Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Паміж фарысеяў быў чалавек імем Нікадэм, начальнік юдэйскі;
Быў-жа між фарысэямі чалавек на імя Нікадым, адзін з жыдоўскіх начальнікаў.
уночы прыйшоў ён да Ісуса і сказаў Яму: «Рабі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў, Настаўнік; бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог не быў з ім».
Ён прыйшоў да Ісуса ноччу і сказаў Яму: Равві! мы ведаем, што Ты прыйшоў як настаўнік ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакоў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца звыш, не можа бачыць Валадарства Божага».
І адказаў яму Ісус і сказаў: сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Божага Валадарства.
Кажа Яму Нікадэм: «Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсці ва ўлонне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?»
Нікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ён другі раз можа ўвайсьці ў лона свае маткі і радзіцца зноў?
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае.
Ісус адказаў: сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Божае Валадарства.
Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.
Народжанае з цела ёсьць целам, а народжанае з духа ёсьць духам.
Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: трэба вам нарадзіцца звыш.
Ня дзівіся, што Я сказаў табе: вам трэба нарадзіцца нанава.
Дух дзьме, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць; таксама адбываецца з кожным, хто з Духа нарадзіўся».
Вецер вее, дзе хача, і голас яго чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі народжаны з Духа.
Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як можа гэта стацца?»
Нікадым адказваючы, сказаў Яму: як гэта можа быць?
Сказаў яму Ісус, адказваючы: «Ты — настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?
Ісус у адказ сказаў Яму: ты настаўнік у Ізраілі і гэтага ня ведаеш?
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што Мы бачылі, але сведчання Нашага не прымаеце.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым аб тым, што ведаем, і сьведчым аб тым, што бачылі, і вы ня прыймаеце нашага сьведчаньня;
Калі Я казаў вам пра зямное, і вы не верыце, дык як паверыце, калі вам буду гаварыць пра нябеснае?
калі Я сказаў вам аб зямным і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць аб нябесным?
І ніхто не ўзышоў на неба, толькі Той, Хто сышоў з неба, — Сын Чалавечы, Які ёсць у небе.
І ніхто ня ўзыйшоў на неба акрамя таго, што зыйшоў з неба, Сын Чалавечы, што на небе.
І як Майсей падняў змяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
І як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мусіць быць падняты і Сын Чалавечы,
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў вечнае жыцьцё.
Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
Бо так Бог палюбіў сьвет, што даў Свайго Адзінароднага Сына, каб кожны, што веруе ў Яго, не загінуў, але меў вечнае жыцьцё.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.
Бо не паслаў Бог Свайго Сына ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.
Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны; а хто не верыць, ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Хто веруе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня веруе, той ужо асуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Божага Сына.
А вось што такое суд: Святло прыйшло ў свет, але людзі ўзлюбілі цемру болей за святло, бо ліхімі былі іх учынкі.
Суд-жа такі, што Сьвятло прыйшто ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш чым сьвятло, бо іхныя ўчынкі былі дрэнныя.
Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не асудзілі яго ўчынкаў;
Бо кожны, хто робіць дрэннае, ненавідзіць сьвятла і ня йдзе да сьвятла, каб ня выявіліся ягоныя ўчынкі, бо яны дрэнныя.
а кожны, хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу былі ўчынены».
А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ягоныя ўчынкі, бо яны ўчынены ў Богу.
Пасля таго прыйшоў Ісус і вучні Яго ў зямлю Юдэйскую, і там затрымаўся з імі, і хрысціў.
Пасьля гэтага Ісус з вучнямі прыйшоў у Юдэйскую зямлю і там прабываў з імі і хрысьціў.
І Ян таксама хрысціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і [людзі] прыходзілі і прымалі хрост;
Ян-жа так-сама хрысьціў у Эноне каля Саліму, бо там было многа вады, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
бо Ян не быў яшчэ кінуты ў вязніцу.
бо Яна яшчэ ня былі ўкінулі ў турму.
І сталася: узнікла спрэчка між вучнямі Яна і юдэямі наконт ачышчэння.
У ўзьнялася ў янавых вучняў спрэчка аб ачышчэньні.
Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Рабі, Той, што з табой быў за Ярданам і пра Якога ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, ды ўсе ідуць да Яго».
І прыйшлі да Яна і сказалі: равві, Той, што быў з табою за Іарданам, аб Якім ты сьведчыў, вось Ён хрысьціць і ўсе йдуць да Яго.
Адказаў Ян і сказаў ім: «Нічога не можа атрымаць чалавек, калі яму не будзе дадзена з неба.
Ян адказваючы сказаў: Ня можа чалавек узяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.
Вы самі можаце засведчыць пра мяне, што я вам сказаў: я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
Вы самі мне сьведкамі ў тым, што я сказаў я ня хрыстос, але толькі пасланы перад Ім.
Хто мае абранніцу, той жаніх, а сябар жаніха, які побач стаіць і слухае яго, радуецца ўсцешна з голасу жаніха. І гэтая радасць мая споўнілася.
У каго маладая, той малады, а друг маладога, што стаіць ды слухае яго, цешыцца радасьцю, слухаючы голас маладога. Вось гэтая радасьць мая збылася.
Ён мае расці, а я — змяншацца.
Яму трэба расьці, а мне малець.
Хто прыходзіць звысоку, Той вышэй за ўсіх; а хто з зямлі, той з зямлі і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі;
Хто прыходзіць з вышыні, той над усімі, а хто з зямлі, той зямны і гаворыць па зямному. Хто з неба прыходзіць, той па-над усімі,
і Ён сведчыць аб тым, што ўбачыў і пачуў, і сведчання Яго ніхто не прымае.
і што чуў, аб тым і сьведчыць, і ніхто ня прыймае Ягонага сьведчаньня.
А хто прыняў Яго сведчанне, той адзначыў, што Бог праўдамоўны.
Хто-ж прыняў Ягонае сьведчаньне, той прыпячатаў, што Бог праўдзівы.
І Той, Каго Бог паслаў, прамаўляе словы Божыя, бо не мераючы дае Бог Духа.
Бо каго паслаў Бог, той гаворыць Божыя словы, бо ня мераючы дае Бог Духа.
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.
Айцец любіць Сына і ўсё даў у Ягоныя рукі.
Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае; а хто бязверны ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім».
Хто веруе ў Сына, мае вечнае жыцьцё, а хто ня веруе ў Сына, ня ўбачыць жыцьця, але будзе на ім Божы гнеў.