Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
Іісус жа за шэсць дзён да Пасхі прыйшоў у Віфа́нію, дзе быў Лазар паме́рлы, якога Ён уваскрасíў з мёртвых.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім.
І прыгатава́лі Яму вячэ́ру там, і Марфа прыслуго́ўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзляжа́лі з Ім.
А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
Марыя ж, узяўшы фунт мíра з на́рду чыстага, шматкашто́ўнага, пама́зала ногі Іісусавы і вы́церла валаса́мі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся духмя́насцю мíра.
Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
Тады кажа адзін з вучняў Яго, Іуда Сíманаў Іскарыёт, які меўся вы́даць Яго:
Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
чаму гэтае мíра не прадалí за трыста дына́рыяў і не разда́лі ўбо́гім?
А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
Сказаў жа ён гэта не таму, што клапацíўся пра ўбогіх, а таму, што быў зло́дзеем і, ма́ючы скарбо́нку, краў тое, што туды кла́лі.
А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
Сказаў тады Іісус: пакінь яе, каб на дзень пахава́ння Майго яна захава́ла гэта,
убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды.
таму што ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.
Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
Даве́далася ж мноства народу з Іудзеяў, што Ён там, і папрыхо́дзілі не толькі дзе́ля Іісуса, але і каб паба́чыць Лазара, якога Ён уваскрасíў з мёртвых.
А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
А першасвятары́ пастанавíлі і Лазара забіць,
бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
бо многія з Іудзеяў дзе́ля яго прыхо́дзілі і ве́равалі ў Іісуса.
На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
На другí дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Іісус ідзе ў Іерусалім,
узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
узялí па́льмавыя галíны і вы́йшлі насу́страч Яму, і ўскліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе, Цар Ізра́ілеў!
А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
Іісус жа, знайшо́ўшы асляня́, сеў на яго, як напíсана:
«ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці».
«не бойся, дачка́ Сіёнава! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на малады́м асле́».
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
Гэтага спача́тку не зразуме́лі вучні Яго, а калі прасла́ўлены быў Іісус, тады яны ўспо́мнілі, што гэта было́ пра Яго напíсана і гэта зрабíлі Яму.
Людзі, якія былі зь Ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
Народ жа, які быў з Ім раней, све́дчыў, што Ён вы́клікаў Лазара з магíлы і ўваскрасíў Яго з мёртвых;
таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.
таму і вы́йшаў насу́страч Яму народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.
А фарысеі гаварылі між сабою: бачыце, што нічога не дапамага́е? вось, увесь свет за Ім пайшоў.
Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;
Былí і некато́рыя э́ліны сярод тых, што прыйшлі, каб пакланíцца ў свята;
яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.
яны падышлí да Філіпа, які быў з Віфсаíды Галіле́йскай, і прасілі яго, ка́жучы: спада́р, мы хочам Іісуса бачыць.
Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.
Прыхо́дзіць Філіп і кажа пра гэта Андрэю; а потым Андрэй і Філіп кажуць Іісусу.
А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
Іісус жа сказаў ім у адказ: надышо́ў час быць прасла́ўленым Сыну Чалавечаму;
Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.
праўду, праўду кажу вам: калі зерне пшанічнае, упа́ўшы ў зямлю́, не памрэ́, то яно застане́цца адно, а калі памрэ́, то бага́ты плён дасць;
Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
хто лю́біць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто ненавíдзіць душу́ сваю ў све́це гэтым, той для жыцця́ ве́чнага захава́е яе;
Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой.
калі хто Мне слу́жыць, няха́й ідзе́ ўслед за Мною; і дзе Я, там і слуга́ Мой будзе; і калі хто Мне слу́жыць, ушану́е яго Айцец Мой;
Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў;
цяпер душа́ Мая ўстрыво́жана; і што́ Мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гадзíны гэтай! але дзе́ля гэтага Я прыйшо́ў, на гадзíну гэтую;
Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.
Ойча, прасла́ў імя́ Тваё! Прыйшо́ў тады голас з неба: і прасла́віў, і яшчэ прасла́ўлю.
А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму.
Народ жа, які стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. Іншыя казалі: Ангел прамаўля́ў да Яго.
Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу;
На гэта Іісус сказаў: не дзе́ля Мяне быў голас гэты, а дзе́ля вас;
сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч.
цяпер суд све́ту гэтаму; цяпер князь свету гэтага вы́гнаны будзе вон;
І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе.
і калі Я буду ўзне́сены ад зямлí, усіх прыцягну́ да Сябе.
Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
Гэта Ён гаварыў, ука́зваючы, якою сме́рцю Ён ма́е паме́рці.
Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы?
Адказаў Яму народ: мы чулі з закону, што Хрыстос застае́цца на ве́кі; дык як жа Ты кажаш, што ўзне́сены павíнен быць Сын Чалавечы? хто Гэты Сын Чалавечы?
Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе;
Сказаў ім тады Іісус: яшчэ на малы́ час святло з вамі; хадзíце, паку́ль святло ма́еце, каб це́мра вас не агарну́ла; а хто ходзіць у це́мры, той не ведае, куды ідзе;
пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх.
пакуль святло ма́еце, ве́руйце ў святло, каб стаць сына́мі святла. Прамовіў гэта Іісус і, адышоўшы, скры́ўся ад іх.
Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,
І хоць гэ́тулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны не ве́равалі ў Яго,
хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?
каб збыло́ся слова Іса́іі прарока, які казаў: Госпадзі! хто паве́рыў пачу́таму ад нас, і рука Гасподняя каму адкры́лася?
Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,
З-за таго не маглі яны ве́раваць, што, як яшчэ сказаў Іса́ія:
«народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
Ён асляпíў вочы іх і скамянíў сэ́рцы іх, каб не бачылі вачы́ма і не разуме́лі сэ́рцам, і не звярну́ліся, каб Я ацалíў іх.
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.
Гэта сказаў Іса́ія, калі бачыў славу Яго і гаварыў пра Яго.
Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;
Аднак жа і з начальнікаў многія ўве́равалі ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнава́ліся, каб іх не адлучы́лі ад сінагогі,
бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
бо яны ўзлюбíлі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
Іісус жа ўсклíкнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне, не ў Мяне ве́руе, а ў Таго, Хто пасла́ў Мяне;
і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто пасла́ў Мяне;
Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
Я — святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне, не заста́ўся ў це́мры;
І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.
і калі хто пачу́е словы Мае́ і не паве́рыць, Я не суджу́ яго, бо Я прыйшоў не судзíць свет, а спасцí свет;
Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
хто адвярга́е Мяне і не прыма́е слоў Маіх, ма́е суддзю́ сабе: слова, якое Я прамаўля́ў, яно будзе судзíць яго ў апошні дзень;
Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць.
бо Я не ад Сябе прамаўля́ў, а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён Мне за́паведзь даў, што́ казаць і што́ прамаўля́ць;
І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што Я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.
і Я ведаю, што за́паведзь Яго ёсць жыццё вечнае; таму тое, што Я кажу, як сказаў Мне Айцец, так і кажу.