Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага
Так прамаўляў Ісус; і, падняўшы вочы Свае да неба, сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна: праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
Пасьля словаў гэтых Ісус узьняў вочы свае на неба і сказаў: Ойча, надыйшла гадзіна: праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе:
як Ты даў Яму ўладу над кожным целам, каб усім, каго Ты даў Яму, Ён даў ім жыццё вечнае.
Гэтак, як Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб і тым усім, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.
А гэтае жыццё вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, Ісуса Хрыста.
А гэта-ж і ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе адзінага праўдзівага Бога, і Ісуса Хрыста, Каторага Ты паслаў.
Я праславіў Цябе на зямлі, завяршыў справу, якую Ты Мне даў, каб зрабіў;
Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў чын, які Ты даў Мне выканаць.
а цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе перш, чым паўстаў свет.
І цяперака праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе перад быцьцём сьвету.
Я аб’явіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са свету. Яны былі Твае, і Ты іх Мне даў, і яны збераглі слова Тваё.
Я выявіў імя Твае людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету; яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё.
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты Мне даў, гэта ад Цябе ёсць.
Цяперака яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.
Бо словы, якія Ты Мне даў, Я перадаў ім, і яны іх прынялі, ды праўдзіва пазналі, што Я ад Цябе выйшаў, і яны ўверылі, што Ты Мяне паслаў.
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі і запраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
Я за іх прашу, не прашу за свет, але за тых, якіх Ты Мне даў, бо яны — Твае,
Я за іх прашу, не за увесь сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае.
і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я ў іх праслаўлены.
І ўсе Мае Твае, і Твае — Мае, і Я ўславіўся ў іх.
Я ўжо не ў свеце, але яны ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча Святы, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы.
І Я ўжо не на сьвеце болей, але яны на сьвеце, і Я да Цябе іду. Ойча Сьвяты! Захавай іх у імя Твае, тых, каторых Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы.
Калі Я быў з імі ў свеце, Я захоўваў іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, і ўсцярог, і ніхто з іх не загінуў, толькі сын загубы, каб споўнілася Пісанне.
Калі Я быў на сьвеце зь імі, Я захаваў іх у імя Твае; тых, каторых Ты Мне даў, захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына загубы, каб збылося Пісаньне.
А цяпер іду да Цябе і гавару гэта на свеце, каб яны радасць Маю поўную мелі ў сабе.
Цяпер-жа іду да Цябе, і кажу гэта на сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю поўную ў сабе.
Я перадаў ім слова Тваё, і свет іх зненавідзеў, бо яны не са свету, як і Я не са свету.
Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзіў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
Не прашу, каб іх узяў са свету, але каб іх захаваў ад ліха.
Я не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
Яны не са свету, як і Я не са свету.
Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
Асвяці іх у праўдзе Тваёй; Слова Тваё ёсць праўда.
Асьвяці іх Тваею праўдаю: слова Тваё ёсьць праўда.
Як Ты Мяне паслаў у свет, і Я іх паслаў у свет,
Як Ты паслаў Мянеу сьвет, гэтак і Я паслаў іх у сьвет.
і за іх Я прысвячаю Сябе Самога, каб і яны былі асвечаны ў праўдзе.
І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі пасьвенчаны праўдаю.
Я не толькі за іх прашу, але і за тых, што праз словы іх павераць у Мяне,
Не за іх-жа толькі прашу, але за тых, што вераць у Мяне паводля іхнага слова.
каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў.
Няхай будуць усе адно: як Ты, Ацец ува Мне, і Я ў Табе, гэтак і яны няхай будуць адно, каб сьвет паверыў, што Ты паслаў Мяне.
І славу, якую Ты Мне даў, Я перадаў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно,
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як Мы адно.
Я ў іх, і Ты ўва Мне так, каб былі ў адзінстве дасканалымі, і каб свет пазнаў, што Ты Мяне паслаў ды палюбіў іх, як і Мяне палюбіў.
Я ў іх, і Ты ўва Мне; каб былі злучаны ў вадно, і няхай сьвет пазнае, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як Ты палюбіў Мяне.
Ойча, хачу, каб тыя, якіх Ты Мне даў, былі са Мной там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо Ты Мяне палюбіў перад стварэннем свету.
Ойча, каторых Ты Мне даў, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, ды няхай бачаць славу Маю, якою Ты надарыў Мяне: бо Ты палюбіў Мяне перад існаваньнем сьвету.
Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, але Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў,
Ойча справядлівы, сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
і Я з’явіў ім імя Тваё, і з’яўляю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».
І Я абвесьціў ім імя Тваё, і абвяшчаю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, і ў іх была, і Я ў іх.