Яна 10 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

«Запраўды, запраўды кажу вам: хто ня ўходзе перазь дзьверы да авечніка, але ўлазе іншай дарогаю, тый злодзей а глабаньнік;
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто не ўваходзіць праз дзьверы ў аўчарню авечак, але ўлазіць кудоюсь, той злодзей і разбойнік;

А хто ўходзе перазь дзьверы, тый пастыр авец.
 
а хто ўваходзіць праз дзьверы, ёсьць пастырам авечак.

Яму брамнік адчыняе, І авечкі голас ягоны чуюць, і ён гукае авечкі свае наймя, і выводзе іх.
 
Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць ягонага голасу, і ён заве свае авечкі паіменна і выводзіць іх.

Як ён усі свае выпусьце, сьпераду іх ідзець, і авечкі за ім ідуць, бо знаюць голас ягоны.
 
І выпушчаючы свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі ідуць за ім, бо знаюць голас ягоны.

А за чужыкам ніяк ня йдуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня знаюць голасу ягонага».
 
За чужым ня ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня знаюць голасу чужых.

Гэта сказаў Ісус атумекамі ім, але яны ня ведалі, што гэта было, што ім мовіў.
 
гэтую прыповесьць сказаў ім Езус. Яны-ж не зразумелі, што ім гаварыў.

Дык Ісус ізноў сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: Я —дзьверы авечыя.
 
Дык ізноў сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што я ёсьць дзьверы авечак.

Усі, колькі іх перад Імною прышло, злодзеі а глабаньнікі; але авечкі ня слухалі іх.
 
Усе, сколькі іх прыходзіла, ёсьць зладзеі і разбойнікі; і ня слухалі іх авечкі.

Я дзьверы: калі хто ўвыйдзе перазь Мяне, спасёны будзе, і ўвыйдзе, і выйдзе, і пасьцьбішча знойдзе.
 
Я ёсьць дзьверы. Калі хто праз мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе і выйдзе і знойдзе пашу.

Злодзей прыходзе адно на тое, каб украсьці а забіць а загубіць. Я прышоў, каб жыцьцё мелі і ў збытку мелі.
 
Злодзей прыходзіць адно толькі, каб красьці, і забіваць, і губіць. Я прыйшоў, каб мелі жыцьцё і дастатней мелі.

Я — Пастыр добры. Пастыр добры жыцьцё свае аддаець за авечкі.
 
Я ёсьць добры пастыр. Добры пастыр жыцьцё дае за авечкі свае.

А найміт, не пастыр, каму авечкі не свае, бача прыходзячага ваўка, і пакідае авечкі, і ўцякае; і воўк хапае іх, і разганяе авечкі;
 
А найміт і той, што ня ёсьць пастырам, каторага авечкі не свае, бачыць надыходзячага ваўка, і кідае авечкі і ўцякае, а воўк хватае і разганяе авечкі.

А найміт уцякае, бо ён найміт, і ня рупіцца праз авечкі.
 
Найміт-жа ўцякае, бо ён найміт і ён ня рупіцца аб авечках.

Я — Пастыр добры і знаю сваіх, і знаюць Мяне Мае.
 
Я ёсьць пастыр добры, і знаю мае, і мае мяне знаюць;

Як Айцец знае Мяне, і Я знаю Айца, і жыцьцё Свае аддаю за авечкі.
 
як знае мяне Айцец, і я знаю Айца. І я жыцьцё маё кладу за авечкі мае.

Ё ў Мяне й іншыя авечкі, што ня з гэтага авечніка, тых таксама належа Імне прывесьці: і голас Мой яны пачуюць, і будзе адна чарада і адзін пастыр.
 
І іншыя авечкі маю, якія ня ёсьць з гэтай аўчарні; і тыя трэба мне прывесьці, і будуць слухаць голасу майго, і станецца адна аўчарня і адзін пастыр.

Затым Мяне мілуе Айцец, што Я аддаю жыцьцё Свае, каб узяць яго ізноў.
 
Дзеля таго любіць мяне Айцец, што я кладу жыцьцё маё, каб ізноў яго ўзяць.

Ніхто не бярэць яго ад Мяне, але Я Сам аддаю яго. Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ўзяць яго ізноў. Я адзяржаў гэта расказаньне ад Айца Свайго».
 
Ніхто яго не адыймае ад мяне, але я сам ад сябе кладу яго. І маю ўладу палажыць яго, і маю ўладу ізноў ўзяць яго; гэты загад атрымаў я ад Айца майго.

Ізноў быў падзел у Юдэяў з прычыны гэтых слоў.
 
Паўстаў ізноў спор паміж жыдамі дзеля гэтых моваў.

Шмат хто зь іх казаў: «Ён мае нячысьціка й шалее; чаму вы слухаеце Яго?»
 
Многія-ж з іх казалі: Ён д’ябэльства мае і шалее, што вы слухаеце яго?

Іншыя казалі: «Гэтыя словы ня ёсьць апанаванага нячысьцікам; ці можа нячысьцік адчыняць нявісным вочы?»
 
