2 да Карынфянаў 8 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Наказую вам, браты, праз ласку Божую, даную цэрквам Макядонскім;
Паведамляем вам, браты, пра тую ласку Божую, што была дадзена цэрквам мацэдонскім,
Бо яны сярод вялікага дазнаньня атугамі маюць збытак радасьцяў; і вялікая галіта іхная збыткавала багацьцям шчодрасьці.
як у цяжкім выпрабаванні прыгнётам вялікая радасць іх і надзвычайная беднасць іх выявілася багаццем прастаты.
Бо сьветчу, што подле магчымасьці і звыш магчымасьці ахвотныя былі,
Яны, сведчу, па магчымасці, ды нават звыш магчамасці, былі добраахвотнымі,
Просячы нас ізь вялікім маленьням прыняць дар а ўзаем’е ў службе сьвятым;
вельмі прасілі нас прыняць дар і супольнасць служэння для святых.
І ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны самых сябе перш аддалі Спадару і нам з волі Божае.
І яны звыш нашага спадзявання ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.
Затым мы прасілі Ціта, каб ён, як уперад пачаў, так і скончыў узглядам вас гэтую ласку таксама.
Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб ён, як гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас.
І аднолькава як вы шчодрыя ў вусім: у веры а ў слове а ў ведзі а ў кажнай улеглівасьці а ў міласьці сваёй да нас, каб былі шчодрыя і ў гэтай ласцы.
І як вы ва ўсім былі багатымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтай ласцы былі багатымі.
Не кажу вам як расказаньне, але рупатлівасьцяй іншых прабую шчырасьць і міласьці вашае.
Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых прыроджаную дабрачыннасць вашай любові.
Бо вы знаеце ласку Спадара нашага Ісуса Хрыста, што ён дзеля нас, будучы багаты, зьбяднеў, каб вы забагацелі галітою Ягонай.
Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які, будучы багатым, дзеля вас стаўся бедным, каб Сваёю беднасцю вас узбагаціць.
І даю раду да гэтага, бо яна карысная вам, каторыя ня толькі рабіць, але й хацець пачалі першыя летась.
І я даю параду ў гэтым. Бо гэта карысна для вас, якія не толькі рабіць, але і хацець перш пачалі ў мінулым годзе.
Вось жа, цяпер і ўчынкам завяршыце гэта, каб, як гатовае было хаценьне, так і ўчыненьне з тога, што маеце.
Давядзіце цяпер гэтую справу да канца, каб, чаго ахвотна жадалі, выканалі паводле таго, што маеце.
Бо калі будзе імкненьне, яго прыймаюць узглядам тога, што хто мае, а ня ўзглядам тога, што ня мае.
Бо калі ёсць ахвота, яна выяўляецца па тым, хто што мае, а не па тым, чаго хто не мае.
Не каб іншым была палёгка, а вам ацяжарэньне,
Бо не на тое, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасць.
Але роўнасьць. Цяпер дастатак вашы да нястачы іхнае, каб дастатак іхны мог быць да нястачы вашае, каб была роўнасьць,
Хай цяпер ваша багацце пакрые іх нястачу, каб таксама іх багацце ў свой час дапоўніла вашу нястачу, каб так была роўнасць,
Як напісана: «Хто зьбер шмат, ня меў нястачы; і хто — мала, ня меў нястачы».
як напісана: «Хто сабраў многа, не меў лішняга, а хто мала — не меў нястачы».
Але дзякі Богу, Каторы такую самую шчырую рупатлівасьць да вас даець у сэрца Цітава;
Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасць пра вас,
Бо ён запраўды прыняў маленьне і, будучы поўны рупатлівасьці, самахоць пайшоў да вас.
бо не толькі прыняў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, добраахвотна выбраўся да вас.
Паслалі ж мы зь ім брата, хваленага ў Дабравесьці ў вусіх цэрквах,
Разам з ім паслалі мы брата, што славіцца за абвяшчэнне Евангелля па ўсіх цэрквах,
Ды абранага цэрквамі за спадарожніка нашага з гэтай ласкаю, каторай мы служым на славу Самага Спадара й парываньня вашага,
і не толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа з гэтай ласкай, якою мы служым на славу Госпада і дбаласці вашай,
Сьцерагучыся таго, каб хто ня зганіў нас за дастатак, каторым слугуем;
высцерагаючыся, каб нас хто не дакараў дзеля такога мноства даручанага нашаму служэнню.
Бо мы стараемся праз дабро не адно перад Спадаром, але й перад людзьмі.
Бо мы дбаем аб добрым не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
І зь імі мы паслалі брата свайго, каторы шмат разоў давёў, што рупны, і цяпер рупнейшы з прычыны вялікага даверу да вас.
І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасць якога шмат у чым выпрабавалі і які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікага спадзявання на вас.
Што да Ціта, гэта — мой сябра а супрацавень у вас; што да братоў нашых, гэта — паслове цэркваў, слава Хрыстова.
Што да Ціта, дык ён — мой таварыш і для вас памочнік; а браты нашы — пасланцы цэркваў, слава Хрыста.
Дык перад цэрквамі дайце ім довад міласьці вашае й нашага хваленьня вамі.
Дык пакажыце ім доказ вашай любові і нашай пахвальбы вамі перад абліччам цэркваў.