Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў.
 
Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне.

І жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яму пурпуровую шату,
 
А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч.

і казалі: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!», і білі Яго па шчаках.
 
Падыходзілі да Яго і казалі: «Вітай, кароль юдэйскі!» І білі Яго па твары.

Тады Пілат ізноў выйшаў навонкі і кажа ім: «Вось, я выводжу Яго навонкі да вас, каб вы даведаліся, што я не знаходжу ў Ім аніякае віны».
 
А Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны».

Тады выйшаў навонкі Ісус у цярновым вянку і пурпуровай шаце. І кажа ім [Пілат]: «Вось Чалавек!»
 
Езус выйшаў у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: «Вось чалавек!»

Калі ж убачылі Яго першасьвятары і паслугачы, дык закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайшоў ў Ім віны».
 
Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!» Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны».

Адказалі яму Юдэі: «Мы маем Закон; і паводле Закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым».
 
Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым».

Калі Пілат пачуў гэта слова, яшчэ больш спалохаўся.
 
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш.

І ўвайшоў ён ізноў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Ісус жа ня даў яму адказу.
 
Ён зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: «Адкуль Ты?» Але Езус не адказаў яму.

Тады кажа Яму Пілат: «Ты не гаворыш са мною? Ці Ты ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе і маю ўладу адпусьціць Цябе?»
 
Тады Пілат сказаў Яму: «Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»

Адказаў Ісус: «Ты ня меў бы аніякае ўлады нада Мною, калі б табе не было дадзена звыш; дзеля гэтага большы грэх мае той, хто выдаў Мяне табе».
 
Езус адказаў: «Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе».

З таго моманту Пілат шукаў, каб адпусьціць Яго. А Юдэі закрычалі, кажучы: «Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару; усякі, хто робіць сябе валадаром, працівіцца цэзару».
 
Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: «Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара! Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара».

Пілат, пачуўшы гэта слова, вывеў Ісуса на вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое звалася Літастратан, а па-гебрайску — Габбата.
 
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе на месцы, якое называлі Літастрот, а па-габрэйску Габата.

А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна каля шостай. І кажа ён Юдэям: «Вось, Валадар ваш!»
 
Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў ён юдэям: «Вось кароль ваш!»

Яны ж закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Валадара вашага ўкрыжую?» Адказалі першасьвятары: «Мы ня маем валадара, акрамя цэзара».
 
А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Пілат кажа ім: «Я павінен укрыжаваць вашага караля?» Першасвятары адказалі: «Не маем караля, апроч цэзара».

Тады ён выдаў ім Яго, каб быў укрыжаваны. Яны ўзялі Ісуса і павялі.
 
Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса.

І, несучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Чараповае, якое па-гебрайску завецца Галгофа.
 
Несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота.

Там укрыжавалі Яго, і з Ім двух другіх паабапал Яго, а ў сярэдзіне — Ісуса.
 
Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса.

А Пілат напісаў надпіс і паставіў на крыжы. Было ж напісана: «Ісус з Назарэту, Валадар Юдэйскі».
 
Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: «Езус Назаранін, кароль юдэйскі».

Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад гораду, і напісана было па-гебрайску, па-грэцку і па-рымску.
 
Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-габрэйску, па-лацінску і па-грэцку.

Тады казалі Пілату першасьвятары юдэйскія: «Не пішы: “Валадар Юдэйскі”, але, што Ён Сам сказаў: “Я — валадар юдэйскі”».
 
Першасвятары юдэяў казалі Пілату: «Не пішы: “Кароль юдэйскі”, але што Ён сказаў: “Я — кароль юдэйскі”».

Адказаў Пілат: «Што я напісаў, тое напісаў».
 
Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў!»

А жаўнеры, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, і вопратку. А вопратка была ня шытая, але ўся вытканая ад верху.
 
Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая.

Тады сказалі яны адзін аднаму: «Ня будзем разьдзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй яна будзе», каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Падзялілі адзеньне Маё між сабою і пра шату Маю кідалі жэрабя». Так і ўчынілі жаўнеры.
 
Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца». Так збылося сказанае ў Пісанні: «Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзежыне маёй кінулі лёсы». Жаўнеры так і зрабілі.

А каля крыжа Ісуса стаялі маці Ягоная і сястра маці Ягонай Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
 
Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена.

Ісус жа, убачыўшы маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, кажа маці Сваёй: «Жанчына! Вось сын твой!»
 
Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой».

Потым кажа вучню: «Вось маці твая!» І з таго часу вучань узяў яе да сябе.
 
Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо зьдзейсьнілася, каб споўнілася Пісаньне, кажа: «Смагну!»
 
Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну».

Там стаяла пасудзіна, поўная воцату. [Жаўнеры], напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы на ізоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
 
Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў.

Калі ж Ісус узяў воцат, сказаў: «Зьдзейсьнілася!», і, схіліўшы галаву, аддаў дух.
 
Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа.

А Юдэі, каб не засталіся целы на крыжы ў суботу, таму што быў дзень прыгатаваньня, а тая субота была днём вялікім, прасілі Пілата, каб перабіць ў іх галёнкі і зьняць.
 
Юдэі, паколькі быў дзень прыгатавання Пасхі, каб не заставаліся целы на крыжы ў шабат, бо гэты дзень шабату быў вялікі, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы.

Тады прыйшлі жаўнеры, і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, які быў укрыжаваны з Ім.
 
Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім.

Прыйшоўшы да Ісуса, калі ўбачылі, што Ён ужо памёршы, дык не перабілі ў Яго галёнак,
 
Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені,

але адзін з жаўнераў дзідаю прабіў бок Ягоны, і адразу выцякла кроў і вада.
 
толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада.

І той, хто бачыў, засьведчыў, і сьведчаньне ягонае праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.
 
А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі.

Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: «Костка Ягоная ня будзе пераломленая».
 
Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: «Косць Ягоная не будзе зламаная».

І зноў іншае Пісаньне кажа: «Угледзяць, каго прабілі».
 
І ў іншым месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі».

Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але патаемным дзеля страху перад Юдэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Тады ён прыйшоў і ўзяў цела Ісуса.
 
Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела.

Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста.
 
Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў.

Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у Юдэяў.
 
Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі.

На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў тым садзе — новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.
 
На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі.

Там дзеля дня прыгатаваньня юдэйскага, бо магіла была блізка, палажылі Ісуса.
 
Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.