Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага
Паміж фарысеяў быў чалавек імем Нікадэм, начальнік юдэйскі;
Быў-жа між фарысэямі чалавек, ягоная імя Нікадэм, адзін з старшыняў юдэіскіх.
уночы прыйшоў ён да Ісуса і сказаў Яму: «Рабі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў, Настаўнік; бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог не быў з ім».
Гэты прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Раббі, мы ведаем, што Ты вучыцель, прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа чыніць гэтакіх цудаў, якія Ты чыніш, калі-б ня быў зь ім Бог.
Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца звыш, не можа бачыць Валадарства Божага».
І адказваючы, Ісус сказаў яму: запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанава, ня можа бачыць Гаспадарства Божага.
Кажа Яму Нікадэм: «Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсці ва ўлонне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?»
Нікадэм кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няужо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці свае і нарадзіцца?
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае.
Ісус адказаў: запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа увайсьці ў Гаспадарства Божае.
Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.
Тое, што народжана зь цела, ёсьць цела, а спароджанае з Духа, ёсьць Дух.
Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: трэба вам нарадзіцца звыш.
Ня дзівуйся, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца нанава.
Дух дзьме, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць; таксама адбываецца з кожным, хто з Духа нарадзіўся».
Дух дыша, дзе хоча, і голас яго чуеш, але ня ведаен скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак здараецца з кажным нарожданым з Духа.
Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як можа гэта стацца?»
Адказваючы, Нікадэм сказаў Яму: як гэта можа быць?
Сказаў яму Ісус, адказваючы: «Ты — настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?
Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраэляў і гэтага ня ведаеш?
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што Мы бачылі, але сведчання Нашага не прымаеце.
Запраўды, запраўды кажу табе: мы кажам пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня нашага ня прыймаеце.
Калі Я казаў вам пра зямное, і вы не верыце, дык як паверыце, калі вам буду гаварыць пра нябеснае?
Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, дык як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае?
І ніхто не ўзышоў на неба, толькі Той, Хто сышоў з неба, — Сын Чалавечы, Які ёсць у небе.
І ніхто ня ўзыйшоў на неба, толькі Сын Чалавечы, што на небе, Каторы зь неба зыйшоў.
І як Майсей падняў змяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
І як Майсей узьняў вужаку у пустыні, гэтак мусіць быць узьняты Сын Чалавечы,
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
Каб кажны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
Гэтак бо палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кажны, хто веруе ў яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўленым празь Яго.
Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны; а хто не верыць, ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Той, хто веруе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня веруе, той ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
А вось што такое суд: Святло прыйшло ў свет, але людзі ўзлюбілі цемру болей за святло, бо ліхімі былі іх учынкі.
І суд выражаецца тым, што сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі болей упадабалі сабе цемру, чымся сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі благія.
Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не асудзілі яго ўчынкаў;
Кажны бо, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і ня імкнецца да сьвятла, каб ня выявіліся учынкі ягоныя, бо яны благія.
а кожны, хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу былі ўчынены».
Але той, хто чыніць праўду, імкнецца да сьвятла, каб відавочнымі сталіся ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу завяршыліся.
Пасля таго прыйшоў Ісус і вучні Яго ў зямлю Юдэйскую, і там затрымаўся з імі, і хрысціў.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю юдэйскую; і там жыў зь імі і хрысьціў.
І Ян таксама хрысціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і [людзі] прыходзілі і прымалі хрост;
Ян гэтаксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Саліму, бо там было шмат вады; і яны прыходзілі туды і хрысьціліся.
бо Ян не быў яшчэ кінуты ў вязніцу.
Бо Яна яшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
І сталася: узнікла спрэчка між вучнямі Яна і юдэямі наконт ачышчэння.
І ўзьнікла спрэчка паміж Янавымі вучнямі і Юдэямі адносна ачышчэньня.
Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Рабі, Той, што з табой быў за Ярданам і пра Якога ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, ды ўсе ідуць да Яго».
І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Раббі, Той, што быў з табою за Ерданам, пра Каторага сьведчыў ты, вось Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго.
Адказаў Ян і сказаў ім: «Нічога не можа атрымаць чалавек, калі яму не будзе дадзена з неба.
Адказваючы, Ян сказаў: чалавек ня можа нічога атрымаць, калі ня будзе дадзена яму зь неба.
Вы самі можаце засведчыць пра мяне, што я вам сказаў: я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
Вы самыя сьведкамі ў тым зьяўляецеся, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
Хто мае абранніцу, той жаніх, а сябар жаніха, які побач стаіць і слухае яго, радуецца ўсцешна з голасу жаніха. І гэтая радасць мая споўнілася.
Той, хто мае князёўну маладую, той князь малады, а князяў прыяцель, што стаіць і слухае яго, цешыцца радасьцяй з голасу князявага. Дык вось гэтая радасьць мая збылася.
Ён мае расці, а я — змяншацца.
Ён павінен расьці, а я малець.
Хто прыходзіць звысоку, Той вышэй за ўсіх; а хто з зямлі, той з зямлі і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі;
Хто прыходзіць з вышыні, знаходзіцца вышой за ўсіх, а хто зь зямлі, той зямны і зь зямлі гаворыць. Хто зь неба прыходзіць, той вышэй за усіх.
і Ён сведчыць аб тым, што ўбачыў і пачуў, і сведчання Яго ніхто не прымае.
І што Ён бачыў і чуў, аб тым і сьведчыць, і ніхто ня прыймае сьведчаньня Ягонага.
А хто прыняў Яго сведчанне, той адзначыў, што Бог праўдамоўны.
Хто-ж прыняў Ягонае сьведчаньне, той прыпячатаваў, што Бог ёсьць праўдзівы.
І Той, Каго Бог паслаў, прамаўляе словы Божыя, бо не мераючы дае Бог Духа.
Бо той, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя; бо-ж не дае Бог Духа пад меру.
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.
Ацец любіць Сына і ўсё даў у руку Ягоную.
Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае; а хто бязверны ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім».
Хто веруе ў Сына, мае вечнае жыцьцё, а хто ў Сына ня веруе, ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы прабываціме на ім.