Яна 4 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі затым Госпад даведаўся, што фарысеі чулі, што Ісус здабывае больш вучняў і больш хрысціць, чым Ян, —
 
Калі-ж даведаўся Госпад, што дачуліся фарысэі, што Ісус больш здабывае вучняў і хрысьціць, чым Ян, —

хоць Сам Ісус не хрысціў, але вучні Яго, —
 
хоць Сам Ісус ня хрысьціў, але Ягоныя вучні —

дык пакінуў Юдэю і вярнуўся зноў у Галілею.
 
пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.

А выпала Яму ісці праз Самарыю.
 
Выпадала-ж Яму прайходзіць праз Самарыю.

Прыйшоў тады ў самарыцянскі горад Сіхар, непадалёк ад паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну;
 
І вось Ён прыйходзіць у самарыйскае места, званае Сіхар каля поля, што даў Якаў свайцу сыну Язэпу.

і была там крыніца Якуба. І Ісус, змучаны дарогай, сядзеў пры крыніцы; было каля шостай гадзіны.
 
Тут быў Якубаў калодзезь. Ісус, зьняможаны падарожжам, сядзеў каля калодзезя, а была гадзіна шостая.

У той час прыйшла жанчына з Самарыі браць ваду. Кажа ёй Ісус: «Дай мне напіцца»;
 
Прыйшла жанчына самаранка чэрпаць ваду. Кажа ёй Ісус: дай Мне напіцца.

бо вучні Яго пайшлі ў горад, каб купіць ежы.
 
Бо Ягоныя вучні адыйшлі ў горад, каб купіць ежы.

Кажа тады Яму жанчына самарыцянка: «Як жа Ты, юдэй, просіш вады ў мяне, самарыцянкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самарыцянамі.
 
Кажа Яму жанчына самаранка: як Ты, будучы жыдам, просіш піць у мяне, самаранскае кабеты; жыды-ж ня маюць дачыненьняў з самаранамі.

Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы ды Хто ёсць Той, Хто цябе просіць: “Дай мне піць”,ты, напэўна, прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».
 
Адказаў Ісус і сказаў ёй: каб ты ведала дар Божы і Таго, Хто табе кажа: дай мне піць, ты-б сама прасіла ў Яго і даў-бы табе ваду жывую.

Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, не маеш нават чым зачэрпаць, а студня глыбокая; адкуль тады маеш жывую ваду?
 
Кажа Яму жанчына: Госпадзе, ня маеш чым зачэрпаць, а калодзезь глыбокі, дык адкуль маеш жывую ваду?

Ці ж Ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў, і сыны яго, і скаціна яго?»
 
Ці-ж Ты большы за нашага айца Якава, які даў нам гэты калодзець? І той сам піў з яго і сыны ягоныя і ўвесь ягоны статак.

Адказаў ёй Ісус і сказаў: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў смагнуць будзе;
 
Адказаў Ісус і сказаў ёй: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў захоча піць,

а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, ужо не будзе смагнуць навекі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае».
 
а той, хто п’е ваду, якую Я дам яму, ня будзе мець смагі на век, але вада, якую Я дам яму, будзе ў яго крыніцаю вады, што цячэ ў вечнае жыцьцё.

Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой».
 
Кажа Яму жанчына: Госпадзе, дай мне гэткую ваду, каб я ня мела смагі і ня прыходзіла сюды чэрпаць.

Кажа ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа свайго і прыйдзі сюды».
 
Кажа ёй Ісус: ідзі запрасі твайго мужа і прыйдзі сюды.

Адказала жанчына і сказала Яму: «Я не маю мужа». Кажа ёй Ісус: «Добра ты сказала: “Я не маю мужа”,
 
Адказала жанчына і сказала Яму: ня маю мужа. Кажа ёй Ісус: ты добра сказала, што на маеш мужа,

бо мела ты пяць мужоў, а гэты, якога цяпер маеш, не ёсць твой муж. Гэта ты праўду сказала».
 
бо мела ўжо пяць мужоў, а той, што цяпер маеш, ня ёсьць тваім мужам, гэта ты сказала праўду.

Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, бачу, што Ты — прарок.
 
Кажа Яму жанчына: Госпадзе, бачу, што Ты ёсьць прарокам.

Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе належыць пакланяцца».
 
Айцы нашы пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме ёсьць мейсца, дзе належыць пакланяцца.

Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу.
 
Кажа ёй Ісус: жанчына, вер Мне, што прыйдзе час, калі ні на гэтай гары, ні ў Ерузаліме будуць пакланяцца Айцу.

Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; а мы пакланяемся таму, што ведаем, бо ад юдэяў збаўленне.
 
Вы кланяецеся таму, каго ня ведаеце, мы кланяемся Таму, Каго ведаем, бо збаўленьне ёсьць ад Юдэяў,

Але надыходзіць час, ды ўжо надышоў, што праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе, бо і Айцец шукае такіх, што паклоняцца Яму.
 
але прыйдзе час, і сёньня ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу духам і праўдаю, бо Айцец шукае тых, што Яму так кланяюцца.

Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і ў праўдзе».
 
Бог ёсьць дух і хто кланяецца Яму, духам і праўдаю належыць кланяцца.

Кажа Яму жанчына: «Ведаю, што прыйдзе Месія, значыць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, усё нам аб’явіць».
 
Кажа Яму жанчына: ведаю, што прыйдзе Мэссыя, названы Хрыстос, калі Ён прыйдзе, дык асьвядоміць нас аб усім.

Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, Той, Які з табою размаўляе».
 
Кажа ёй Ісус: Я ёсьць, што гавару з табою.

