Яна 7 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І пасля таго Ісус хадзіў па Галілеі, бо Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі імкнуліся забіць Яго.
 
Пасля гэтага хадзіў Езус па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.

І быў паблізу юдэйскі святочны дзень палатак.
 
Набліжалася юдэйскае свята Шатроў.

Сказалі затым Яму браты Яго: «Адыдзіся адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія робіш.
 
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае ўбачылі Твае справы, якія робіш.

Бо ніхто не робіць чаго-колечы тайна, а і сам хоча паказацца на людзях. Калі такія рэчы чыніш, пакажы Сябе свету».
 
Бо ніхто ўпотай не робіць нічога і стараецца сам быць навідавоку. Калі Ты робіш такое, пакажы сябе свету».

Бо і браты Яго не верылі ў Яго.
 
Бо нават браты Ягоныя не верылі ў Яго.

Кажа ім тады Ісус: «Яшчэ не надышоў Мой час, а ваш час заўсёды ёсць гатовы.
 
Тады кажа ім Езус: «Мой час яшчэ не настаў, а для вас час заўжды адпаведны.

Вас свет не можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу аб ім, што яго ўчынкі ліхія.
 
Свет не можа ненавідзець вас, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхія.

Вы ідзіце на свята, а Я яшчэ не пайду на гэтае свята, бо час Мой яшчэ не споўніўся».
 
Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэта свята, таму што яшчэ не споўніўся Мой час».

І, калі сказаў гэта ім, Сам застаўся ў Галілеі.
 
Сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.

Але калі браты Яго адправіліся на свята, то і Ён пайшоў на свята, не яўна, але быццам употай.
 
Калі браты Ягоныя прыйшлі на свята, тады і Ён прыйшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна.

А ў час свята шукалі Яго юдэі і казалі: «Дзе Ён?»
 
Юдэі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Ён?»

І шмат спрэчак пра Яго было ў натоўпе. Адны казалі: «Ён добры!»; а другія казалі: «Не, але зводзіць людзей».
 
І вялікае абурэнне было на Яго ў натоўпе: адны казалі, што Ён добры, другія ж казалі: «Не, Ён уводзіць народ у зман!»

Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна дзеля страху перад юдэямі.
 
Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго праз страх перад юдэямі.

І ўжо а палове святочнага дня Ісус увайшоў у святыню і стаў навучаць.
 
Ужо ў сярэдзіне свята Езус увайшоў у святыню і навучаў.

А юдэі дзівіліся, кажучы: «Адкуль Ён ведае Пісанне, хаця не вучыўся?»
 
А юдэі дзівіліся, кажучы: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?»

Дык адказаў ім Ісус і казаў: «Мая навука не Мая, але Таго, Хто Мяне паслаў.
 
Езус ім адказаў: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне.

Калі хто хоча выконваць волю Яго, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці Я Сам ад Сябе гавару.
 
Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне, ці Я сам ад сябе гавару.

Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй славы шукае, але Хто шукае славы Таго, Хто Яго паслаў, Той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконня.
 
Хто гаворыць ад свайго імя, шукае ўласнай славы, а хто шукае славы таго, хто паслаў яго, той праўдзівы і няма ў ім несправядлівасці.

Ці не Майсей даў вам закон? Але ніхто з вас не робіць па законе. Чаму імкнецеся Мяне забіць?»
 
Ці Майсей не даў вам Закон? Але ніхто з вас не выконвае Закону. Чаму вы хочаце забіць Мяне?»

Адказалі людзі, кажучы: «Дэмана маеш! Хто імкнецца Цябе забіць?»
 
Натоўп адказаў: «Ты апанаваны злым духам! Хто імкнецца забіць Цябе?»

Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адну справу, а ўсе дзівіцеся.
 
Езус сказаў ім у адказ: «Адну справу зрабіў Я, а вы ўсе здзіўляецеся.

Вось, Майсей перадаў вам абразанне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў, і вы абразаеце ў суботу чалавека.
 
Вось, Майсей даў вам абразанне (хоць яно не ад Майсея, але ад айцоў), і вы ў шабат абразаеце чалавека.

Калі чалавек прымае абразанне ў суботу і не парушаецца закон Майсея, дык чаму злуецеся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?
 
Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека?

Ды не судзіце па знешнасці, але судзіце справядлівым судом».
 
Не асуджайце з выгляду, але судзіце судом справядлівым».

Дык некаторыя з ерузалімцаў казалі: «Ці гэта Той, Якога імкнуцца забіць?
 
Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: «Ці не той гэта, якога хочуць забіць?

