Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў.
 
Дык тады Пілат узяў Езуса і ўбічаваў.

І жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яму пурпуровую шату,
 
А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву і апранулі яго ў чырвонае адзеньне.

і казалі: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!», і білі Яго па шчаках.
 
І падыходзілі да яго і казалі: Будзь прывітаны, кароль жыдоўскі! І давалі яму па шчоках.

Тады Пілат ізноў выйшаў навонкі і кажа ім: «Вось, я выводжу Яго навонкі да вас, каб вы даведаліся, што я не знаходжу ў Ім аніякае віны».
 
Дык Пілат ізноў выйшаў вонкі і сказаў ім: Вось я выводжу яго вам вонкі, каб вы пазналі, што я не знаходжу ў ім ніякае віны.

Тады выйшаў навонкі Ісус у цярновым вянку і пурпуровай шаце. І кажа ім [Пілат]: «Вось Чалавек!»
 
І выйшаў Езус, несучы цярновы вянок і чырвоную вопратку. І сказаў ім: Во чалавек!

Калі ж убачылі Яго першасьвятары і паслугачы, дык закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайшоў ў Ім віны».
 
Дык калі ўбачылі яго архісьвятары і слугі, крычалі, кажучы: Укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Вазьмеце вы яго і ўкрыжуйце, бо я ў ім не знаходжу віны.

Адказалі яму Юдэі: «Мы маем Закон; і паводле Закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым».
 
Адказалі яму жыды: Мы маем закон, а паводле закону ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым.

Калі Пілат пачуў гэта слова, яшчэ больш спалохаўся.
 
Калі-ж Пілат пачуў гэтую мову, яшчэ болей збаяўся.

І ўвайшоў ён ізноў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Ісус жа ня даў яму адказу.
 
І ўвайшоў ізноў у прэторыю і сказаў да Езуса: Адкуль ты? Але Езус ня даў яму адказу.

Тады кажа Яму Пілат: «Ты не гаворыш са мною? Ці Ты ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе і маю ўладу адпусьціць Цябе?»
 
Дык сказаў яму Пілат: Са мною не гаворыш? Ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць цябе і маю ўладу пусьціць цябе?

Адказаў Ісус: «Ты ня меў бы аніякае ўлады нада Мною, калі б табе не было дадзена звыш; дзеля гэтага большы грэх мае той, хто выдаў Мяне табе».
 
Адказаў Езус: Ня меў-бы ты нада мною ніякае ўлады, калі-б табе ня было дадзена згары. Дзеля гэтага той, хто мяне выдаў табе, мае большы грэх.

З таго моманту Пілат шукаў, каб адпусьціць Яго. А Юдэі закрычалі, кажучы: «Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару; усякі, хто робіць сябе валадаром, працівіцца цэзару».
 
І ад таго часу стараўся Пілат пусьціць яго. Але жыды крычалі, кажучы: Калі гэтага пусьціш, ты ня друг цэзару, бо кожны, хто сябе робіць каралём, супраціўляецца цэзару.

Пілат, пачуўшы гэта слова, вывеў Ісуса на вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое звалася Літастратан, а па-гебрайску — Габбата.
 
А Пілат, пачуўшы гэтыя мовы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое завецца Літостротос, а па-жыдоўску Габбата.

А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна каля шостай. І кажа ён Юдэям: «Вось, Валадар ваш!»
 
Быў-жа дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна як-бы шостая. І сказаў жыдом: Вось ваш кароль!

Яны ж закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Валадара вашага ўкрыжую?» Адказалі першасьвятары: «Мы ня маем валадара, акрамя цэзара».
 
Але яны крычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Караля вашага ўкрыжую? Адказалі архісьвятары: Мы ня маем караля, апроч цэзара.

Тады ён выдаў ім Яго, каб быў укрыжаваны. Яны ўзялі Ісуса і павялі.
 
Дык тады выдаў ім яго, каб быў укрыжаваны. І ўзялі Езуса і вывелі.

І, несучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Чараповае, якое па-гебрайску завецца Галгофа.
 
А нясучы крыж для сябе, выйшаў на тое месца, якое завецца Трупнога Чэрапу, а па-жыдоўску Голгота,

Там укрыжавалі Яго, і з Ім двух другіх паабапал Яго, а ў сярэдзіне — Ісуса.
 
дзе яго ўкрыжавалі; а з ім другіх двух з аднаго боку і з другога, а Езус пасярэдзіне.

А Пілат напісаў надпіс і паставіў на крыжы. Было ж напісана: «Ісус з Назарэту, Валадар Юдэйскі».
 
Напісаў-жа Пілат і надпіс і памясьціў на крыжы. А было напісана: Езус Назарэнскі, кароль жыдоўскі.

Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад гораду, і напісана было па-гебрайску, па-грэцку і па-рымску.
 
Дык гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Езус, было блізка гораду. Было-ж напісана па-жыдоўску, па-грэцку і па-лацінску.

Тады казалі Пілату першасьвятары юдэйскія: «Не пішы: “Валадар Юдэйскі”, але, што Ён Сам сказаў: “Я — валадар юдэйскі”».
 
Дык жыдоўскія архісьвятары казалі Пілату: Ня пішы: «Кароль жыдоўскі», але што ён казаў: «Я ёсьць кароль жыдоўскі».

