Яна 15 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Я ёсць праўдзівая вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.
 
Я ёсьць праўдзівы вінаградны ўшчэп, а Айцец мой земляроб.

Кожную галінку, якая ўва Мне не прыносіць плода, Ён адсякае, а кожную, што прыносіць плод, тую ачышчае, каб болей прыносіла плода.
 
Усякую галінку, якая не прыносіць у мне плоду, ён адсячэ яе; усякую, якая прыносіць плод, ён ачысьціць яе, каб больш прынясла плоду.

Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
 
Вы ўжо чыстыя дзеля мовы, якую я гаварыў вам.

Заставайцеся ўва Мне, і Я — у вас. Як галінка не можа прыносіць плод сама з сябе, калі не застанецца на вінаграднай лазе, так і вы, калі не застанецеся ўва Мне.
 
Прабывайце ў мне, а я ў вас. Як галінка ня можа прынесьці плоду сама з сябе, калі ня будзе прабываць у вінаградным ушчэпе, так і вы, калі ня будзеце прабываць у мне.

Я — вінаградная лаза, а вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, і Я — у ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы не можаце нічога зрабіць.
 
Я ёсьць вінаградны ўшчэп, а вы галінкі. Хто прабывае ў мне, а я ў ім, той прыносіць многа плоду, бо без мяне нічога ня можаце чыніць.

Калі хто не застанецца ўва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і збяруць іх, і кінуць у агонь, і яны згараць.
 
Калі-б хто не прабываў у мне, будзе выкінуты проч як галінка; і зсохне, і падбяруць яе, і кінуць у вагонь, і згарыць.

Калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам.
 
Калі будзеце прабываць у мне і словы мае будуць у вас прабываць, чаго-колечы захочаце, папросіце, і станецца вам.

У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плода прынесяце ды станецеся Маімі вучнямі.
 
У гэтым ёсьць праслаўлены Айцец мой, каб вы прыносілі найболей плоду і сталіся маімі вучнямі.

Як Мяне ўзлюбіў Айцец, так і Я ўзлюбіў вас; заставайцеся ў Маёй любові.
 
Як мяне ўзлюбіў Айцец, і я вас узлюбіў. Прабывайце ў любові маей.

Калі зберажэце Мае прыказанні, застанецеся ў Маёй любові, як і Я збярог прыказанні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
 
Калі будзеце захоўваць мае прыказаньні, будзеце прабываць у маей любові; так як і я захаваў прыказаньні Айца майго і прабываю ў яго любові.

Гэта Я вам сказаў, каб радасць Мая была ў вас, ды каб радасць ваша была поўнай.
 
гэтае я вам сказаў, каб радасьць мая была ў вас і радасьць вашая была поўная.

Гэта вось Мае прыказанні, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я ўзлюбіў вас;
 
Гэтае ёсьць маё прыказаньне, каб вы любілі адзін другога, так як я вас узлюбіў.

ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў.
 
Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто кладзе жыцьцё сваё за прыяцеляў сваіх.

Вы — сябры Мае, калі рабіць будзеце ўсё, што Я загадваю вам.
 
Вы ёсьць мае прыяцелі, калі будзеце чыніць тое, што я вам загадываю.

Ужо Я вас не называю слугамі, бо слуга не ведае, што робіць гаспадар яго; а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, зрабіў вядомым вам.
 
Я ўжо ня буду называць вас слугамі, бо слуга ня ведае, што чыніць пан ягоны; а я назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што-колечы чуў ад Айца майго, абвясьціў вам.

Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, ды каб ваш плод заставаўся, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.
 
Ня вы мяне выбралі, але я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыняслі плод, і каб плод ваш прабываў; каб, чаго-колечы вы папросіце Айца ў імя маё, даў вам.

Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
 
гэта загадываю вам, каб вы любілі адзін другога.

Калі вас свет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зненавідзеў раней за вас.
 
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што мяне перш за вас меў у ненавісьці.

Каб вы былі са свету, свет любіў бы тое, што яго; але вы не са свету, бо Я вас выбраў са свету, таму вас свет ненавідзіць.
 
Калі-б вы былі з сьвету, сьвет любіў-бы, што было ягонае; а як вы ня ёсьць з сьвету, але я вас выбраў з сьвету, дзеля гэтага сьвет вас ненавідзіць.

Памятайце словы, якія Я вам сказаў: слуга не большы за гаспадара свайго. Калі Мяне пераследавалі, дык і вас пераследаваць будуць; а калі вы Маё слова збераглі, дык і ваша берагчы будуць.
 
Помніце мову маю, якую я вам сказаў: «Слуга ня ёсьць большы за пана свайго». Калі мяне прасьледавалі, і вас будуць прасьледаваць; калі захавалі маю мову, і вашу будуць захоўваць.

А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо не ведаюць Таго, Хто Мяне паслаў.
 
Але ўсё гэтае яны будуць рабіць вам дзеля імені майго, бо ня знаюць таго, хто паслаў мяне.

Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, не мелі б граху, але цяпер не маюць апраўдання за свой грэх.
 
Калі-б я ня прыйшоў і не гаварыў ім, яны ня мелі-б граху; але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго гарху.

Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
 
Хто мяне ненавідзіць, той і Айца майго ненавідзіць.

Калі б не рабіў спраў сярод іх, якіх не рабіў ніхто іншы, не мелі б граху; але ж цяпер і бачылі, і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.
 
Калі-б я ў іх ня ўчыніў чынаў, якіх ніхто іншы ня ўчыніў, яны ня мелі-б граху; але цяпер і бачылі і зьненавідзелі і мяне і Айца майго.

Але, каб споўнілася слова, якое запісана ў іх законе: “Зненавідзелі Мяне без прычыны”.
 
Але каб споўнілася мова, якая ёсьць напісана ў законе іх: што яны мелі ў ненавісьці мяне бяз прычыны (Пс. 68:5).

А калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сведчыць будзе;
 
Калі-ж прыйдзе Пацяшыцель, каторага я пашлю вам ад Айца, Духа праўды, каторы ад Айца паходзіць, ён будзе даваць пасьведчаньне аба мне.

але і вы таксама сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.
 
І вы будзеце даваць пасьведчаньне, бо вы са мною ёсьць ад пачатку.