Яна 14 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Хай не трывожыцца сэрца ваша. Верце ў Бога і ў Мяне верце.
 
Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце.

У доме Айца Майго жытла многа; а калі б не, сказаў бы Я вам, што іду прыгатаваць вам месца.
 
У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас.

І калі адыду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я.
 
А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я.

І куды Я іду, вы ведаеце, і дарогу ведаеце».
 
А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».

Сказаў Яму Тамаш: «Госпадзе, не ведаем, куды ідзеш; а як жа можам ведаць дарогу?»
 
Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?»

Кажа яму Ісус: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне.
 
Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Калі б вы Мяне пазналі, то і Айца Майго таксама б ведалі; і адгэтуль вы ведаеце Яго і бачыце Яго».
 
Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».

Кажа Яму Піліп: «Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам».
 
Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам».

Кажа яму Ісус: «Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Піліп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты кажаш: “Пакажы нам Айца”?
 
Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?”

Не верыш, што Я — у Айцу, а Айцец — ува Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе Самога кажу; Айцец, Які заўсёды ўва Мне, робіць справы Свае.
 
Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы.

Верце Мне, што Я — у Айцу, а Айцец — ува Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце Мне.
 
Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.

Сапраўды, сапраўды, кажу вам: хто верыць у Мяне, той будзе рабіць справы, якія Я раблю, а нават большыя за тыя ўчыніць, бо Я іду да Айца Майго.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.

І пра што толькі прасіць будзеце ў імя Маё, зраблю гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне;
 
І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне.

калі Мяне аб чым прасіць будзеце ў імя Маё, Я зраблю.
 
Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.

Калі Мяне любіце, захоўвайце прыказанні Мае;
 
Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі.

і Я буду прасіць Айца, і іншага Суцяшальніка дасць вам, каб заставаўся з вамі навек,
 
І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі,

Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо Яго не бачыць і не ведае Яго. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас Ён застаецца ды ў вас будзе.
 
Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе.

Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
 
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.

Яшчэ трохі, і свет Мяне ўжо не ўбачыць; але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву і вы жыць будзеце.
 
Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.

Вось, у той дзень пазнаеце, што Я — у Айцу Маім, і вы — ува Мне, і Я — у вас.
 
У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.

Хто мае прыказанні Мае і беражэ іх, — гэта той, хто Мяне любіць; а хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб’яўлю яму Сябе Самога».
 
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».

Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе, што гэта сталася, што Ты маеш аб’явіцца нам, а не свету?»
 
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: «Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?»

Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго;
 
Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго.

хто Мяне не любіць, не беражэ слова Майго. А слова, якое чуеце, не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне, Айца.
 
Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.

Гэта вам сказаў, між вамі знаходзячыся.
 
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі.

А Суцяшальнік, Дух Святы, Якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяму навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў.
 
А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.

Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца ваша, і няхай не ведае страху.
 
Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.

Чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыходжу да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне.
 
Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.

І цяпер сказаў Я вам, перш чым сталася тое, каб, калі станецца, паверылі.
 
І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца.

Шмат ужо не буду вам гаварыць, бо ідзе князь гэтага свету; і ён не мае нічога ўва Мне,
 
Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо надыходзіць валадар гэтага свету. Ён нічога не мае ўва Мне.

але, каб свет пазнаў, што Я люблю Айца ды, як Айцец Мне даў загад, так раблю. Падыміцеся, пойдземце адсюль.
 
Але каб свет ведаў, што Я люблю Айца і раблю так, як наказаў Мне Айцец. Устаньце, пойдзем адгэтуль.