Яна 19 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага
Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў [Яго].
Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.
І жаўнеры, сплёўшы вянец з церняў, усклалі на галаву Яму, і ў пурпуровае адзенне апранулі Яго,
А жаўнеры сплялі вянок зь церня і узлажылі Яму на галаву, і апранулі Яго ў плашч пурпурны,
[і падыходзілі да Яго,] і казалі: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!», і білі Яго па твары.
І падыходзілі да Яго, і казалі: радуйся, Кароль Юдэйскі! І білі Яго па абліччу.
Тым часам Пілат выйшаў зноў вонкі і кажа ім: «Вось жа, выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што я ў Ім не знаходжу ніякай віны».
Пілат ізноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я ніякае віны не знаходжу ў Ім.
Выйшаў затым Ісус у церневым вянцы і пурпуровым адзенні. І кажа ім Пілат: «Вось Чалавек!»
Тады выйшаў Ісус у цярнёвай кароне і ў пурпурным плашчы. І кажа ім Пілат: вось Чалавек!
Дык калі Яго ўбачылі першасвятары і паслугачы, закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце, бо я ў Ім не знаходжу віны».
Як-жа ўбачылі Яго першаархірэі і іхныя слугі, пачалі крычэць, кажучы: укрыжуй Яго, укрыжуй! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго і укрыжуйце вы самыя, бо я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
Адказалі яму юдэі: «Мы маем закон, а паводле закона павінен Ён памерці, бо Ён зрабіў Сябе Сынам Божым».
Юдэі адказалі яму: мы маем права, і паводля нашага права, Ён мае памерці, бо учыніў Сябе Сынам Божым.
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся,
Пілат пачуўшы гэтае слова, яшчэ болей спужаўся;
і зноў увайшоў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Але Ісус яму не адказаў.
І вярнуўся ізноў у прэторыю і сказаў Ісусу: скуль Ты? Але Ісус не адказаў яму нічога.
Кажа Яму тады Пілат: «Не гаворыш мне? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе ды маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
Пілат кажа Яму: Ты мне не адказваеш? Ці ня ведаеш Ты, што я магу укрыжаваць Цябе і магу звольніць Цябе?
Адказаў Ісус: «Не меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў, мае большы грэх».
Ісус адказаў яму: ты ня меў-бы ніякае ўлады нада Мною, калі-б табе ня было дадзена з вышыні; дзеля гэтага болей грэху на тым, хто Мяне выдаў табе.
Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго; але юдэі крычалі, кажучы: «Калі ты Яго выпусціш, дык ты — не сябар цэзара! Кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца цэзару».
З гэтае пары Пілат стараўся звольніць Яго. Юдэі-ж крычэлі, кажучы: калі звольніш Яго, дык ты не зьяўляешся прыяцелем цэсара; кажны, хто выдае сябе за караля, выступае супроць цэсара.
Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што завецца Літастратас, а па-гебрайску Габбата.
Пачуўшы гэтакае слова, Пілат вывеў Ісуса навонкі і сеў на пасад судовы, што называўся літо́стротос, а па-гэбрэйску габбата.
А быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, бліз гадзіны шостай. І кажа юдэям: «Вось Цар ваш».
Была-ж тады пятніца перад Пасхаю і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось Кароль ваш!
А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Цара вашага ўкрыжаваць?» Першасвятары адказалі: «Не маем цара, толькі цэзара».
Але яны закрычэлі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: маю-ж я укрыжаваць вашага Караля? Першаархірэі адказалі: няма у нас Караля, адно цэсар.
Дык тады Пілат выдаў ім Яго на ўкрыжаванне. І забралі яны Ісуса.
Тады ён выдаў ім Яго на ўкрыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
І, несучы крыж Свой, выйшаў на тое месца, што завецца Чараповае, а па-гебрайску — Гальгота,
І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на Месца Чэрапу, па-гэбрэйску Гольгота,
дзе і ўкрыжавалі Яго, і з Ім двух іншых з аднаго боку і з другога, а пасярэдзіне Ісуса.
Дзе яны ўкрыжавалі Яго і двух іншых абапал Яго, а Ісуса ў сярэдзіне.
Пілат напісаў таксама надпіс і змясціў над крыжам. А было напісана: «Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі».
Пілат-жа напісаў і напіс і ўмясцовіў на крыжу. Напісана было: Ісус Назарэй Кароль Юдэйскі.
Многа юдэяў чытала гэты надпіс, бо месца ўкрыжавання было паблізу горада; і было напісана па-гебрайску, па-лацінску і па-грэцку.
Гэты напіс чыталі шматлікія з Юдэяў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было надалёка ад места, дый напісана было па-гэбрэйску, па-рымску і па-грэцку.
Дык казалі першасвятары юдэйскія Пілату: «Не пішы: “Цар Юдэйскі”, але: “Ён Сам сказаў: “Я — Цар Юдэйскі”».
Першаархірэі-ж юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы; Кароль Юдэйскі, але, што Ён казаў: Я Кароль Юдэйскі.
Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў».
Пілат адказаў: што я напісаў, тое напісаў.
