Яна 15 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Я — праўдзівая вінаградная Лаза, а Мой Бацька — Вінаградар.
 
Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза, і Ацец Мой вінаградар.

Кожную галіну на Мне, што не родзіць плода, Ён адцінае, і кожную, што родзіць плод, ачышчае, каб радзіла больш плода.
 
Усякую галіну ўва Мне, якая не дае плоду, Ён абцінае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб болей пладоў давала.

Вы ўжо чыстыя праз слова, якое сказаў Я вам;
 
Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я гаварыў вам.

Застаньцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна не можа радзіць плода сама з сябе, калі не застаецца на лазе, так не можаце і вы, калі ўва Мне не застаняцеся.
 
Будзьце-ж ува Мне, і Я у вас. Гэтак, як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, гэтак і вы, калі ня будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная Лаза, вы — галіны. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плода, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць.
 
Я ёсьць лаза, а вы галіны; хто прабывае ўва Мне і Я ў ім, той прыносіць багата плоду; бо бязь Мяне ня можаце учыніць нічога.

Калі хто не застанецца ўва Мне, — ён будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
 
Хто не прабывае ўва Мне, будзе выкінены вон, як галіна і высахне; і гэтакія галіны зьбраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць.

Калі застаняцеся ўва Мне і Мае словы ў вас застануцца, чаго хочаце, прасіце, і будзе вам.
 
Калі будзеце ўва Мне, і словы Мае ў вас, дык, што хочаце, прасеце, і будзе дадзена вам.

У тым праславіцца Мой Бацька, што вы шмат плода дасце і будзеце Маімі вучнямі.
 
І гэтым высвіцца Айца Майго слава, калі вы прынясеце багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.

Як палюбіў Мяне Бацька, так і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові.
 
Як палюбіў Мяне Ацец, гэтак Я палюбіў вас; астаньцеся-ж у любові Маей.

Калі вы будзеце выконваць Мае запаведзі, вы застаняцеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Бацькі збярог і застаюся ў Яго любові.
 
Калі выканаеце загады Мае, астанецеся ў любові Маей, як і Я выканаў загады Айца Майго і астаюся ў Ягонай любові.

Гэта сказаў Я вам, каб Мая радасць была ў вас і ваша радасць была поўная.
 
Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая была ў вас, і каб радасьць вашая была поўная.

Гэта — Мая запаведзь, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
 
Вось запаведзь Мая: любеце адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

Ніхто не мае большай любові, чым тая, калі хто сваё жыццё41 аддасць за сваіх сяброў.
 
Ніхто ня мае любові большае за тую, як калі хто аддасьць душу сваю за прыяцеляў сваіх.

Вы мае сябры, калі робіце тое, што Я запаведую вам.
 
Вы прыяцелі Мае, калі выконваеце тое, што Я запаведую вам.

Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб не ведае, што робіць яго гаспадар; а вас Я назваў сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Майго Бацькі, Я даў знаць вам.
 
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны: але Я назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я пераказаў вам.

Не вы Мяне выбралі, а Я выбраў вас і паставіў вас, каб вы ішлі і плод давалі, і ваш плод заставаўся, каб, чаго вы Бацьку ні папрасілі ў Маё імя, Ён даў вам.
 
Ня вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца у імя Маё, Ён даў вам.

Гэта і запаведую вам, каб вы любілі адзін аднаго.
 
Гэта запаведую вам: любеце адзін аднаго.

Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён раней за вас зненавідзеў.
 
Калі сьвет вас ненавдзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.

Калі б вы ад свету былі, свет любіў бы сваё; а таму што вы не ад свету, а Я выбраў вас ад свету, таму ненавідзіць вас свет.
 
Калі-б вы былі са сьвету, дык сьвет любіў-бы сваіх, але, як вы не са сьвету, а Я выбраў вас са сьвету, затым сьвет ненавідзіць вас.

Помніце слова, якое Я сказаў вам: «Раб не большы за свайго гаспадара». Калі Мяне гналі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выконвалі, і ваша будуць выконваць.
 
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне прасьледавалі, будуць прасьледаваць і вас; калі Маё слова перасьцерагалі, перасьцерагацімуць і вашае слова.

Але гэта ўсё будуць рабіць вам з-за Майго імя, бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Але усё гэта рабіцімуць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.

Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, яны не мелі б граху; цяпер жа яны не маюць апраўдання за свой грэх.
 
Калі-б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі-б грэху; але цяперака ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.

Той, хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Бацьку.
 
Той, хто ненавдзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго.

Калі б Я не зрабіў між іх спраў, якіх ніхто іншы не зрабіў, яны не мелі б граху; цяпер жа яны і бачылі, і зненавідзелі і Мяне, і Майго Бацьку.
 
Калі-б Я не стварыў між імі ўчынкаў, якіх ніхто іншы не рабіў, дык ня мелі-б яны грэху, але цяперака і бачылі, і зьненавідзілі Мяне і Айца Майго.

Але гэта для таго, каб спраўдзілася слова, напісанае ў іх законе: «Зненавідзелі Мяне без прычыны».
 
Але нязай-жа споўніцца слова, напісанае ў праве іхным: зьненавідзілі Мяне дарэмна.

Калі [ж] прыйдзе Абаронца, Якога я пашлю вам ад Бацькі, Дух праўды, што ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне;
 
Кал-ж прыйдзе Пацяшыцель, Каторага Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Ён будзе сьведчыць пра Мяне.

і вы таксама павінны сведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
 
Гэтаксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.