2 да Карынфянаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
Ці пачнем ізноў адрэкамэндоўваць сябе [вам]? Ці мы патрабуем, як некаторыя, даручальных лістоў да вас ці даручальных [лістоў] ад вас?
Няўжэ пачынаць нам нанава знакоміцца? Або дапамінацца, як некаторыя, паручаючых лістоў да вас, ці ад вас?
Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.
Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які знаюць ды чытаюць усе людзі;
Бо яўна [для ўсіх], што вы — ліст Хрыстовы, напісаны праз служэньне нашае не атрамантам, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
вы — сябе паказваючыя праз паслугу нашую як ліст Хрыстуса, не чарнілам пісаны, але Духам Бога Жывога і не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
А гэтакую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста
Гэткі давер маем да Бога праз Хрыстуса,
не таму, што мы здольныя залічыць нешта сабе, нібыта праз сябе, але здольнасьць нашая ад Бога,
не каб мы з сябе былі здольныя падумаць нешта, здольнасьць бо нашая ад Бога,
Які даў нам здольнасьць быць служыцелямі Новага Запавету, ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
які уздатніў нас да служэння Новаму Запавету: ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
Калі ж служэньне сьмерці, высечанае літарамі на камянях, было ў такой славе, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсея дзеля славы аблічча ягонага, якая зьнікала,
Каліж служэнне сьмерцезначучым літарам, на каменнях было ў такой славе, што аж сыны Ізраэля глядзець не маглі на прамянеючае зьнікомай славай аблічча Майжэша,
дык ці ня шмат больш будзе ў славе служэньне Духа?
дык ці не шмат болей будзе ў славе служэнне духа?
Бо калі служэньне асуджэньня ёсьць слава, шмат больш багатае славаю служэньне праведнасьці.
Калі бо служэнне асуду — слаўнае, дык шмат болей — служэнне апраўданню.
Бо і тое, што мела славу, не было слаўным у сваёй меры з прычыны бязьмернасьці [будучай] славы.
Дый тое, што ясьнела так славаю, ня было на гэтулькі й слаўнае, калі пераважваецца вось вышэйшаю славаю.
Бо калі мае славу тое, што зьнікае, тым больш у славе тое, што застаецца.
Бо калі тое, што нікне ёсьць слаўнае, дык тое, што трывае — слаўнейшае.
Дык, маючы гэткую надзею, дзейнічаем з вялікай адвагаю.
Маючы вось гэткую надзею, мы поўныя сьмеласьці,
І ня так, як Майсей, які ўскладаў заслону на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец таго, што зьнікае.
а не як Майжэш, што засланіў сабе аблічча, каб сыны Ізраэля не пазіралі на ягоны твар нішчэючы.
Але скамянелі думкі іхнія, бо тая заслона да сёньня застаецца нязьнятай пры чытаньні Старога Запавету, таму што яна ў Хрысьце зьнішчаецца.
Але розумы іхнія атупелі, бо аж па сянняшні дзень тая самая заслона астаецца нязьнятаю пры чытанні Старога Запавету, Хрыстус бо яе зьнімае:
Аж да сёньня, калі яны чытаюць Майсея, заслона ляжыць на сэрцы іхнім,
і дагэтуль, як чытаецца Майжэш, заслона ляжыць на сэрцы іхнім;
а калі хто зьвернецца да Госпада, заслона здымаецца.
але, як сэрца іх навернецца да Госпада спадзе ззаслона.
Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпада, там свабода.
Госпад бо ёсьць Духам; а дзе Дух Божы, там вольнасьць.
Мы ж усе, адкрытым абліччам узіраючыся на славу Госпада, перамяняемся ў вобраз Ягоны ад славы ў славу, як ад Духа Госпада.
Мы-ж усе з адкрытым абліччам узіраючыся, бы ў люстра, ў хвалю Госпада, пераабражаемся ў Ягоны абраз із яснасьці ў яснасьць, як ад Госпадавага Духа.