Бо вось яўна прамаўляе, і нічога Яму не кажуць. Ці, можа, пераканаліся кіраўнікі, што Ён — сапраўды Хрыстос?
 
І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога не кажуць Яму. Хіба старэйшыны на самой справе пераканаліся, што Ён Месія?

Але мы ведаем Яго, адкуль Ён родам, а калі прыйдзе Хрыстос, ніхто не ведае, адкуль Ён прыйдзе».
 
Але мы ведаем, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён».

А Ісус, навучаючы ў святыні, усклікнуў, кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце, адкуль Я есць. І Я Сам ад Сябе не прыйшоў, але праўдзівы Той, Хто Мяне паслаў, а Якога вы не ведаеце.
 
Тады Езус, навучаючы ў святыні, прамовіў голасна: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. І не сам ад сябе Я прыйшоў, але праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце.

А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго есць, і Ён Мяне паслаў».
 
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».

Дык імкнуліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго гадзіна.
 
Тады шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.

І многія з грамады паверылі ў Яго, і яны казалі: «Ці ж, калі Хрыстос прыйдзе, болей знакаў учыніць, чым Ён учыніў?»
 
Многія з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Калі прыйдзе Месія, ці Ён учыніць больш знакаў, чым гэты ўчыніў?»

А калі фарысеі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі фарысеі і першасвятары паслугачоў, каб Яго ўзяць.
 
Фарысеі ж пачулі, як народ абураецца, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг схапіць Яго.

Сказаў тады Ісус ім: «Кароткі толькі час буду з вамі і пайду да Таго, Хто Мяне паслаў.
 
Тады Езус сказаў: «Яшчэ нядоўга пабуду з вамі і адыду да таго, хто паслаў Мяне.

Будзеце Мяне шукаць і не знойдзеце, і, дзе Я ёсць, вы туды не можаце прыйсці».
 
Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці».

Дык сказалі юдэі адзін аднаму: «Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго не знойдзем? Няўжо Ён пойдзе ў расцярушанне да грэкаў ды будзе грэкаў навучаць?
 
Юдэі казалі адзін аднаму: «Куды Ён хоча ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не хоча Ён ісці ў грэцкую дыяспару і вучыць грэкаў?

Што ж гэта за слова, якое сказаў: “Шукаць Мяне будзеце і не знойдзеце”, ды: “Туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці”?»
 
Што Ён меў на ўвазе, кажучы: “Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці”?»

А ў апошні вялікі дзень свята стаў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п’е;
 
У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.

хто верыць у Мяне. Як кажа Пісанне, рэкі жывой вады пацякуць з нутра яго».
 
Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой».

А так казаў аб Духу, Якога мелі атрымаць тыя, што вераць у Яго. Бо не было яшчэ на іх Духа Святога, бо Ісус не быў яшчэ ўслаўлены.
 
Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго, бо яшчэ не было Духа, таму што Езус яшчэ не быў услаўлены.

І многія з тых людзей, калі пачулі гэтыя словы, казалі: «Гэта сапраўды прарок»;
 
З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!»

іншыя ж казалі: «Гэта Хрыстос»; а яшчэ іншыя гаварылі: «Ці ж Хрыстос прыходзіць з Галілеі?
 
Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?

Ці ж Пісанне не сказала: “З роду Давіда, з селішча Бэтлехэм, адкуль быў Давід, прыходзіць Хрыстос”»?
 
Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?»

І ўзнікла спрэчка наконт Яго ў натоўпе.
 
І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе.

Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.
 
Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.

Прыйшлі затым паслугачы да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы Яго не прывялі?»
 
Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»

Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек так не гаварыў, як гэты Чалавек».
 
Слугі адказалі: «Ніколі ніхто з людзей так не гаварыў».

Дык адказалі ім фарысеі: «Ці і вы Ім зведзены?
 
Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман?

Ці ўверыў у Яго хоць хто з начальнікаў або фарысеяў?
 
Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў?

А гэты натоўп, які не ведае закону, пракляты».
 
Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!»

Кажа ім Нікадэм, той, што прыйшоў да Яго ўначы і што быў адным з іх:
 
Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім:

«Ці ж закон наш асуджае чалавека, перш чым яго не паслухае і не спазнае, што ён робіць?»
 
«Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?»

Адказалі яму і сказалі: «Ці і ты не з Галілеі? Даследуй і пабач, што прарок не паўстае з Галілеі».
 
На гэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!»

Ды вярнуліся кожны ў свой дом.
 
І разышліся кожны да свайго дому.