Другія казалі: Гэтыя словы ня ёсьць таго, хто мае д’ябэльства; ці-ж д’ябал можа адчыняць вочы сьляпых?

Было сьвята пасьвячэньня ў Ерузаліме, і была зіма.
 
І надыйшло пасьвячэньне сьвятыні ў Ерузаліме, і была зіма.

І хадзіў Ісус у сьвятыні на ґанку Салямонавым.
 
І хадзіў Езус у сьвятыні, у прысенку Саламона.

Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: «Пакуль будзеш дзяржаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам яўна».
 
Дык абступілі яго жыды і казалі яму: Дакуль-жа будзеш мучыць душу нашу? Калі ты Хрыстус, скажы нам адкрыта.

Ісус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы ня верыце; справы, што Я чыню ў імя Айца Свайго, яны сьветчаць празь Мяне;
 
Адказаў ім Езус: Я гавару вам, а вы ня верыце. Чыны, якія я чыню ў імя Айца майго, яны даюць пасьведчаньне аба мне;

Але вы ня верыце, бо вы не з авец Маіх.
 
але вы ня верыце, бо вы не з маіх авечак.

Авечкі Мае голас Мой чуюць, і Я знаю іх, і яны йдуць за Імною.
 
Маі авечкі слухаюць голасу майго, і я знаю іх, і яны ідуць за мною.

І Я даю ім жыцьцё вечнае, і ніколі яны не загінуць, і ніхто ня ўхопе іх із рукі Мае.
 
І я даю ім жыцьцё вечнае, і ня згінуць навекі, і ніхто іх ня вырве з рукі маей.

Айцец Мой, што даў іх Імне, вялікшы за ўсіх, і ніхто ня можа ўхапіць іх із рукі Айца Майго.
 
Тое, што даў мне Айцец мой, ёсьць большае за ўсё, і ніхто ня можа вырваць з рукі Айца майго.

Я й Айцец — адно».
 
Я і Айцец адно ёсьць.

Тады ізноў схапілі каменьне Юдэі, каб укаменаваць Яго.
 
Дык жыды хвацілі каменьні, каб закаменаваць яго.

Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых справаў паказаў Я вам ад Айца Свайго; за каторыя з гэтых справаў камянуеце Мяне?»
 
Адказаў ім Езус: Многа добрых чынаў паказаў я вам з Айца майго, дзеля якога з гэтых чынаў вы мяне камянуеце?

Адказалі Яму Юдэі, кажучы: «За добрую справу не камянуем Цябе, але за блявузґаньне а за тое, што, будучы чалавекам, чыніш Сябе Богам».
 
Адказалі яму жыды: Ці-ж у вашым законе не напісана: «што я сказаў: вы ёсьць багі»? (Пс. 81:60).

Адказаў ім Ісус: «Ці не напісана ў Праве вашым: "Я сказаў: вы багове"?
 
Адказаў ім Езус: Ці-ж у вашым законе не напісана: «што я сказаў: вы ёсць багі»?

Калі назваў тых багамі, да каторых слова Божае прышло, — а Пісьмо ня можа быць узрушана, —
 
Калі тых назваў багамі, да каторых была скіравана мова Божая — а Пісаньне ня можа быць нарушана

Вы таму, Каторага Айцец усьвяціў і паслаў на сьвет, кажаце: "Ты блявузґаеш", што сказаў Я: "Я Сын Божы"?
 
то каторага Айцец пасьвяціў і паслаў на сьвет, вы кажаце: «Што ты блюзьніш», затым што я сказаў: Я ёсьць Сын Божы?

Калі Я ня чыню справаў Айца Свайго, ня верце Імне.
 
Калі я ня чыніў чынаў Айца майго, ня верце мне;

Але калі Я чыню, то нават, калі ня верыце Імне, паверце справам, каб ведалі й паверылі, што Айцец ёсьць у Імне, а Я ў Ім».
 
а калі чыніў, то калі-б мне вы не хацелі верыць, верце чынам, каб вы пазналі і верылі, што Айцец у мне ёсьць, а я ў Айцу.

Тады ізноў шукалі няць Яго, але Ён адхінуўся ад рукі іхнае.
 
Дык стараліся ўзяць яго, і выйшаў з рук іх.

І пайшоў ізноў за Ёрдан на месца, ідзе Яан спачатку хрысьціў, і застаўся там.
 
І адыйшоў ізноў за Ярдан на тое месца, дзе перш Ян хрысьціў, і там астаўся.

І шмат прышло да Яго, і гукалі, што Яан ня ўчыніў ніякага знаку, але ўсе, што Яан сказаў празь Яго, было праўдзівае.
 
І многія прыходзілі да яго, і казалі: Што Ян-то ня ўчыніў ніводнага знаку,

І шмат хто ўверыў у Яго там.
 
але ўсё, што Ян сказаў аб ім, была праўда. І многія ўверылі ў яго.