Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: «Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
Гэтае гаварыў Езус, і падняўшы вочы ў неба, сказаў: Ойча, прыйшла часіна, праслаў Сын твайго, каб Сын твой праславіў цябе;
бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.
як ты даў яму ўладу над усякім целам, каб ён усім, каго ты даў яму даў жыцьцё вечнае.
А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, — Ісуса Хрыста.
А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі цябе, аднаго Бога праўдзівага, і каторага ты паслаў, Езуса Хрыста.
Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць.
Я ўславіў цябе на зямлі, даканаў справу, якую ты мне даручыў зрабіць.
Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў.
А цяпер услаў мяне ты, Ойча, у самога сябе славаю, якую я меў у цябе перш, чым сьвет быў.
Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё.
Я абвясьціў імя тваё людзям, каторых ты мне даў са сьвету. Яны былі твае, і ты мне даў іх, і яны захавалі мову тваю.
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што ты мне даў, ад цябе ёсьць.
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
Бо словы, каторыя ты мне даў, я даў ім, і яны прынялі і пазналі сапраўды, што я ад цябе выйшаў, і ўверылі, што ты мяне паслаў.
Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае.
Я за іх прашу; не за сьвет прашу, але за тых, каторых ты мне даў, бо яны твае;
І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся.
і ўсё маё — тваё ёсьць, а тваё — маё ёсьць, і я ўслаўлены ў іх.
І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы.
І я ўжо не на сьвеце, а я да цябе іду. Ойча сьвяты, захавай у імя тваё тых, каторых ты мне даў, каб яны былі адно, як і мы.
Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне.
Калі я быў з імі, я захоўваў іх у імя тваё; тых што ты мне даў, я зьбярог і ніхто з іх ня згінуў, адно сын згіненьня, каб споўнілася Пісаньне.
Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную.
Цяпер-жа да цябе іду, а гавару гэтае на сьвеце, каб яны мелі радасьць сваю споўненую ў сабе самых.
Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
Я ім даў мову тваю, і сьвет меў іх у ненавісьці, бо яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
Не прашу, каб ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад злога.
Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
Яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету.
Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё — праўда.
Пасьвяці іх у праўдзе; мова твая ёсьць праўда.
Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет.
Так як ты мяне паслаў на сьвет, і я іх паслаў на сьвет.
І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе.
І за іх я пасьвячаю самога сябе, каб і яны былі пасьвячоны ў праўдзе.
Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія павераць у Мяне праз слова іх,
А ня толькі за іх я прашу, але і за тых, каторыя праз іх слова ўвераць у мяне;
каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
каб усе былі адно, так як ты, Ойча, у мне, а я ў табе, каб і яны ў нас адно былі, каб уверыў сьвет, што ты мяне паслаў.
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно.
А я даў ім славу, каторую ты мне даў, каб яны былі адно, так як і мы ёсьць адно;
Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
я ў іх, а ты ў мне, каб яны былі дасканальнымі ў еднасьці, і каб пазнаў сьвет, што ты мяне паслаў і ўзлюбіў іх, так як і мяне ўзлюбіў.
Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету.
Ойча, хачу, каб дзе я ёсьць, былі са мною і тыя, каторых ты мне даў, каб яны відзелі славу маю, якую ты мне даў, бо ты ўзлюбіў мяне перад заснаваньнем сьвету.
Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
Ойча справядлівы, сьвет цябе не пазнаў, а я пазнаў цябе, і гэтыя пазналі, што ты мяне паслаў.
І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».
І я абвясьціў ім імя тваё, і абвясьціў, каб любоў, якою ты ўзлюбіў мяне, у іх была, а я ў іх.