Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Калі Ісус сказаў гэта, з вучнямі Сваімі пайшоў за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за струмень Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя.
Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Ісус часта там збіраўся са Сваімі вучнямі.
Ведаў жа гэтае месца і Юда, які выдаў Яго, бо Ісус там часта зьбіраўся з вучнямі Сваімі.
Затым Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасвятароў і фарысеяў, прыйшоў туды з ліхтарамі, светачамі і зброяй.
Дык Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, лямпамі і зброяй.
А Ісус, ведаючы ўсё, што Яго чакае, выйшаў наперад і кажа ім: «Каго шукаеце?»
Ісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?»
Адказалі Яму: «Ісуса Назарэя». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
Адказалі Яму: «Ісуса з Назарэту». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». Стаяў жа з імі і Юда, які выдаў Яго.
Калі сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад ды палі на зямлю.
Калі ж Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
Спытаўся іх тады зноў: «Каго шукаеце?» А яны сказалі: «Ісуса Назарэя».
Тады ізноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Ісуса з Назарэту».
Адказаў Ісус: «Дык жа сказаў Я вам: “Гэта Я!” Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсці»,
Адказаў Ісус: «Я сказаў вам, што гэта Я; калі ж Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці»,
каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «Не загубіў ніводнага з тых, якіх Ты Мне даў».
каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «З тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога».
Сімон жа Пётра, які меў меч, дастаў яго, і ўдарыў паслугача першасвятара, і адсёк яму правае вуха. Імя таму слузе было Малх.
Сымон жа Пётар, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха; а імя таго слугі было Малх.
Сказаў тады Ісус Пётры: «Схавай меч свой у похвы; келіх, які даў Мне Айцец, ці ж не Мне яго піць?»
Але Ісус сказаў Пятру: «Укладзі меч твой у похвы. Ці ж Я ня вып’ю келіха, які даў Мне Айцец?»
Тады кагорта, і трыбун, ды паслугачы юдэйскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
Тады кагорта, і тысячнік, і паслугачы юдэйскія схапілі Ісуса і зьвязалі Яго,
і прывялі Яго перш да Анны: бо быў ён цесцем Каяфы, які быў у той год першасвятаром.
і павялі Яго спачатку да Анны, бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў у той год першасьвятаром.
Гэта быў Каяфа, які даў параду юдэям: «Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ».
Гэты Каяфа парадзіў Юдэям, што карысьней аднаму Чалавеку загінуць за народ.
А за Ісусам ішоў Сімон Пётра і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасвятаром і ўвайшоў з Ісусам у двор першасвятара.
А за Ісусам ішоў Сымон Пётар і іншы вучань. Вучань той быў знаёмы з першасьвятаром, і ён увайшоў з Ісусам на панадворак першасьвятара.
Пётра ж застаўся вонкі пры дзвярах. Выйшаў тады другі вучань, які быў знаёмы з першасвятаром, пагаварыў з прыдзверніцай ды ўвёў Пётру.
А Пётар стаяў ля дзьвярэй звонку. Тады іншы вучань, які быў знаёмы з першасьвятаром, пайшоў, і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пятра.
Кажа тады Пётры служка прыдзверніца: «Ці і ты не з вучняў Таго Чалавека?» А ён кажа: «Не».
Тады кажа служка прыдзьверніца Пятру: «Ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека?» Ён кажа: «Не».
Там стаялі нявольнікі і паслугачы пры гарачым вуголлі, бо было зябка, і грэліся; а разам з імі быў і Пётра, стоячы і грэючыся.
А слугі і паслугачы, распаліўшы вуглі, бо было сьцюдзёна, стаялі і грэліся. Пётар таксама стаяў з імі і грэўся.
Першасвятар жа пытаўся ў Ісуса пра вучняў Яго і навуку Яго.
Першасьвятар жа спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае.
Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў свету: Я вучыў заўсёды ў сінагозе і ў святыні, дзе заўсёды збіраюцца юдэі, і нічога не гаварыў употай.
Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў сьвету. Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца Юдэі, і таемна не гаварыў нічога.
Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, якія чулі, што Я ім гаварыў; вось, яны ведаюць, што Я сказаў».
