Яна 4 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі ж даведаўся Ісус, што пачулі фарысеі, нібы Ісус бывае і хрысціць болей вучняў, чым Іаан, —
Калі Езус даведаўся, што фарысеі пачулі, як Ён збірае ўсё больш вучняў і хрысціць больш, чым Ян
хоць не хрысціў Сам Ісус, а Яго вучні,
(хоць сам Езус не хрысціў, а вучні Ягоныя),
то пакінуў Іудзею і адышоў зноў у Галілею.
Ён пакінуў Юдэю і зноў адышоў у Галілею.
І трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
Дык Ён прыходзіць у самарыйскі горад, што завецца Сіхар, побліз зямлі, якую даў Іякаў Іосіфу, свайму сыну;
Ён прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, свайму сыну.
там жа быў калодзеж Іякава. Дык Ісус, здарожыўшыся, сядзеў так ля калодзежа; было каля шасці гадзін11.
Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.
Прыходзіць жанчына з Самарыі зачэрпнуць вады. Ісус кажа ёй: Дай Мне піць.
Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць».
Бо Яго вучні адлучыліся ў горад купіць яды.
Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.
Дык жанчына, самаранка, кажа Яму: Як Ты, будучы іудзеем, просіш піць у мяне, самаранкі? Бо іудзеі не водзяцца з самаранамі.
Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.
У адказ Ісус сказаў ёй: Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: «Дай Мне піць», ты б прасіла ў Яго, і Ён даў бы табе жывую ваду.
Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады».
Жанчына кажа Яму: Гаспадару, у Цябе і вядра няма, а студня глыбокая, — адкуль жа ў Цябе жывая вада?
Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая?
Хіба Ты большы за нашага бацьку Іякава, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і яго сыны, і яго жывёла?
Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?»
У адказ Ісус сказаў ёй: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў захоча піць;
Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу.
хто ж пап’е вады, якой Я дам яму, не запрагне навекі, а вада, якую дам яму, зробіцца ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў вечнае жыццё.
А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае».
Жанчына кажа Яму: Гаспадару, дай мне гэтай вады, каб я смагі не мела і не прыходзіла сюды чэрпаць.
Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць».
Ён кажа ёй: Ідзі, пакліч свайго мужа і прыходзь сюды.
Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды».
У адказ жанчына сказала Яму: Няма ў мяне мужа. — Кажа ёй Ісус: Добра ты сказала: «Няма ў мяне мужа»,
Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа.
бо пяць мужчын мела і цяпер каторага маеш, не муж табе; ты гэта праўдзіва сказала.
Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала».
Жанчына кажа Яму: Гаспадару, бачу, што Ты прарок.
Жанчына кажа Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок.
Нашы бацькі на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Іерусаліме ёсць месца, дзе належыць пакланяцца.
Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца».
Ісус кажа ёй: Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі ні на гэтай гары і ні ў Іерусаліме будзеце пакланяцца Бацьку.
Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу.
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збавенне — ад іудзеяў.
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў.
Але надыходзіць гадзіна, і цяпер яна ёсць, калі праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Бацьку ў духу і ў праўдзе; бо Бацька і шукае Сабе такіх паклоннікаў.
Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец.
Бог ёсць Дух, і тыя, што Яму пакланяюцца, павінны пакланяцца ў духу і ў праўдзе.
Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе».
Жанчына кажа Яму: Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстос; калі Ён прыйдзе, то абвесціць нам усё.
Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё».
Ісус кажа ёй: Гэта Я, што гавару з табою.
Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».
І тут прыйшлі Яго вучні і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; ніхто, аднак, не спытаўся: «Чаго ты хочаш?» ці «Чаму з ёй размаўляеш?»
У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: «Чаго Ты хочаш?» або: «Чаму Ты гаворыш з ёю?»
Тады жанчына пакінула сваю пасудзіну і пайшла ў горад і кажа людзям:
Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям:
Ідзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос Ён?
«Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?»
Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: Равві, еш!
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш».
Ён жа сказаў ім: Я маю ежу, каб паесці, якой вы не ведаеце.
Але Ён сказаў ім: «Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце».
Дык вучні казалі адзін аднаму: Ці не прынёс Яму хто-небудзь паесці?
Тады вучні сказалі адзін аднаму: «Ці нехта прынёс Яму есці?»
Ісус кажа ім: Спажыва Мая — выканаць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і справу Яго завяршыць.
Кажа ім Езус: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу.
Ці не вы кажаце: Яшчэ чатыры месяцы, і надыдзе жніво? Вось, кажу вам: узніміце свае вочы і гляньце на нівы, бо запалавелі яны для жніва.
Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вашыя вочы і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва!
[І] хто жне, той атрымлівае плату і збірае плён у вечнае жыццё, каб разам цешыліся хто сее і хто жне.
Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец.
Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: «Адзін сее, а другі жне».
Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ў іх працу ўвайшлі.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю».
І шмат хто з самаранаў з таго горада ўверавалі ў Яго праз слова жанчыны, што сведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла».
Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла».
Пасля калі самаране прыйшлі да Яго, то прасілі Яго застацца ў іх; і Ён заставаўся там два дні.
Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні.
І яшчэ больш народу ўверавала праз Яго слова.
І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы Ягонаму слову.
А жанчыне яны казалі: Ужо не праз тваё расказванне веруем, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету [Хрыстос].
А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»
А праз два дні Ён выйшаў адтуль [і пайшіў] у Галілею.
Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею.
Бо Ісус Сам засведчыў, што прарок у сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.
Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне.
Калі ж Ён прыйшоў у Галілею, галілеяне прынялі Яго, пабачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свяце, бо і самі яны хадзілі на свята.
Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.
Тады Ён12 зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога ў Капернауме быў хворы сын.
Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме.
Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею, пайшоў да Яго і прасіў, каб Ён прыйшоў і вылечыў яго сына, бо той быў пры смерці.
Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў.
Тады Ісус сказаў яму: Калі знакаў і цудаў не ўбачыце, не ўверуеце.
Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
Прыдворны кажа яму: Госпадзе, прыйдзі, пакуль яшчэ не памерла маё дзіця.
Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё».
Ісус кажа яму: Ідзі, твой сын жыве. — Паверыў чалавек слову, што сказаў яму Ісус, і пайшоў.
Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў.
І калі яшчэ ён быў у дарозе, яго слугі сустрэлі яго і сказалі, што яго хлопчык жыве.
Калі быў яшчэ ў дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве.
Дык ён спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палягчэла. Тады яны сказалі яму: Учора ў сем гадзін адпусціла яго гарачка.
Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго».
Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну, калі сказаў яму Ісус: «Твой сын жыве»; і ўвераваў сам і ўвесь яго дом.
Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.
Гэта ўжо другі знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.
Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.