Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І быў хворы нейкі Лазар з Віфаніі, з паселішча Марыі і яе сястры Марфы.
А Марыям32 — гэта тая, што памазала Госпада мірам і выцерла Яго ногі сваімі валасамі; яе брат Лазар быў хворы.
Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: Госпадзе, вось, той, каго Ты любіш, хварэе.
Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: Гэтая хвароба не на смерць, а дзеля славы Божай, каб праславіўся праз яе Сын Божы.
Ісус жа любіў Марфу, і яе сястру, і Лазара.
Калі ж пачуў, што той хварэе, то заставаўся Ён два дні ў тым месцы, дзе быў.
Потым, пасля гэтага, Ён кажа вучням: Пойдзем зноў у Іудзею.
Вучні кажуць Яму: Равві, толькі што іудзеі шукалі, каб укаменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?
Ісус адказаў: Хіба ў дні не дванаццаць гадзін? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што ён бачыць святло гэтага свету;
а калі хто ходзіць уночы, той спатыкаецца, таму што няма з ім святла.
Ён сказаў гэта і пасля гэтага кажа ім: Лазар, сябар наш, заснуў, але Я іду, каб разбудзіць яго.
Тады вучні сказалі Яму: Госпадзе, калі ён заснуў, то выздаравее.
Ісус жа казаў пра яго смерць, а тыя падумалі, што ён гаворыць пра адпачынак у сне.
Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр.
І я радуюся за вас, што Я не быў там, каб вы ўверавалі; але пойдзем да яго.
Тады Фама, званы Блізня, сказаў іншым вучням: Хадзем і мы, каб памерці з ім.
Тады Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магільні.
Віфанія была ж паблізу Іерусаліма, стадыяў за пятнаццаць.
І многія з іудзеяў прыйшлі да Марфы і Марыям33, каб суцешыць іх у горы па [іх] браце.
Марфа ж, калі пачула, што Ісус ідзе, пайшла насустрач Яму; а Марыям сядзела дома.
Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы мой брат;
але і цяпер я ведаю, што ўсё, чаго Ты ні папрасіш у Бога, Бог дасць Табе.
Ісус кажа ёй: Уваскрэсне твой брат.
Марфа кажа Яму: Ведаю, што ён уваскрэсне пры ўваскрэсенні, у апошні дзень.
Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсенне і жыццё; хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, ажыве,
і кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ навекі. Ці верыш ты ў гэта?
Кажа яна Яму: Так, Госпадзе! Я верую, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які павінен прыйсці ў гэты свет.
І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпотай паклікала Марыям, сваю сястру, сказаўшы: Настаўнік тут і кліча цябе.
І тая, калі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.
А Ісус яшчэ не ўвайшоў у паселішча, і быў усё яшчэ ў тым месцы, дзе Яго сустрэла Марфа.
Тады іудзеі, што былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, як Марыям хутка ўстала і выйшла, пайшлі ўслед за ёю, падумаўшы, што яна ідзе да магільні, каб плакаць там.
І вось Марыям, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала Яму ў ногі і казала Яму: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы ў мяне брат.
Тады Ісус, калі ўбачыў, як плача яна і плачуць іудзеі, што з ёю прыйшлі, узрушыўся духам Сам і расхваляваўся,
і спытаўся: Дзе вы паклалі яго? — Яны кажуць Яму: Госпадзе, ідзі і паглядзі.
Тады іудзеі казалі: Глядзі, як Ён любіў яго!
А некаторыя з іх сказалі: Няўжо не мог зрабіць Ён, што адкрыў вочы сляпому, каб і гэты чалавек не памёр?
Тады Ісус, зноў узрушаны ў Сабе, прыходзіць да магільні; была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
Ісус кажа: Прыміце камень! — Сястра памерлага Марфа кажа Яму: Госпадзе, смярдзіць ужо, бо чацвёрты дзень ён там.
Ісус кажа ёй: Хіба Я не казаў табе, калі ўверуеш, убачыш славу Божую?
Тады прынялі камень ад пячоры, [дзе ляжаў памерлы]. Ісус узвёў жа вочы ўгару і сказаў: Татухна, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля натоўпу, што стаіць вакол, каб яны паверылі, што Ты Мяне паслаў.
І, сказаўшы гэта, усклікнуў моцным голасам: Лазару, выйдзі сюды!
І выйшаў памерлы, абвязаны па нагах і руках пахавальнымі пялёнамі, і твар яго быў абвязаны хусткаю. Ісус кажа ім: Развяжыце яго ды пусціце, няхай ідзе.
Тады многія з іудзеяў, што папрыходзілі да Марыям і бачылі, што Ён зрабіў, уверавалі ў Яго;
а некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
Тады першасвятары і фарысеі сабралі раду і казалі: Што будзем рабіць, бо Гэты Чалавек шмат знакаў творыць?
Калі пакінем Яго так, то ўсе ўверуюць у Яго, і прыйдуць рымляне і захопяць і наша месца34 і народ!
Але адзін жа з іх, Каіяфа, што быў першасвятаром у той год, сказаў ім: Вы нічога не ведаеце,
і не разумееце, што лепей вам35, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў.
Але гэта ён сказаў не ад сябе, а быўшы першасвятаром у той год, прарочыў, што Ісус павінен памерці за народ,
і не толькі за народ, але каб і рассеяных дзяцей Божых Ён сабраў у адно.
Дык з таго дня яны пастанавілі забіць Яго.
Таму Ісус ужо не хадзіў адкрыта між іудзеямі, але пайшоў адтуль у край паблізу пустэльні, у горад, называны Ефраім, і там застаўся з [сваімі] вучнямі.
А была блізка іудзейская Пасха і многія перад Пасхаю прыйшлі з усёй краіны ў Іерусалім, каб ачысціцца.
Людзі шукалі тады Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: Як вам здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята?
А першасвятары і фарысеі далі загад: калі хто ўведае, дзе Ён, няхай данясе, каб схапіць Яго.