Калі жаўнеры ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзенне Яго і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па адной, і туніку. А туніка была не шытая, але ўся тканая зверху ўніз.
Жаўнеры-ж укрыжаваўшы Ісуса, узялі вопратку Ягоную і разьдзялі на чатыры часткі — кажнаму жаўнеру частка, дый хітон; хітон-жа быў ня шыты, але увесь вытканы ад верху,
Дык сказалі яны адзін аднаму: «Не будзем раздзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй мае быць», каб споўнілася Пісанне, якое кажа: «Адзенне Маё падзялілі між сабою, а на вопратку Маю кінулі жэрабя». Так і зрабілі жаўнеры.
І сказалі яны адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго але кінем жэрабя: чый ён будзе, каб збылося сказанае у Пісаньні: Падзяллі адзежу Маю між сабою і адносна вопраткі Мае жэрабя кідалі. Гэтак і ўчынілі жаўнеры.
А каля крыжа Ісуса стаяла Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
Стаялі-ж ля крыжа Ісусавага маці Ягоная і сястра маці Ягонае, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога любіў, побач стаяўшага, сказаў Маці Сваёй: «Жанчына, вось сын Твой!»
Ісус-жа, убачыўшы маці Сваю і блізка стоячага вучня, каторага любіў, кажа маці Сваей: жанчына, вось сын твой.
Затым кажа вучню: «Вось, Маці твая!» Ад гэтай пары ўзяў Яе вучань у сваю апеку.
Пасьля кажа вучню: вось маці твая. І з гэтае пары вучань гэты ўзяў яе да сябе.
Пасля таго Ісус, ведаючы, што ўсё зрабілася, каб збылося Пісанне, кажа: «Смагну».
Пасьля гэтага, Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, кажа: смагну.
А была там пастаўлена пасудзіна, напоўненая воцатам, дык жаўнеры, насадзіўшы на трысціну губку, якую напоўнілі воцатам, паднялі яе да вуснаў Яго.
Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Жаўнеры, напоўніўшы воцатам губку і ўзьдзеўшы яе на гіссопавую трысьціну, узьнялі да вуснаў Ягоных.
Калі Ісус прыняў воцат, сказаў: «Споўнілася!»; і, схіліўшы галаву, аддаў Духа.
Ісус-жа, паспытаўшы воцату, сказаў: збылося! І, пахліўшы галаву, аддаў дух.
Дык юдэі, бо быў дзень прыгатавання, каб у суботу целы не заставаліся на крыжы, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб ім перабіць ногі і зняць іх.
Затым, што тады была пятніца, дык Юдэі каб не пакінуць целаў на крыжох у сыботу, — бо дзень тае сыботы быў вялікі, — праслі Пілата, каб перабіць іхныя галені і зьняць іх.
Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і перабілі ногі першаму і другому, якія былі абапал Яго ўкрыжаваны.
Тады прыйшлі жаўнеры і ў першага перабілі галені, і ў другога ўкрыжаванага зь Ім.
А калі падышлі да Ісуса, як убачылі, што Ён памёр, не ламалі Яму ног,
Але, калі яны падыйшлі да Ісуса і ўбачылі, што Ён памер ужо, не перабівалі ў Яго галеняў:
але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго, і зараз выцекла кроў і вада.
Але адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Яму бок, і зараз-жа пацякла кроў і вада.
І той, хто бачыў, сведчыць, ды праўдзівае яго сведчанне, і ведае ён, што праўду кажа, каб вы ўверылі.
І той, хто бачыў гэта, пасьведчыў, і сьвядоцтва ягонае праўдзвае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.
Гэта сталася, каб споўнілася Пісанне: «Косць Яго не пераломіцца».
Бо гэта сталася, каб збылося Пісаньне: Косьць Ягоная няхай ня скрышыцца.
А ў іншым месцы кажа Пісанне: «Убачаць Таго, каго прабілі».
Гэтаксама і на іншым месцы кажа Пісаньне: Яны будуць узірацца на Таго, Каго пранізалі.
Пасля таго Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але скрытым дзеля страху перад юдэямі, прасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык прыйшоў ён і ўзяў цела Ісуса.
Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але пакрыёмы з прычыны страху перед Юдэямі, прасіў Пілата зьняць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Ён пайшоў і зьняў цела Ісуса.
Прыйшоў таксама і Нікадэм, які раней прыходзіў уночы да Ісуса, несучы літр каля ста мешанкі міры і алоэ.
Прыйшоў гэтаксама і Нікадэм, той, што раней прыходзіў да Ісуса ноччу, і прынёс сумесь са сьмірны і алёю каля ста літраў.
Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі яго пялёнамі з духмянасцямі па традыцыі хаваць у юдэяў.
Тады ўзялі яны цела Ісуса і абярнулі Яго ў палотны з араматамі, як звычайна хаваюць Юдуэі.
А на месцы, дзе быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе была магіла, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены;
На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў пахованы.
там дзеля дня прыгатавання юдэйскага паклалі цела Ісуса, бо магіла была блізка.
Тутака, з прычыны Юдэйскага Дня Падрыхтовы, дый магіла была блізка, палажылі цела Ісуса.