Яна 5 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пасля гэтага быў дзень святочны ў юдэяў, і Ісус прыйшоў у Ерузалім.
 
Пасля гэтага было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем.

А ў Ерузаліме ёсць ля Авечай брамы купальня, якая па-гебрайску завецца Бэтсата, якая мае пяць прысенкаў.
 
Ёсць жа ў Ерузалеме каля Авечай брамы купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць портыкаў.

У іх ляжала шмат хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых, чакаючых руху вады.
 
У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных.

Бо Анёл Госпадаў час ад часу сыходзіў у купальню і ўзрушваў ваду, і той, хто першы ўваходзіў па ўзрушэнні вады, аздараўляўся, якой бы ні быў апанаваны немаччу.
 
[отсутсвует]

І быў там адзін чалавек, што хварэў трыццаць восем гадоў.
 
Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.

Калі Ісус убачыў, што той ляжаў, ды даведаўся, што ён ужо доўгі час хварэе, спытаўся ў яго: «Ці хочаш быць здаровы?»
 
Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: «Хочаш стаць здаровым?»

Хворы адказаў Яму: «Госпадзе, не маю чалавека, каб мяне ўкінуў у купальню, калі ўзварухнецца вада; бо калі я сам прыходжу, хто іншы перада мной уваходзіць».
 
Хворы адказаў Яму: «Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною».

Кажа яму Ісус: «Падыміся, вазьмі ложак свой і хадзі».
 
Кажа яму Езус: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі».

І адразу стаў здаровым чалавек той, і ўзяў ложак свой, і хадзіў. А была субота ў гэты дзень.
 
І адразу выздаравеў той чалавек, узяў насілкі свае і пайшоў.А быў у гэты дзень шабат.

Дык казалі юдэі таму, хто аздаравіўся: «Сёння субота, нельга табе насіць ложак твой».
 
Таму сказалі юдэі аздароўленаму: «Сёння шабат, і табе не дазваляецца браць ложа тваё».

А ён адказаў ім: «Той, Хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложак свой ды хадзі”».
 
Ён адказаў ім: «Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложа сваё і хадзі”».

Дык пыталі ў яго: “Што гэта за Чалавек, Які табе сказаў: “Вазьмі ложак і хадзі”»?
 
Спыталіся ў яго: «Хто той чалавек, які сказаў табе: “Вазьмі і хадзі?”»

А той, хто быў аздароўлены, не ведаў, Хто гэта быў; бо Ісус адышоўся ад людзей, што сабраліся ў тым месцы.
 
Але аздароўлены не ведаў, хто гэта, бо Езус знік у натоўпе, які быў у тым месцы.

Потым знайшоў яго Ісус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб не здарылася табе што горшае».
 
Пасля таго знайшоў яго Езус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага».

Пайшоў той чалавек і паведаміў юдэям, што Ісус — Той, Хто зрабіў яго здаровым.
 
Чалавек гэты пайшоў і абвясціў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго.

Таму пераследавалі юдэі Ісуса, каб забіць Яго, бо Ён рабіў такое ў суботу.
 
І таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат.

Але Ісус адказаў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць так, і Я раблю».
 
А Езус адказаў юдэям: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю».

Дзеля таго тым больш шукалі юдэі, як забіць Яго, бо Ён не толькі парушаў суботу, але і Бога называў Айцом Сваім, раўняючы сябе з Богам.
 
За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі зняважыў шабат, але таксама называў Бога сваім Айцом, робячы сябе роўным Богу.

І вось, адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын не можа нічога зрабіць Сам ад Сябе, але толькі тое, што бачыць, як Айцец робіць; бо што Ён робіць, тое таксама Сын робіць.
 
Тады Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое таксама робіць Сын.

Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і яшчэ большыя за гэтыя пакажа Яму справы, каб вы дзівіліся.
 
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся.

Бо як Айцец уваскрашае памерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
 
Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча.

Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд перадаў Сыну,
 
Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну,

каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе таксама Айца, Які паслаў Яго.
 
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова ды верыць Таму, Хто Мяне паслаў, мае жыццё вечнае, ды не ідзе на суд, але ад смерці перайшоў да жыцця.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць час, ды нават ужо надышоў, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, што пачуюць, ажывуць.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць.

Бо як Айцец мае жыццё Сам у Сабе, так і Сыну даў мець жыццё ў Сабе Самім;
 
Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе.

ды даў Яму ўладу судзіць, бо Ён — Сын Чалавечы.
 
І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы.

Не дзівіцеся таму, бо надыходзіць гадзіна, у якую ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Яго,
 
Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны,

і тыя, што добра рабілі, пойдуць да ўваскрашэння жыцця, а тыя, што блага рабілі, — да ўваскрашэння суда.
 
і выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння.

Сам ад Сябе Я нічога не магу рабіць; суджу так, як чую, ды суд Мой справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне Айца.
 
Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.

Калі Я Сам сведчу аб Сабе, сведчанне Маё ня ёсць праўдзівае;
 
Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае.

бо ёсць Іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і ведаю, што сведчанне пра Мяне, якое Ён прадстаўляе, праўдзівае.
 
Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім сведчыць пра Мяне.

Вы пасылалі да Яна, і ён сведчыў праўду;
 
Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе.

але Я не ад чалавека прымаю сведчанне, а кажу гэта, каб вы былі збаўлены.
 
Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.

Ён быў свяцільняй, якая гарыць і свеціць, але вы толькі хвілінку захацелі пацешыцца святлом яго.
 
Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.

Але Я маю сведчанне большае за Яна; вось, справы, якія Мне Айцец даручыў, каб Я выканаў іх, і самі справы, якія Я раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец Мяне паслаў.
 
Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.

Ды і Айцец, Які Мяне паслаў, Сам засведчыў пра Мяне. Але вы голасу Яго ніколі не чулі і аблічча Яго не бачылі,
 
Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго,

і слова Яго не маеце ў сабе трывала, бо вы не верыце Таму, Каго Ён паслаў.
 
і не маеце слова Ягонага, якое было б у вас, бо не верыце таму, каго Ён паслаў.

Разгледзьце Пісанні, бо вы думаеце, што маеце ў іх жыццё вечнае; а яны — гэта тое, што сведчыць пра Мяне.
 
Вы даследуеце Пісанні, бо думаеце, што ў іх вы маеце жыццё вечнае, а яны сведчаць пра Мяне.

Але да Мяне не хочаце ісці, каб мець жыццё.
 
Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.

Славы ад людзей не прымаю,
 
Я не прымаю славы ад людзей,

але вас Я спазнаў, што любові да Бога ў сабе не маеце.
 
але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові да Бога.

Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне; а, калі б хто іншы прыйшоў у сваё імя, таго прымеце.
 
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў у імя сваё, вы прынялі б яго.

Як жа можаце верыць вы, што хвалу прымаеце адзін ад аднаго, а хвалы, што ад адзінага Бога, не шукаеце?
 
Як можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце?

Не думайце, што Я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсць той, хто будзе вінаваціць вас: Майсей, на якога вы спадзеяцеся.
 
Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Ёсць абвінаваўца ваш, Майсей, на якога вы спадзяецеся.

Бо каб вы верылі Майсею, дык паверылі б вы і Мне; бо ён пра Мяне пісаў.
 
Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.

Але калі вы пісанням яго не верыце, дык як жа паверыце словам Маім?»
 
А калі не верыце ягоным пісанням, як паверыце Маім словам?»