Адказаў Пілат: «Што я напісаў, тое напісаў».
 
Адказаў Пілат: што я напісаў, то напісаў.

А жаўнеры, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, і вопратку. А вопратка была ня шытая, але ўся вытканая ад верху.
 
А жаўнеры, укрыжаваўшы яго, узялі ягонае адзеньне і зрабілі чатыры часьці, і сукню. А сукня была нязшываная, ад верху ўся тканая.

Тады сказалі яны адзін аднаму: «Ня будзем разьдзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй яна будзе», каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Падзялілі адзеньне Маё між сабою і пра шату Маю кідалі жэрабя». Так і ўчынілі жаўнеры.
 
Дык сказалі адзін да другога: Ня рэжма яе, але кіньма аб яе лёс, чыя будзе. Каб споўнілася пісаньне, якое кажа: «Падзялілі між сабою адзеньне маё, а аб сукню маю кінулі лёс» (Пс. 22:19). Дык жаўнеры гэтае і зрабілі.

А каля крыжа Ісуса стаялі маці Ягоная і сястра маці Ягонай Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
 
Стаялі-ж каля крыжа Езусава матка ягона, і сястра маткі ягонай, Марыя Клеофава, і Марыя Магдалена.

Ісус жа, убачыўшы маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, кажа маці Сваёй: «Жанчына! Вось сын твой!»
 
Дык калі-ж убачыў Езус матку і вучня стаячага, каторага любіў, сказаў сваей матцы: Жанчына, вось сын твой.

Потым кажа вучню: «Вось маці твая!» І з таго часу вучань узяў яе да сябе.
 
Потым сказаў вучню: Вось матка твая. І ад тае часіны ўзяў яе вучань да сябе.

Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо зьдзейсьнілася, каб споўнілася Пісаньне, кажа: «Смагну!»
 
Пасьля Езус, ведаючы, што ўсё даканалася, каб даканалася Пісаньне, сказаў: Смагну.

Там стаяла пасудзіна, поўная воцату. [Жаўнеры], напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы на ізоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
 
Была-ж пастанаўленая пасудзіна, поўная воцту. І яны губку, поўную воцту, узьдзеўшы на трысьціну, падалі да ягоных вуснаў.

Калі ж Ісус узяў воцат, сказаў: «Зьдзейсьнілася!», і, схіліўшы галаву, аддаў дух.
 
Дык калі Езус прыняў воцат, сказаў: Даканалася. І схіліўшы галаву, выдаў дух.

А Юдэі, каб не засталіся целы на крыжы ў суботу, таму што быў дзень прыгатаваньня, а тая субота была днём вялікім, прасілі Пілата, каб перабіць ў іх галёнкі і зьняць.
 
Дык жыды, затым што быў дзень Прыгатаваньня, каб не асталіся целы на крыжы ў суботу, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб паламаць ім галені і зьняць.

Тады прыйшлі жаўнеры, і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, які быў укрыжаваны з Ім.
 
Дык прыйшлі жаўнеры, і першаму паламалі галені, і другому, што быў з ім укрыжаваны.

Прыйшоўшы да Ісуса, калі ўбачылі, што Ён ужо памёршы, дык не перабілі ў Яго галёнак,
 
Але прыйшоўшы да Езуса, як убачылі яго ўжо памёршага, не ламалі яму галеняў,

але адзін з жаўнераў дзідаю прабіў бок Ягоны, і адразу выцякла кроў і вада.
 
але адзін з жаўнераў адчыніў ягоны бок пікаю, і зараз-жа выйшла кроў і вада.

І той, хто бачыў, засьведчыў, і сьведчаньне ягонае праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.
 
А той, хто відзеў, даў пасьведчаньне, і праўдзівае ёсьць ягонае пасьведчаньне; і ён ведае, што праўду кажа, каб і вы верылі.

Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: «Костка Ягоная ня будзе пераломленая».
 
Бо гэтае сталася, каб споўнілася Пісаньне: «Касьці яго не паломіце» (Вых. 12:46).

І зноў іншае Пісаньне кажа: «Угледзяць, каго прабілі».
 
І ізноў другое Пісаньне кажа: «Убачаць, каго прабілі» (Зах. 12:10).

Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але патаемным дзеля страху перад Юдэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Тады ён прыйшоў і ўзяў цела Ісуса.
 
Пасьля-ж гэтага прасіў Пілата Язэп з Арыматэі — таму што ён быў вучнем Езуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі — каб зьняць цела Езуса. І Пілат пазволіў. Дык прыйшоў і зьняў цела Езуса.

Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста.
 
Прыйшоў і Мікодым, які прыходзіў да Езуса перш уначы, нясучы мешаніну мірры і алоэсу каля ста фунтаў.

Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у Юдэяў.
 
І ўзялі цела Езуса і абвязалі яго палотнамі разам з пахнідламі, так як ёсьць звычай у жыдоў хаваць.

На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў тым садзе — новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.
 
А на месцы, дзе ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны.

Там дзеля дня прыгатаваньня юдэйскага, бо магіла была блізка, палажылі Ісуса.
 
Дык там, дзеля Прыгатаваньня жыдоўскага, таму што гроб быў блізка, палажылі Езуса.