Яна 4 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі затым Госпад даведаўся, што фарысеі чулі, што Ісус здабывае больш вучняў і больш хрысціць, чым Ян, —
Дык калі Езус пазнаў, што фарызэі пачулі, што езус болей вучняў здабывае, чым Ян,
хоць Сам Ісус не хрысціў, але вучні Яго, —
(хоць Езус ня хрысьціў, але вучні ягоны) —
дык пакінуў Юдэю і вярнуўся зноў у Галілею.
пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею.
А выпала Яму ісці праз Самарыю.
А трэба было яму прайсьці праз Самарыю.
Прыйшоў тады ў самарыцянскі горад Сіхар, непадалёк ад паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну;
Дык прыйшоў у горад самаранскі, які завецца Сыхар, каля хутару, які даў Якуб сыну свайму Язэпу.
і была там крыніца Якуба. І Ісус, змучаны дарогай, сядзеў пры крыніцы; было каля шостай гадзіны.
Была-ж там студня Якуба. Дык Езус, змучыўшыся з дарогі, сядзеў так над студняю. Было каля гадзіны шостае.
У той час прыйшла жанчына з Самарыі браць ваду. Кажа ёй Ісус: «Дай мне напіцца»;
Прыйшла жанчына з Самарыі зачэрпуць вады. Сказаў ей Езус: Дай мне піць.
бо вучні Яго пайшлі ў горад, каб купіць ежы.
(Бо вучні ягоны былі пайшоўшы ў горад, каб купіць ежы).
Кажа тады Яму жанчына самарыцянка: «Як жа Ты, юдэй, просіш вады ў мяне, самарыцянкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самарыцянамі.
Дык сказала яму тая самаранская жанчына: Як-жа ты, будучы жыдам, просіш у мяне піць, я-ж самаранская жанчына? Бо жыды ня маюць зносін з самаранамі.
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы ды Хто ёсць Той, Хто цябе просіць: “Дай мне піць”,ты, напэўна, прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».
Адказаў Езус і сказаў ей: Калі-б ты ведала дар Божы і хто ёсьць, што кажа табе: «Дай мне піць», ты можа прасіла-б ў яго і ён даў-бы табе жывое вады.
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, не маеш нават чым зачэрпаць, а студня глыбокая; адкуль тады маеш жывую ваду?
Сказала яму жанчына: Пане, нават ня маеш чым зачэрпнуць, ды студня глыбокая, дык адкуль маеш жывую ваду?
Ці ж Ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў, і сыны яго, і скаціна яго?»
Ці-ж ты большы за нашага айца Якуба, каторы даў нам студню і сам з яе піў, і сыны ягоны, і жывёла ягона?
Адказаў ёй Ісус і сказаў: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў смагнуць будзе;
Адказаў Езус і сказаў ей: Кожны, хто п’е з гэтай вады, ізноў захоча піць; але хто-б піў з вады, якую я яму дам, не захоча піць навекі;
а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, ужо не будзе смагнуць навекі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае».
а вада, якую я яму дам, станецца ў ім крыніцаю вады, б’ючай на жыцьцё вечнае.
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой».
Сказала да яго жанчына: Пане, дай мне гэтай вады, каб мне не хацелася піць і не хадзіць сюды чарпаць.
Кажа ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа свайго і прыйдзі сюды».
Сказаў ей Езус: Ідзі, пакліч свайго мужа і прыйдзі сюды.
Адказала жанчына і сказала Яму: «Я не маю мужа». Кажа ёй Ісус: «Добра ты сказала: “Я не маю мужа”,
Адказала жанчына і сказала: Я ня маю мужа. Сказаў ей Езус: Добра ты сказала, што «ня маю мужа»;
бо мела ты пяць мужоў, а гэты, якога цяпер маеш, не ёсць твой муж. Гэта ты праўду сказала».
бо пяцёх мужоў ты мела, і каторга цяпер маеш, ня ёсьць твой муж. Гэта ты праўдзіва сказала.
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, бачу, што Ты — прарок.
Жанчына сказала яму: Пане, віджу, што ты прарок.
Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе належыць пакланяцца».
Айцы нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе трэба пакланяцца.
Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу.
Сказаў ей Езус: Жанчына, вер мне, што прыходзіць часіна, калі ані на гэтай гарэ, ані ў Ерузаліме ня будзеце пакланяцца Айцу.
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; а мы пакланяемся таму, што ведаем, бо ад юдэяў збаўленне.
Вы пакланяецеся таму, чаго ня знаеце; мы знаем, чаму пакланяемся; бо збаўленьне з жыдоў.
Але надыходзіць час, ды ўжо надышоў, што праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе, бо і Айцец шукае такіх, што паклоняцца Яму.
Але прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе. Бо і Айцец такіх шукае, каторыя-б пакланяліся яму.
Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і ў праўдзе».
Духам ёсьць Бог, і тыя, каторыя пакланяюцца яму, трэба, каб пакланяліся ў духу і праўдзе.
Кажа Яму жанчына: «Ведаю, што прыйдзе Месія, значыць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, усё нам аб’явіць».
Сказала яму жанчына: Ведаю, што прыйдзе Мэсыяш (каторы завецца Хрыстус), дык калі ён прыйдзе, абвесьціць нам усё.
Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, Той, Які з табою размаўляе».
Сказаў ей Езус: Гэта я, каторы гавару з табою.
Неўзабаве прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; але ніхто не сказаў: «Пра што пытаеш?» або «Пра што з ёй гаворыш?»
І зараз прыйшлі вучні ягоны і дзівіліся, што гаварыў з жанчынай. Аднак ніводзен не сказаў: Чаго жадаеш або аб чым з ею гаворыш?
