2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Павал і Сілуан і Цімафей — Фесаланіцкай Царкве ў Богу Айцы нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
 

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Заўсёды па справядлівасьці мы павінны дзякаваць Богу за вас, браты, бо ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага адно да аднаго паміж усімі вамі.
 

так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасьцю вашай і вераю ва ўсіх ганеньнях і нягодах, якія вы пераносіце
 

у доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога вы і пакутуеце.
 

Бо праведна прад Богам — тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам,
 

а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьце Госпада Ісуса зь неба, з анёламі моцы Ягонай,
 

у полымным вагні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 

якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай,
 

калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню.
 

На тое і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі пакліканьня і ўчыніў усякую добрую ласку даброці і справу веры ў моцы.
 

Няхай праславіцца імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па мілаце Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.