Яна 18 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Калі Ісус сказаў гэта, з вучнямі Сваімі пайшоў за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
 
Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.

Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Ісус часта там збіраўся са Сваімі вучнямі.
 
Ведаў-жа гэтае месца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Ягоныя часта тамака зьбіраліся.

Затым Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасвятароў і фарысеяў, прыйшоў туды з ліхтарамі, светачамі і зброяй.
 
Вось Юда, узяўшы групу жаўнераў і паслугуючых ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарнямі і сьветачамі, і са зброяю.

А Ісус, ведаючы ўсё, што Яго чакае, выйшаў наперад і кажа ім: «Каго шукаеце?»
 
Ісус-жа ведаючы ўсё, што мае зь Ім здарыцца, выйшаў наперад і сказаў ім: каго шукаеце?

Адказалі Яму: «Ісуса Назарэя». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
 
Яму адказалі: Ісуса з Назарэту. Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў-жа зь імі і Юда, што прадаў Яго.

Калі сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад ды палі на зямлю.
 
І калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.

Спытаўся іх тады зноў: «Каго шукаеце?» А яны сказалі: «Ісуса Назарэя».
 
Тады зноў запытаўся Ён іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса з Назарэту.

Адказаў Ісус: «Дык жа сказаў Я вам: “Гэта Я!” Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсці»,
 
Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; затым, калі вы шукаеце Мяне, тады дайце гэтым адыйсьці:

каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «Не загубіў ніводнага з тых, якіх Ты Мне даў».
 
Каб збылося слова, сказанае Ім: в тых, каторых Ты даў Мне, Я не загубіў нікога.

Сімон жа Пётра, які меў меч, дастаў яго, і ўдарыў паслугача першасвятара, і адсёк яму правае вуха. Імя таму слузе было Малх.
 
Сымон-жа Пётра, маючы меч, выцягнуў яго і ўдырыў архірэявага слугу і адсёк яму правае вуха; імя слугі было Ма́льхос.

Сказаў тады Ісус Пётры: «Схавай меч свой у похвы; келіх, які даў Мне Айцец, ці ж не Мне яго піць?»
 
Тады Ісус сказаў Пётру: укладзі меч у похву. Няужо-ж Я ня маю піць чары, якую даў Мне Ацец?

Тады кагорта, і трыбун, ды паслугачы юдэйскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
 
Тады жаўнеры і хіліа́рхос, і паслугуючыя юдэйскія узялі Ісуса і зьвязалі Яго,

і прывялі Яго перш да Анны: бо быў ён цесцем Каяфы, які быў у той год першасвятаром.
 
І завялі Яго сьпярша да Ганны, бо ён быў цесьцем Каіафы, каторы быў на той год высокім архіерэем.

Гэта быў Каяфа, які даў параду юдэям: «Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ».
 
Гэта быў той Каіафа, каторы параіў Юдэям, што ляпей аднаму чалавеку памерці за народ.

А за Ісусам ішоў Сімон Пётра і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасвятаром і ўвайшоў з Ісусам у двор першасвятара.
 
За Ісусам шоў Сымон Пётра і іншы вучань; вучань гэты быў ведамы першаархірэю, і ўвайшоў з Ісусам на архірэйскі панадворак.

Пётра ж застаўся вонкі пры дзвярах. Выйшаў тады другі вучань, які быў знаёмы з першасвятаром, пагаварыў з прыдзверніцай ды ўвёў Пётру.
 
Але Пётра стаяў каля варотаў знадворку. Тады выйшаў той іншы вучань, — ведамы першаархірэю і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пётру.

Кажа тады Пётры служка прыдзверніца: «Ці і ты не з вучняў Таго Чалавека?» А ён кажа: «Не».
 
Тады дзяўчына прыдзьверніца кажа Пётру: ці ня ты гэтаксама адін з вучняў гэтага чалавека? І ён кажа: я не.

Там стаялі нявольнікі і паслугачы пры гарачым вуголлі, бо было зябка, і грэліся; а разам з імі быў і Пётра, стоячы і грэючыся.
 
У між часе, нявольнікі і паслугуючыя распаліл! агонь, бо было сьцюдзена, — і стаялі, і грэліся. Пётра гэтаксама стаяў зь імі і грэўся.

Першасвятар жа пытаўся ў Ісуса пра вучняў Яго і навуку Яго.
 
Тады першаархірэй пытаўся ў Ісуса адносна вучняў Ягоных, і адносна Ягонае навукі.

Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў свету: Я вучыў заўсёды ў сінагозе і ў святыні, дзе заўсёды збіраюцца юдэі, і нічога не гаварыў употай.
 
Ісус адказаў яму: Я яўна гаварыў сьвету; Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе звычайна зьбіраюцца Юдэі і пакрымя не гаварыў нічога.

Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, якія чулі, што Я ім гаварыў; вось, яны ведаюць, што Я сказаў».
 