Жанчына ж пакінула збанок свой і паспяшыла ў горад, і кажа тым людзям:
Дык жанчына пакінула сваё вядро і пайшла ў горад і казала гэным людзям:
«Ідзіце і пабачце Чалавека, Які мне сказаў усё, што я толькі зрабіла; ці гэта не Сам Хрыстос?»
Пайдзеце і паглядзеце чалавека, каторы сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла; ці ня ён ёсьць Хрыстус?
Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Дык выйшлі з гораду і пайшлі да яго.
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Рабі, еж».
Тымчасам вучні прасілі яго, кажучы: Раббі, еш.
Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу, пра якую вы не ведаеце».
Ён-жа сказаў ім: Я маю ежу, каб есьці, аб якой вы ня ведаеце.
Казалі тады вучні між сабой: «Няўжо нехта прынёс Яму есці?»
Дык гаварылі вучні паміж сабою: Няўжо яму хто прынёс есьці?
Кажа ім Ісус: «Мая ежа — каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і каб скончыць справу Яго.
Сказаў ім Езус: Ежай маей ёсьць, каб чыніць волю Таго, хто паслаў мяне і каб даканаць справы ягонай.
Ці ж вы не кажаце: “Яшчэ чатыры месяцы, і пачнецца жніво”? Вось, кажу вам: падыміце вочы вашы і паглядзіце на прасторы, якія яны ўжо белыя да жніва.
Ці-ж вы не гаворыце, што яшчэ чатыры месяцы і прыйдзе жніво? Вось я кажу вам: Падымеце вочы вашыя і пагляньце на ваколіцы, што ўжо белыя да жніва.
Ужо жнец атрымоўвае плату і збірае плод на жыццё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.
А хто жне, той бярэ плату і зьбірае плод на жыцьцё вечнае, каб і той, хто сее, разам цешыўся, і той, хто жне.
І гэтым спраўджваецца слова: адзін сее, а іншы збірае.
Бо ў гэтым ёсьць слова праўдзівае: што іншы сее, а хто іншы жне.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх».
Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў іх працы.
І многа самарыцянаў з горада таго паверыла ў Яго дзеля слоў жанчыны, якая сведчыла: «Ён мне сказаў усё, што я толькі зрабіла».
З таго-ж гораду многія з самаранаў уверылі ў яго дзеля слова жанчыны, якая давала пасьведчаньне: Што сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла.
І, калі да Яго прыйшлі самарыцяне, прасілі Яго, каб у іх пабыў; дык прабыў Ён там два дні.
Дык калі прыйшлі да яго самаране, прасілі яго, каб астаўся там. І аставаўся там праз два дні.
Ды многа болей уверыла дзеля слоў Яго.
І яшчэ болей іх уверыла ў яго дзеля ягонай мовы.
Жанчыне ж казалі: «Ужо не дзеля твайго аповеду верым; але дзеля таго, што пачулі і ведаем, што Ён — сапраўды Збаўца свету, Хрыстос».
А жанчыне казалі: што ўжо ня дзеля тваей гутаркі мы верым, бо мы самі чулі і ведаем, што гэта ёсьць сапраўды Збаўца сьвету.
А па двух днях пайшоў Ён адтуль у Галілею;
Пасьля-ж двух дзён ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею.
хоць Сам Ісус сведчыў, што прарок не мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
Бо сам Езус даў пасьведчаньне, што прарок у сваей бацькаўшчыне ня мае пашаны.
Калі затым прыйшоў у Галілею, галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што Ён ўчыніў у Ерузаліме ў дзень свята; бо і яны прыходзілі на свята.
Дык калі прыйшоў у Галілею, прынялі яго галілеяне, пабачаўшы ўсё, што быў учыніў у Ерузаліме ў дзень сьвяточны, бо і яны былі прыйшоўшы на дзень сьвяточны.
Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў там нейкі ўрадовец, якога сын хварэў у Кафарнаўме;
Дык прыйшоў ізноў у Кану Галілейскую, дзе ваду зрабіў віном. І быў адзін князь, каторага сын хварэў у Капарнауме.
ён, калі пачуў, што Ісус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго; а ён ужо канаў.
Ён, калі пачуў, што Езус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, пайшоў да яго і прасіў яго, каб прыйшоў і аздаравіў Сына ягонага, бо пачынаў уміраць.
Сказаў яму Ісус: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
Езус-жа сказаў да яго: Калі знакаў і цудаў ня ўбачыце, ня верыце.
Кажа Яму ўрадовец: «Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ».
Сказаў да яго князь: Пане, прыйдзі перш, чым памрэ сын мой.
Кажа яму Ісус: «Ідзі. Сын твой жыве». Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Ісус, і пайшоў.
Сказаў яму Езус: Ідзі, сын твой жыве. Паверыў чалавек мове, якую сказаў яму Езус і пайшоў.
А калі быў яшчэ ў дарозе, паслугачы яго выйшлі насустрач яму, каб сказаць, што сын яго жыве.
Калі-ж ён ужо прыходзіў, перанялі яго слугі і паведамілі, кажучы, што сын ягоны жыве.
Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне спынілася ў яго гарачка».
Дык пытаўся ў іх гадзіны, у якою яму палепшала? І сказалі яму: Што ўчоры ў гадзіне сёмай пакінула яго гарачка.
Дык даведаўся бацька, што гэта быў той час, у які сказаў яму Ісус: «Сын твой жыве», і паверыў ён ды ўвесь дом яго.
Дык пазнаў бацька, што была тая гадзіна, у каторай сказаў яму Езус: Сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны.
І гэты другі знак учыніў Ісус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
Гэта ізноў другі знак учыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.