Яна 11 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Быў жа захварэў нейкі Лазар з Бэтаніі, з селішча Марыі і Марты, сястры яе.
 
Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты.

Марыя ж была тая, што намасціла Госпада пахкім алейкам ды абцёрла ногі Яго сваімі валасамі, яе брат Лазар захварэў.
 
Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы.

Сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе, вось, той, каго любіш, хворы».
 
Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».

Пачуўшы гэта, Ісус сказаў: «Хвароба гэта не на смерць, але на хвалу Божую, каб праз яе быў праслаўлены Сын Божы».
 
Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе».

А Ісус любіў Марту, і сястру яе, і Лазара.
 
Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.

Калі пачуў, што той хворы, то заставаўся яшчэ два дні ў тым месцы, у якім быў.
 
Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся.

І пасля таго кажа вучням: «Хадземце зноў у Юдэю».
 
Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю».

Кажуць Яму вучні: «Рабі, толькі што імкнуліся Цябе ўкаменаваць юдэі, а Ты зноў туды ідзеш?»
 
Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?»

Адказаў Ісус: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць днём, не спатыкаецца, бо бачыць святло гэтага свету;
 
Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету.

але калі хто ходзіць уночы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».
 
А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».

Так гаворыць, а пасля таго кажа ім: «Лазар, наш сябар, спіць, але Я іду, каб яго абудзіць».
 
Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго».

Дык сказалі Яго вучні: «Госпадзе, калі заснуў, будзе здаровы»,
 
Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее».

Ісус жа сказаў аб смерці яго, а яны думалі, што казаў аб засынанні сном.
 
Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон.

Тады сказаў ім Ісус адкрыта: «Лазар памёр,
 
Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр.

і радуюся за вас, што вы паверыце, бо Мяне там не было; але пойдзем да яго».
 
І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго».

А Тамаш, званы Блізнюк, сказаў вучням: «Пойдзем і мы, каб з Ім памерці».
 
Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з Ім!»

Затым прыйшоў Ісус і ўбачыў, што ён ужо чатыры дні ляжыць у магіле.
 
Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

А Бэтанія знаходзілася блізка ад Ерузаліма, каля пятнаццаці стадый.
 
Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў.

Да Марыі ж і Марты прыйшло многа юдэяў, каб суцешыць іх па браце іх.
 
Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце.

Як толькі пачула Марта, што Ісус ідзе, пабегла да Яго, а Марыя засталася дома.
 
Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома.

Сказала тады Марта Ісусу: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
 
Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!

Але і цяпер ведаю, калі пра што папросіш Бога, дасць Табе Бог».
 
Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе».

Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсне брат твой».
 
Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой».

Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсне пры ўваскрэсенні ў апошні дзень».
 
Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень».

Сказаў ёй Ісус: «Я ёсць уваскрэсенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе;
 
Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць.

і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ навекі. Верыш у гэта?»
 
А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?»

Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе; я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у свет».
 
Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».

І калі яна сказала гэта, то пайшла і паклікала сястру сваю, Марыю, ціха кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».
 
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе».

Яна ж, як пачула, хутка ўзнялася і пайшла да Яго,
 
Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго.

бо Ісус яшчэ не ўвайшоў у селішча, але быў дагэтуль на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.
 
Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.

А юдэі, што былі з ёй у доме і суцяшалі яе, калі ўбачылі, што Марыя хутка ўстала і выбегла, пайшлі за ёй, мяркуючы: «Ідзе да магілы, каб там плакаць».
 
Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць.

Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Яго, кажучы Яму: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не дапусціў бы, каб памёр брат мой».
 
Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!»

І вось, Ісус, як убачыў, што яна плача і што плачуць юдэі, якія з ёй прыйшлі, усхваляваўся ў Духу і быў узрушаны ў Сабе,
 
Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?»

і сказаў: «Дзе паклалі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе, пайдзі і паглядзі».
 
Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі».

І Ісус заплакаў.
 
Езус заплакаў.

Дык казалі юдэі: «Вось як Ён яго любіў».
 
Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!»

А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, што адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
 
А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

А Ісус, хвалюючыся ў Самім Сабе, прыйшоў да магілы; а была гэта пячора, і камень быў на ёй пакладзены.
 
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.

Гаворыць Ісус: «Падыміце камень!» Дык кажа Марта, сястра таго, які быў памерлы: «Госпадзе, ужо смярдзіць, бо ўжо мінула чатыры дні».
 
Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!»

Кажа ёй Ісус: «Ці ж Я табе не казаў, што, калі ўверыш, убачыш славу Божую?»
 
Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень.

Дык паднялі камень, дзе ляжаў памерлы. Ісус жа, узвёўшы вочы ўгору, сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты Мяне выслухаў.
 
А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.

Я ведаў, што Ты Мяне заўсёды выслухоўваеш, але дзеля народа, які стаіць навокал, Я сказаў, каб уверылі, што Ты Мяне паслаў».
 
Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне».

І, калі Ён гэта сказаў, усклікнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вон!»
 
І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!»

І адразу выйшаў той, што быў памерлы, абвязаны па руках і нагах павязкамі, а твар яго быў абвязаны хусткай. Кажа ім Ісус: «Развяжыце яго і пусціце яго хадзіць».
 
І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».

Дык многія з юдэяў, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што Ісус учыніў, паверылі ў Яго;
 
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

некаторыя ж з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Ісус.
 
А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус.

Дык сабралі першасвятары і фарысеі раду і казалі: «Што нам рабіць? Бо Чалавек Гэты робіць многа знакаў.
 
Тады першасвятары і фарысеі сабралі Сінэдрыён і казалі: «Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат знакаў?

Калі так Яго пакінем, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і захопяць нас, і краіну, і народ».
 
Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае і наш народ!»

Дык адзін з іх, нехта Каяфа, які быў у тым годзе першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не ведаеце
 
Адзін жа з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не разумееце і не думаеце,

і не думаеце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў».
 
што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!»

А не гаварыў гэтага ад сябе, але як першасвятар у гэтым годзе праракаваў, што Ісус павінен быў памерці за народ,
 
А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але, будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ,

і не толькі за гэты народ, але каб сабраць у адно дзяцей Божых, што былі раскіданы.
 
і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно.

Ад таго дня думалі толькі, як Яго забіць.
 
З гэтага дня вырашылі забіць Яго.

Таму Ісус не хадзіў ужо яўна сярод юдэяў, але адышоў адтуль у мясцовасць паблізу пустыні, у горад, які называецца Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
 
Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.

І была блізка Пасха юдэйская, і многа людзей з краю выбралася ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысціцца.
 
Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца.

Дык шукалі Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: «Як вам здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята?»
 
Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: «Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?»

А першасвятары і фарысеі далі загад, каб, калі хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб Яго ўзяць.
 
А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго.