Яна 17 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: «Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
 
Так сказаў Ісус і падняў Свае вочы да неба і мовіў: Ойча, прыйшла гадзіна, услаў Сына Твайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе,

бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.
 
бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён усяму, што Ты даў Яму, даў-бы вечнае жыцьцё.

А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, — Ісуса Хрыста.
 
Гэтае-ж вечнае жыцьцё ёсьць у тым, каб пазналі Цябе адзінага праўдзівага Бога і Таго, што Ты Яго паслаў, Ісуса Хрыста.

Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць.
 
Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў дзела, што Ты даў Мне зрабіць.

Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў.
 
Дык цяпер услаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога тэй славаю, якую Я меў у Цябе раней існаваньня сьвету.

Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё.
 
Я абвясьціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае і Ты даў Мне іх, і яны захавалі Слова Тваё.

Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.
 
Цяпер яны зразумелі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.

Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
 
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я аддаў ім і яны прынялі і сапраўды зразумелі, што Я зыйшоў ад Цябе, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.

Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае.
 
За іх прашу, не за ўвесь сьвет прашу, але за тых, якіх Ты Мне даў, бо яны Твае.

І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся.
 
І ўсё Маё Тваё і Тваё Маё; і ў іх Я ўславіўся.

І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы.
 
Я ўжо не на сьвеце, а яны на сьвеце; Я-ж да Цябе іду. Ойча Сьвяты! захвай іх ў імя Тваё, тых якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы.

Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне.
 
Калі Я быў з імі, Я захаваў іх у Твайё імя тых, якіх Ты Мне даў. Я захаваў іх, і ніхто з іх ня згінуў, акрамя сына пагібелі, каб сбылося Пісаньне.

Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную.
 
Цяпер-жа іду да Цябе і гэтае гавару на сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную.

Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
 
Я аддаў ім Тваё слова, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
 
Не прашу, каб Ты забраў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад злога.

Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
 
Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё — праўда.
 
Асьвяці іх Тваею праўдаю, Тваё слова — праўда!

Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет.
 
Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я пасылаю іх у сьвет.

І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе.
 
І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб яны былі асьвячаны праўдаю.

Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія павераць у Мяне праз слова іх,
 

каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
 

І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно.
 

Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
 

Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету.
 

Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
 

І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».