Яна 13 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.
 
А перад свя́там Пасхі, ве́даючы, што прыйшоў Яго час перайсцí з гэтага све́ту да Айца, Іісус, узлюбíўшы Сваіх, якія ў све́це, да канца ўзлюбíў іх.

І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
 
І падчас вячэ́ры, калі дыявал ужо ўклаў у сэ́рца Іуды Сíманавага Іскарыёта наме́р вы́даць Яго,

Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
 
Іісус, ве́даючы, што Айцец усё адда́ў у ру́кі Яго, і што Ён ад Бога вы́йшаў і да Бога ідзе́,

устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
 
устае́ ад вячэ́ры і здыма́е во́пратку, і, узя́ўшы ручнíк, падпяра́зваецца;

потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
 
потым наліва́е ваду́ ва ўмыва́льніцу і пачына́е абмыва́ць ногі ву́чням і выціра́ць ручніко́м, якім быў падпяра́заны.

Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
 
Падыхо́дзіць Ён да Сíмана Пятра, і той кажа Яму: Госпадзі! няўжо Ты будзеш мыць мае́ ногі?

Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
 
У адказ Іісус сказаў яму: што́ Я раблю, ты цяпер не ве́даеш, а зразуме́еш по́тым.

Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
 
Кажа Яму Пётр: не будзеш мыць ног маіх даве́ку. Адказаў яму Іісус: калі не абмы́ю цябе, не будзеш мець супо́льнасці са Мною.

Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
 
Кажа Яму Сíман Пётр: Госпадзі! не толькі ногі мае́, але і ру́кі, і галаву.

Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
 
Кажа яму Іісус: абмы́тага няма патрэ́бы мыць, хіба́ толькі ногі, а ўвесь ён чысты, і вы чыстыя, але не ўсе.

Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
 
Ён ведаў, хто вы́дасць Яго, таму і сказаў: не ўсе вы чыстыя.

А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
 
Калі ж абмы́ў ногі ім і ўзяў вопратку Сваю, узлёг Ён зноў і сказаў ім: ці ведаеце, што́ Я зрабіў вам?

Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
 
Вы называ́еце Мяне Вучы́целем і Госпадам, і пра́вільна ка́жаце, бо так і ёсць;

Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
 
дык вось, калі Я, Гасподзь і Вучы́цель, абмы́ў вам ногі, то і вы павíнны адзін аднаму абмыва́ць ногі,

бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
 
бо Я даў вам пры́клад, каб так, як Я зрабіў вам, рабілі і вы;

Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
 
праўду, праўду кажу вам: раб не бо́льшы за гаспадара́ свайго, і паслане́ц не бо́льшы за таго, хто пасла́ў яго;

Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
 
ве́даючы гэта, блажэ́нныя вы, калі робіце гэта;

Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».
 
не пра ўсіх вас кажу, бо Я ведаю, каго вы́браў; але няхай спра́ўдзіцца Пісанне: «той, хто есць са Мною хлеб, падня́ў на Мяне пяту́ сваю»;

Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
 
кажу вам гэта цяпер, раней, чым яно збыло́ся, каб, калі збу́дзецца, вы ўве́равалі, што гэта Я;

Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
 
праўду, праўду кажу вам: хто прыма́е таго, каго Я пашлю, той Мяне прыма́е, а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто пасла́ў Мяне.

Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
 
Сказаўшы гэта, Іісус узру́шыўся духам, і засве́дчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне!

Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
 
Глядзе́лі тады адзін на аднаго вучні, недаўмява́ючы, пра каго Ён гаво́рыць.

А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
 
Адзін жа з вучняў Яго, якога любіў Іісус, узляжа́ў каля Іісуса;

яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
 
тады ківа́е яму Сíман Пётр, каб спыта́ўся, хто той, пра якога Ён гаворыць.

Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?
 
І ён, прыхілíўшыся да грудзе́й Іісуса, кажа Яму: Госпадзі! хто гэта?

Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.
 
Адка́звае Іісус: гэта той, каму Я, абмакну́ўшы, кава́лак хле́ба пада́м. І, абмакну́ўшы хлеб, дае́ Іудзе Сíманаву Іскарыёту.

І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.
 
І тады, пасля гэтага кава́лка, увайшо́ў у яго сатана. І кажа яму Іісус: што́ робіш, рабі хутчэй.

Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.
 
Але ніхто з тых, што ўзляжа́лі, не зразуме́ў, пра што Ён сказаў яму.

А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.
 
Бо некато́рыя думалі, што, пако́лькі ў Іуды была́ скарбо́нка, то Іісус кажа яму: купі, што нам трэба на свята; альбо, каб убо́гім нешта даў.

Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.
 
Ён жа, узя́ўшы той кава́лак хле́ба, адразу вы́йшаў; а была́ ноч. Калі ён выйшаў,

Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;
 
кажа Іісус: цяпер прасла́віўся Сын Чалавечы, і Бог прасла́віўся ў Ім;

калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.
 
калі Бог прасла́віўся ў Ім, то і Бог прасла́віць Яго ў Сабе, і неўзаба́ве прасла́віць Яго;

Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.
 
дзеткі! ужо нядо́ўга Мне быць з вамі; бу́дзеце шукаць Мяне, і як Я сказаў Іудзеям: «куды Я іду, вы не можаце прыйсцí», так і вам кажу цяпер;

Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;
 
за́паведзь новую даю́ вам: каб вы любíлі адзін аднаго́; як Я ўзлюбíў вас, так і вы любíце адзін аднаго́;

Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
 
па тым пазна́юць усе, што вы Мае́ вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою.

Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.
 
Кажа Яму Сíман Пётр: Госпадзі! куды Ты ідзе́ш? Адказаў яму Іісус: куды Я іду, ты не можаш за Мною цяпер ісцí; але потым по́йдзеш за Мною.

Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.
 
Кажа Яму Пётр: Госпадзі! чаму я не магу за Табою ісцí цяпер? я душу́ маю́ за Цябе палажу́.

Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.
 
Адказаў яму Іісус: душу́ тваю за Мяне пало́жыш? праўду, праўду кажу табе: не прапяе́ певень, як ты адрачэ́шся ад Мяне тройчы.