Чаму ты пытаешся ў Мяне? Пытайся тых, каторыя чулі, што Я казаў ім; яны бо ведаюць, што Я казаў.

Калі гэта сказаў, дык адзін з паслугачоў, што блізка стаяў, даў Ісусу поўху, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
 
Як-жа Ён сказаў гэта, адзін з паслугуючых, што стаюяў блізка, удырыў Ісуса па абліччу і сказаў: гэтак ты адказваеш высокаму архіерэю?

Адказаў яму Ісус: «Калі блага сказаў, дакажы, што блага, а калі добра, дык чаму Мяне б’еш?»
 
Ісус адказаў яму: калі Я сказаў блага, дай сьведчаньне, што блага, а калі добра — за што бъеш Мяне?

Тады адаслаў Яго Анна, звязанага, да першасвятара Каяфы.
 
Ганна паслаў Яго зьвязанага да высокага архірэя, Каіафы.

А Сімон Пётра стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?» А ён адрокся і сказаў: «Не!»
 
Сымон-жа Пётра стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: ці і ты не зь Ягоных вучняў? І ён адрокся, і сказаў: я не.

Дык адзін з паслугачоў першасвятара, сваяк таго, якому Пётра адсёк вуха, кажа яму: «Ці ж я цябе не бачыў з Ім у садзе?»
 
Адзін з нявольнікаў першаархірэйскіх, сваяк таго, катораму Пётра адсек вуха, кажа: ці-ж не цябе я бачыў зь ім у садзе?

Ды Пётра зноў запярэчыў; і зараз запяяў певень.
 
Тады Пётра зноў адрокся; і зараз-жа певень запяяў.

Затым павялі Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есці Пасху.
 
Ад Каіафы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было есьці пасху.

Выйшаў да іх Пілат і кажа: «Якую віну ўскладаеце на Гэтага Чалавека?»
 
Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце вы чалавека гэтага?

Адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён не быў злачынцам, не выдалі б Яго табе».
 
Адказваючы, яны сказалі яму: калі-б Ён ня быў чыніцель зла, мы ня выдалі-б табе Яго.

Дык сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і асудзіце Яго па вашым законе». Сказалі яму юдэі: «Нам нельга нікога забіваць»,
 
Тады Пілат сказаў ім: вазьмеце вы Яго і ў сузгоднасьці з вашым правам судзеце Яго. Юдэі сказалі яму: нам не дазволена нікога караць сьмерцяю.

каб споўнілася слова Ісуса, што сказаў Ён, вызначаючы, якою смерцю меў памерці.
 
Каб споўнілася слова Ісусава, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою сьмерцяю мае Ён памерці.

Дык увайшоў зноў у прэторыю Пілат і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: «Ты — Цар Юдэйскі?»
 
Тады Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, прыклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Кароль Юдэйскі?

Адказаў Ісус: «Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі пра Мяне?»
 
Ісус адказаў яму: ці ад сябе ты гаворыш гэта, ці мо іншыя сказалі табе гэта пра Мяне?

Адказаў Пілат: «Ці ж я юдэй? Народ Твой і першасвятары выдалі мне Цябе; што Ты зрабіў?»
 
Пілат адказаў: ці-ж я зьяўляюся Юдэем? Твой уласны народ і першаархірэі выдалі Цябе мне: што Ты зрабіў?

Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, паслугачы Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль».
 
Ісус адказаў: гаспадарства Маё ня з гэтага сьвету; калі-б гаспадарства Маё было з гэтага сьвету, дык слугі Мае змагаліся-б, каб Я ня быў выдадзены Юдэям; ізноў-жа, гаспадарства Маё ня згэтуль.

Сказаў Яму тады Пілат: «Дык Ты — Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Цар. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе; кожны, хто з праўды, слухае голас Мой».
 
Пілат сказаў Яму: дык Ты Кароль? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я Кароль. Затым бо Я і радзіўся, і затым прыйшоў у сьвет, каб даць сьвядоцтва праўдзе. Кажны, хто з праўды, слухае голас Мой.

Кажа Яму Пілат: «Што ёсць праўда?» І, калі ён гэта сказаў, зноў выйшаў да юдэяў і кажа: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
 
Пілат кажа Яму: што ёсьць праўда? І сказаўшы гэта, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: я не знаходжу ў Ім ніякае віны.

У вас жа ёсць традыцыя, каб на Пасху выпусціць вам аднаго вязня; дык хочаце, пушчу вам Цара Юдэйскага?»
 
Ёсьць у вас звычай, каб я аднаго звольніў вам на Пасху: хочаце вы, затым, каб я звольніў вам Караля Юдэйскага?

Але яны ўсе закрычалі, кажучы: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
 
Тады ізноў закрычэлі ўсе, кажучы: не Яго, але Бараббу! А Барабба быў разбойнік.