне што да грэху? Калі Я праўду кажу, чаму ня верыце Імне?
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога.
Хто ад Бога, чуе словы Божыя. Вы затым ня чуеце, што вы не ад Бога».
На гэта Юдэі адказвалі і сказалі Яму: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што дэман у Табе?
Юдэі адказалі і сказалі Яму: «Ці ня добра мы сказалі, што ты — Самаранін і маеш нячысьціка?»
Ісус адказваў: ува мне дэмана няма, а Я шаную Айца Майго, а вы няславіце Мяне;
Ісус адказаў: «Я ня маю нячысьціка, але Я тшчу Айца Свайго, а вы зьневажаеце Мяне.
але ж Я ня шукаю Маёй славы: ёсьць Той, Хто шукае і судзіць;
Я ж ня шукаю славы Свае, — ё хто шукае й судзе.
Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек.
Запраўды, запраўды кажу вам: калі хто будзе дзяржаць слова Мае, сьмерці аніяк не абача на векі».
Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек;
Сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы даведаліся, што Ты маеш нячысьціка. Абрагам памер а прарокі, а Ты кажаш: "Калі хто дзяржыць слова Мае, аніяк не абача сьмерці на векі".
няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш?
Нягож Ты вялікшы за айца нашага Абрагама, каторы памер? і прарокі памерлі. Кім ты Сябе чыніш?»
Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш;
Ісус адказаў: «Калі Я слаўлю Сябе, Мая слава нішто. Ё Айцец Мой, што славе Мяне, праз Каторага вы кажаце, што Ён Бог ваш.
і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму;
І вы ня знаеце Яго, але Я знаю Яго; і калі б Я сказаў, што ня знаю Яго, то быў бы манюка, як вы. Але Я знаю Яго й слова Ягонае дзяржу.
Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся.
Айцец ваш Абрагам цешыўся, што меў бачыць дзень Мой; і бачыў, і весяліўся».
На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама?
Юдэі сказалі Яму: «Табе няма яшчэ пяцьдзясят год, і Ты бачыў Абрагама?»
Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я.
Ісус сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: уперад чымся быў Абрагам, Я ё».
І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.
Тады ўзялі каменьне, каб кінуць у Яго; але Ісус стаіўся і вышаў ізь сьвятыні, прайшоўшы сярод іх; і гэтак адышоў.