Чаму пытаешся ў Мяне? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось, яны ведаюць, што Я гаварыў».
Калі гэта сказаў, дык адзін з паслугачоў, што блізка стаяў, даў Ісусу поўху, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
Калі Ён сказаў гэта, адзін з паслугачоў, які стаяў побач, ударыў Ісуса па шчацэ, кажучы: «Так Ты адказваеш першасьвятару?»
Адказаў яму Ісус: «Калі блага сказаў, дакажы, што блага, а калі добра, дык чаму Мяне б’еш?»
Адказаў яму Ісус: «Калі Я сказаў кепска, засьведчы, што кепска, а калі добра, за што б’еш Мяне?»
Тады адаслаў Яго Анна, звязанага, да першасвятара Каяфы.
Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы.
А Сімон Пётра стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?» А ён адрокся і сказаў: «Не!»
А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: «Ці і ты ня з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не».
Дык адзін з паслугачоў першасвятара, сваяк таго, якому Пётра адсёк вуха, кажа яму: «Ці ж я цябе не бачыў з Ім у садзе?»
Кажа адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, якому Пётар адсек вуха: «Ці ж ня бачыў я цябе з Ім у садзе?»
Ды Пётра зноў запярэчыў; і зараз запяяў певень.
Пётар ізноў адрокся; і адразу прапяяў певень.
Затым павялі Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есці Пасху.
Тады вядуць Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, але каб маглі есьці пасху.
Выйшаў да іх Пілат і кажа: «Якую віну ўскладаеце на Гэтага Чалавека?»
Дык выйшаў да іх Пілат і сказаў: «Якое абвінавачваньне вы выстаўляеце адносна Чалавека гэтага?»
Адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён не быў злачынцам, не выдалі б Яго табе».
Яны адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён ня быў ліхадзеем, мы ня выдалі б Яго табе!»
Дык сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і асудзіце Яго па вашым законе». Сказалі яму юдэі: «Нам нельга нікога забіваць»,
Тады сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і паводле вашага Закону судзіце Яго». Тады Юдэі сказалі яму: «Нам нікога ня можна забіваць»,
каб споўнілася слова Ісуса, што сказаў Ён, вызначаючы, якою смерцю меў памерці.
каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.
Дык увайшоў зноў у прэторыю Пілат і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: «Ты — Цар Юдэйскі?»
Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: «Ты — Валадар Юдэйскі?»
Адказаў Ісус: «Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі пра Мяне?»
Адказаў яму Ісус: «Ці ты ад сябе гаворыш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?»
Адказаў Пілат: «Ці ж я юдэй? Народ Твой і першасвятары выдалі мне Цябе; што Ты зрабіў?»
Пілат адказаў: «Ці ж я Юдэй? Твой народ і першасьвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыніў?»
Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, паслугачы Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль».
Адказаў Ісус: «Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б з гэтага сьвету было Валадарства Маё, паслугачы Мае змагаліся б, каб Я ня быў выдадзены Юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё ня згэтуль».
Сказаў Яму тады Пілат: «Дык Ты — Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Цар. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе; кожны, хто з праўды, слухае голас Мой».
Тады сказаў Яму Пілат: «Дык Ты Валадар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Валадар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб сьведчыць пра праўду. Усякі, хто з праўды, слухае голас Мой».
Кажа Яму Пілат: «Што ёсць праўда?» І, калі ён гэта сказаў, зноў выйшаў да юдэяў і кажа: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
Кажа Яму Пілат: «Што ёсьць праўда?» І, сказаўшы гэта, ізноў выйшаў да Юдэяў і кажа ім: «Я аніякае віны ў Ім не знаходжу.
У вас жа ёсць традыцыя, каб на Пасху выпусціць вам аднаго вязня; дык хочаце, пушчу вам Цара Юдэйскага?»
Ёсьць жа ў вас звычай, каб я некага адпускаў вам на Пасху. Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»
Але яны ўсе закрычалі, кажучы: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
Тады ізноў закрычалі ўсе, кажучы: «Не Яго, але Бараббу!» А Барабба быў разбойнік.