Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Пазаўтра спраўлялі вясельле ў Кане Ґалілейскай, і маці Ісусава была тамака.
А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.
І таксама Ісус і вучанікі Ягоныя былі пазваныя на вясельле.
Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя.
І, як не ставала віна, маці Ісусава кажа Яму: «Віна ня маюць».
Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна».
Ісус кажа ёй: «ІПто Імне й табе, жонка? яшчэ ня прышла гадзіна Мая».
Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая».
Маці Ягоная кажа слугам: «Што Ён скажа вам, рабіце».
Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
І стаяла там, подле звычаю ачышчэньня юдэйскага, шэсьць каменных судзінаў да вады, што зьмяшчалі дзьве альбо тры меры кажная.
Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.
Кажа ім Ісус: «Напоўніце судзіны вадою». І напоўнілі іх ушчырк.
Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху.
І кажа ім: «Цяпер засіліце й нясіце да загадніка чэсьці». І панесьлі.
І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі.
Як жа загаднік чэсьці паспытаўся вады, аберненае ў віно, — а ён ня ведаў, скуль яна была, але паслугачыя, што сілялі ваду, ведалі, — тады загаднік гукае маладога
Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха
Й кажа яму: «Кажная людзіна найперш даець добрае віна, а як нап’юцца, тады горшае; ты дзяржаў добрае віно дагэтуль».
і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль».
Гэты пачатак знакоў учыніў Ісус у Кане Ґалілейскай і зьявіў славу Сваю; і вучанікі Ягоныя ўверылі ў Яго.
Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Просьле гэтага зышоў Ён да Капернауму, Ён а маці Ягоная а браты Ягоныя а вучанікі Ягоныя; і прабылі там троху дзён.
Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
І блізка была Пасха юдэйская, і Ісус узышоў да Ерузаліму;
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем.
І засьпеў у сьвятыні прадаўнікоў валоў а авец а галубоў, і пенезяменаў седзячых.
У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там.
І, зрабіўшы пугу з аборак, усіх выгнаў ізь сьвятыні, і авечкі і валы; а грошы пенезяменам рассыпаў і сталы абярнуў.
Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў.
А прадаўніком галубоў сказаў: «Вазьміце гэта адгэтуль, не рабіце дому Айца Майго таварняю».
А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
Вучанікі Ягоныя прыпомнелі, што напісана: «Рупатлівасьць праз дом Твой зьядае Мяне».
І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне».
Затым Юдэі, адказуючы, сказалі Яму: «Які знак пакажаш Ты нам, чаму гэта робіш?»
На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?»
Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Разбурыце гэты Дом Божы, і за тры дні Я нанава пастанаўлю яго».
Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе».
Затым Юдэі сказалі: «Сорак шэсьць год гэты Дом Божы станавілі, а Ты нанава пастановіш Яго за тры дні?»
Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?»
Але Ён казаў праз Дом Божы цела Свайго.
Ён жа казаў пра святыню свайго цела.
Затым, як Ён ускрэс ізь мертвых, вучанікі Ягоныя ўспомнелі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісьму а слову, што Ісус сказаў.
І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
І як Ён быў у Ерузаліме на сьвяце Пасхі, шмат хто ўверыў у імя Ягонае, бачачы знакі, каторыя Ён чыніў.
А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
Але Сам Ісус не давяраўся ім, бо знаў усіх,
Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх
І затым не патрабаваў, каб хто сьветчыў праз чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.