Неўзабаве прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; але ніхто не сказаў: «Пра што пытаеш?» або «Пра што з ёй гаворыш?»
 
І тады прыйшлі Ягоныя вучні і зьдзівіліся, што гаварыў з жанчынаю, аднак ніхто не сказаў: чаго шукаеш? або: чаму гаворыш з ёю?

Жанчына ж пакінула збанок свой і паспяшыла ў горад, і кажа тым людзям:
 
Жанчына-ж аставіла свой ваданос і пайшла ў места ды сказала людзям:

«Ідзіце і пабачце Чалавека, Які мне сказаў усё, што я толькі зрабіла; ці гэта не Сам Хрыстос?»
 
Пайдзеце і паглядзеце чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я рабіла; ці ня Ён ёсьць Хрыстос.

Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
 
І выйшлі з горада і прыйшлі да Яго.

Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Рабі, еж».
 
Між тым прасілі Яго Ягоныя вучні, кажучы: Настаўнік, еж.

Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу, пра якую вы не ведаеце».
 
Ён-жа сказаў ім: Я маю есьці страву, якое вы ня знаеце.

Казалі тады вучні між сабой: «Няўжо нехта прынёс Яму есці?»
 
Гаварылі-ж вучні між сабою: ці ня прынёс Яму нехта есьці?

Кажа ім Ісус: «Мая ежа — каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і каб скончыць справу Яго.
 
Сказаў ім Ісус: Мая ежа ёсьць, каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і вынакаю Яго дзела.

Ці ж вы не кажаце: “Яшчэ чатыры месяцы, і пачнецца жніво”? Вось, кажу вам: падыміце вочы вашы і паглядзіце на прасторы, якія яны ўжо белыя да жніва.
 
Ці-ж ня вы кажаце, што яшчэ чатыры месяцы да жніва; вось кажу вам: падымеце вашыя вочы і пабачце нівы, што яны палавыя ўжо да жніва.

Ужо жнец атрымоўвае плату і збірае плод на жыццё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.
 
І той, хто жне, дастае нагароду і зьбірае плод у вечнае жыцьцё, каб і сейбіт радаваўся разам з жанцом.

І гэтым спраўджваецца слова: адзін сее, а іншы збірае.
 
Аб гэтым ёсьць праўдзівы сказ, што іншы сее, а іншы жне.

Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх».
 
Я паслаў вас жаць, дзе вы не працавалі; іншыя працавалі і вы ўвайшлі ў іхнюю працу.

І многа самарыцянаў з горада таго паверыла ў Яго дзеля слоў жанчыны, якая сведчыла: «Ён мне сказаў усё, што я толькі зрабіла».
 
З гэтага-ж места шмат самаран паверылі ў Яго дзеля слова жанчыны, якая сьведчыла, што сказаў мне ўсё, што я ўчыніла.

І, калі да Яго прыйшлі самарыцяне, прасілі Яго, каб у іх пабыў; дык прабыў Ён там два дні.
 
Калі-ж прыйшлі к Яму самаране, прасілі Яго, каб пабыў у іх; і прабыў там два дні.

Ды многа болей уверыла дзеля слоў Яго.
 
І шмат больш паверылі за Ягонае слова.

Жанчыне ж казалі: «Ужо не дзеля твайго аповеду верым; але дзеля таго, што пачулі і ведаем, што Ён — сапраўды Збаўца свету, Хрыстос».
 
Жанчыне-ж казалі: мы верым не за тваю гутарку, але самі пачулі і ведаем, што гэта ёсьць сапраўды Збавіцель сьвету Хрыстос.

А па двух днях пайшоў Ён адтуль у Галілею;
 
Пасьля двух дзён Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею;

хоць Сам Ісус сведчыў, што прарок не мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
 
бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

Калі затым прыйшоў у Галілею, галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што Ён ўчыніў у Ерузаліме ў дзень свята; бо і яны прыходзілі на свята.
 
Калі-ж прыйшоў у Галілею, дык галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што зрабіў у Ерузаліме ў часе сьвята; бо на тое сьвята і яны прыходзілі.

Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў там нейкі ўрадовец, якога сын хварэў у Кафарнаўме;
 
І вось зноў прыішоў у Кану галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнаўме царскі прыдворны, у якога занядужаў сын.

ён, калі пачуў, што Ісус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго; а ён ужо канаў.
 
Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці аздаравіць ягонага сына, бо быў пры сьмерці.

Сказаў яму Ісус: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
 
І сказаў яму Ісус: ня ўверуеце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў.

Кажа Яму ўрадовец: «Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ».
 
Прыдворны-ж кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі пакуль не памёр мой сын.

Кажа яму Ісус: «Ідзі. Сын твой жыве». Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Ісус, і пайшоў.
 
Ісус кажа яму: ідзі, твой сын жывы! І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Ісус і пайшоў.

А калі быў яшчэ ў дарозе, паслугачы яго выйшлі насустрач яму, каб сказаць, што сын яго жыве.
 
І на дарозе ўжо яго спаткалі ягоныя слугі і сказалі: твой сын жыве.

Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне спынілася ў яго гарачка».
 
Ён спытаўся ў іх, а каторай гадзіне яму палягчэла? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне пакінула яго гарачка.

Дык даведаўся бацька, што гэта быў той час, у які сказаў яму Ісус: «Сын твой жыве», і паверыў ён ды ўвесь дом яго.
 
Дык бацька зразумеў, што гэта была тая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы. І ўвераваў сам і ўвесь ягоны дом.

І гэты другі знак учыніў Ісус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
 
Гэта ўжо другі цуд зрабіў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.