Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.
 

Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных;
 

Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;
 

Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
 

Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея;
 

Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;
 

Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;
 

Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію;
 

Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію;
 

Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію;
 

Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага.
 

Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля;
 

Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора;
 

Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;
 

Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава;
 

Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.
 

І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.
 

Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.
 

А Язэп, муж Яе, будучы праведным, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.
 

Калі ж надумаў ён гэта, — вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
 

і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.
 

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
 

«Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».
 

Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю
 

і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.