Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Я — праўдзівая вінаградная Лаза, а Мой Бацька — Вінаградар.
Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.
Кожную галіну на Мне, што не родзіць плода, Ён адцінае, і кожную, што родзіць плод, ачышчае, каб радзіла больш плода.
Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў.
Вы ўжо чыстыя праз слова, якое сказаў Я вам;
Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам.
Застаньцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна не можа радзіць плода сама з сябе, калі не застаецца на лазе, так не можаце і вы, калі ўва Мне не застаняцеся.
Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.
Я — вінаградная Лаза, вы — галіны. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плода, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць.
Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць.
Калі хто не застанецца ўва Мне, — ён будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
Калі застаняцеся ўва Мне і Мае словы ў вас застануцца, чаго хочаце, прасіце, і будзе вам.
Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам.
У тым праславіцца Мой Бацька, што вы шмат плода дасце і будзеце Маімі вучнямі.
Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне Бацька, так і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові.
Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові.
Калі вы будзеце выконваць Мае запаведзі, вы застаняцеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Бацькі збярог і застаюся ў Яго любові.
Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта сказаў Я вам, каб Мая радасць была ў вас і ваша радасць была поўная.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Гэта — Мая запаведзь, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Ніхто не мае большай любові, чым тая, калі хто сваё жыццё41 аддасць за сваіх сяброў.
Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы мае сябры, калі робіце тое, што Я запаведую вам.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб не ведае, што робіць яго гаспадар; а вас Я назваў сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Майго Бацькі, Я даў знаць вам.
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, а Я выбраў вас і паставіў вас, каб вы ішлі і плод давалі, і ваш плод заставаўся, каб, чаго вы Бацьку ні папрасілі ў Маё імя, Ён даў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё.
Гэта і запаведую вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён раней за вас зненавідзеў.
Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў.
Калі б вы ад свету былі, свет любіў бы сваё; а таму што вы не ад свету, а Я выбраў вас ад свету, таму ненавідзіць вас свет.
Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас.
Помніце слова, якое Я сказаў вам: «Раб не большы за свайго гаспадара». Калі Мяне гналі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выконвалі, і ваша будуць выконваць.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць.
Але гэта ўсё будуць рабіць вам з-за Майго імя, бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
Але ўсё гэта будуць рабіць вам з прычыны імя Майго, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне.
Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, яны не мелі б граху; цяпер жа яны не маюць апраўдання за свой грэх.
Калі б Ян не прыйшоў і не гаварыў з імі, не мелі б граху. Цяпер жа не маюць апраўдання за свой грэх.
Той, хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Бацьку.
Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць.
Калі б Я не зрабіў між іх спраў, якіх ніхто іншы не зрабіў, яны не мелі б граху; цяпер жа яны і бачылі, і зненавідзелі і Мяне, і Майго Бацьку.
Калі б Я не ўчыніў тых спраў, якіх не рабіў ніхто іншы, яны не мелі б граху. А цяпер яны бачылі і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.
Але гэта для таго, каб спраўдзілася слова, напісанае ў іх законе: «Зненавідзелі Мяне без прычыны».
Але няхай збудзецца слова, напісанае ў іхнім Законе: “Зненавідзелі мяне без прычыны”.
Калі [ж] прыйдзе Абаронца, Якога я пашлю вам ад Бацькі, Дух праўды, што ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне;
Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне.
і вы таксама павінны сведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.