Яна 17 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Так прамаўляў Ісус; і, падняўшы вочы Свае да неба, сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна: праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
 
Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе.

як Ты даў Яму ўладу над кожным целам, каб усім, каго Ты даў Яму, Ён даў ім жыццё вечнае.
 
Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму.

А гэтае жыццё вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, Ісуса Хрыста.
 
А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.

Я праславіў Цябе на зямлі, завяршыў справу, якую Ты Мне даў, каб зрабіў;
 
Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць.

а цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе перш, чым паўстаў свет.
 
А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.

Я аб’явіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са свету. Яны былі Твае, і Ты іх Мне даў, і яны збераглі слова Тваё.
 
Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі, і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё.

Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты Мне даў, гэта ад Цябе ёсць.
 
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, паходзіць ад Цябе.

Бо словы, якія Ты Мне даў, Я перадаў ім, і яны іх прынялі, ды праўдзіва пазналі, што Я ад Цябе выйшаў, і яны ўверылі, што Ты Мяне паслаў.
 
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.

Я за іх прашу, не прашу за свет, але за тых, якіх Ты Мне даў, бо яны — Твае,
 
Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае.

і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я ў іх праслаўлены.
 
І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх.

Я ўжо не ў свеце, але яны ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча Святы, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы.
 
Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы.

Калі Я быў з імі ў свеце, Я захоўваў іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, і ўсцярог, і ніхто з іх не загінуў, толькі сын загубы, каб споўнілася Пісанне.
 
Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. І збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.

А цяпер іду да Цябе і гавару гэта на свеце, каб яны радасць Маю поўную мелі ў сабе.
 
А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць.

Я перадаў ім слова Тваё, і свет іх зненавідзеў, бо яны не са свету, як і Я не са свету.
 
Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету.

Не прашу, каб іх узяў са свету, але каб іх захаваў ад ліха.
 
Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога.

Яны не са свету, як і Я не са свету.
 
Яны не са свету, як і Я не са свету.

Асвяці іх у праўдзе Тваёй; Слова Тваё ёсць праўда.
 
Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда.

Як Ты Мяне паслаў у свет, і Я іх паслаў у свет,
 
Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет.

і за іх Я прысвячаю Сябе Самога, каб і яны былі асвечаны ў праўдзе.
 
І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе.

Я не толькі за іх прашу, але і за тых, што праз словы іх павераць у Мяне,
 
Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга,

каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў.
 
каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне.

І славу, якую Ты Мне даў, Я перадаў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно,
 
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно.

Я ў іх, і Ты ўва Мне так, каб былі ў адзінстве дасканалымі, і каб свет пазнаў, што Ты Мяне паслаў ды палюбіў іх, як і Мяне палюбіў.
 
Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, якіх Ты Мне даў, былі са Мной там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо Ты Мяне палюбіў перад стварэннем свету.
 
Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, але Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў,
 
Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.

і Я з’явіў ім імя Тваё, і з’яўляю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».
 
Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх».