2 да Карынфянаў 13 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
Ужо ў трэці раз я іду да вас. Пры вуснах двух сьведкаў або трох будзе стаяць кожнае слова.
Трэйці ўжо гэта раз іду да вас: У вуснах двух або трох шветкаў грунтуецца кажнае слова. (Паўт. Пр. 19:15).
Я раней казаў і папярэджваю, як прысутны ў вас другі раз, і цяпер, адсутны, пішу да тых, якія раней зграшылі, і ўсіх іншых, што, калі зноў прыйду, ня буду шкадаваць.
Я запавясьціў і яшчэ раз запавяшчаю, як за другое у вас бытнасьці прысутны, а цяпер адсутны, што тых раней зграшыўшых ды ўсіх іншых, як зноў прыйду, не шчадзіціму.
Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне гаворыць Хрыстос, Які не слабы для вас, але моцны ў вас.
Вы бо памыкаецеся высьлядзіць, ці ў ва мне гаворыць Хрыстус: Ён не бяссільны для вас, але магутны ў вас.
Бо хоць Ён і ўкрыжаваны ў нядужасьці, але жывы сілаю Божай; і мы слабыя ў Ім, але будзем жывыя з Ім сілаю Божаю ў вас.
Бо хоць Ён укрыжаваны із-за немачы, то аднак жыве з Божае моцы; дый мы-ж таксама, хоць слабыя ў Ім, але будзем жывыя зь Ім сілаю Божаю ў вас.
Выпрабуйце саміх сябе, ці вы ў веры? Саміх сябе выспрабуйце. Ці вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба што вы ў нечым няздатныя.
Высьледжвайце самых сябе, ці вы ў веры; сябе самых выпрабоўвайце. Ціж ня ведаеце самых сябе, што Езус Хрыстус ёсьць у вас? Хіба мо толькі вы ня тое, чым павінны быць.
А спадзяюся, што вы даведаецеся, што мы не няздатныя.
Але спадзяюся, вы даведаецеся, што мы ня ёсьць нягодныя.
Мы ж молімся да Бога, каб вы не рабілі аніякага ліха, не каб нам выглядаць вартымі, але каб вы рабілі дабро, а мы былі як няздатныя.
Мы просім, Бога, каб вы не рабілі нічога благога, не дзеля паказання, што мы годныя, але каб вы дабро тварылі, хоцьбы мы выдаваліся як-быццамбы і ня тым, чым павінны быць.
Бо мы нічога ня можам супраць праўды, а толькі за праўду.
Мы ня можам нічога проці праўды, а толькі за праўду.
Бо мы радуемся, калі мы слабыя, а вы моцныя; і пра гэта і молімся, пра вашую дасканаласьць.
Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя;аб гэтым-жа й молімся: аб вашай дасканальнасьці.
Дзеля гэтага я і пішу гэтае, адсутны, каб, прысутны, ня дзейнічаў сувора паводле ўлады, якую даў мне Госпад на збудаваньне, а не на руйнаваньне.
Дзеля таго я й пішу гэта, адсутны, каб падчас прысутнасьці не паступаць строга водле ўлады, мне дадзенай Усеспадарам на будаванне, а не разбуранне.
Нарэшце, браты, радуйцеся, рабіцеся дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, жывіце ў супакоі, і Бог любові і супакою будзе з вамі.
Урэшце, браты, весялецеся, дасканальцеся, бадзёрцеся, будзьце аднадумнымі, згодлівымі — і Бог супакою-згоды будзе з вамі.
Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас усе сьвятыя.
Паздароўце адны другіх сьвятым цалункам. Засылаюць прывет вам сьвятые ўсе.
Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Божая, і супольнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амэн.
Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса й любасьць Божая поспаль з Духам Сьвятым хай будзе з усімі вамі. Амэн.