Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Пасля таго Ісус пайшоў праз мора Галілейскае, або Тыберыядскае.
Пасьля гэтага Езус адыйшоў на той бок Галілейскага мора, або Тыбэрыядзкага.
І ішоў за Ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, якія ўчыніў Ён над тымі, што былі немачныя.
І ішло за ім вялікае мноства, бо відзелі знакі, якія чыніў над тымі, што хварэлі.
Затым Ісус узышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.
Дык узыйшоў Езус на гару і сядзеў там з сваімі вучнямі.
І была блізка Пасха, святочны дзень юдэйскі.
Была-ж блізка Пасха, дзень сьвяточны жыдоўскі.
Калі Ісус падняў вочы і ўбачыў, што вялікае мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: «Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад’есці?»
Дык калі Езус падняў вочы і ўбачыў, што вялізарнае мноства ідзе да яго, сказаў да Філіпа: Адкуль мы купім хлеба, каб яны мелі есьці?
А казаў Ён гэта, каб выпрабаваць яго, бо Сам ведаў, што меў зрабіць.
А гэта казаў, прабуючы яго, бо сам ведаў, што меў зрабіць.
Адказаў Яму Піліп: «Дзвесце дынараў не хопіць на хлеб для іх, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху».
Адказаў яму Філіп: За дзьвесьце дынараў ня хваціць ім хлеба, каб кожны атрымаў па троху.
Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімона Пётры:
Сказаў яму адзін з вучняў ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
«Ёсць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта на такое мноства?»
Ёсьць тут адзін хлапец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзьве рыбы, але што гэта на гэтулькіх?
Сказаў Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было на тым месцы многа травы. І вось узлегла мужчын каля пяці тысяч.
І сказаў Езус: Загадайце людзям сесьці. Было-ж многа травы на месцы. Дык паселі мужчыны лікам каля пяці тысяч.
Тады Ісус узяў хлябы і, калі склаў падзяку, раздаў вучням, вучні ж — узлягаючым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.
І ўзяў Езус хлябы і ўчыніўшы падзяку, раздаў сядзячым; таксама і з рыбаў, сколькі хацелі.
А калі наеліся, кажа вучням Сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася».
А калі наеліся, сказаў вучням сваім: Зьбярэце кавалкі, што асталіся, каб ня згінулі.
Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.
Дык сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкаў з пяцёх ячменных хлябоў, якія асталісяў тых, што елі.
Людзі ж тыя, калі ўбачылі, што ўчыніў Ісус знак, казалі: «Сапраўды гэта прарок, які ідзе ў свет».
Дык тыя людзі, убачыўшы цуд, які ўчыніў Езус, казалі: Што гэта ёсьць сапраўды прарок, каторы мае прыйсьці на сьвет.
А Ісус, калі даведаўся, што меліся прыйсці, каб узяць Яго і ўчыніць Яго царом, адышоў ізноў Сам адзін на гару.
Езус-жа пазнаўшы, што маюць прыйсьці, каб узяць яго і зрабіць яго каралём, аддаліўся ізноў сам адзін на гару.
А калі звечарэла, вучні Яго спусціліся да мора
Калі-ж настаў вечар, прыйшлі вучні ягоны да мора
і, увайшоўшы ў лодку, паплылі праз мора ў Кафарнаўм. І ўжо сцямнела, а Ісус не прыходзіў да іх.
і ўвайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капарнаум. І было ўжо сьцямнеўшы, а Езус да іх ня прыходзіў.
А мора пачало хвалявацца, бо дзьмуў моцны вецер.
А мора, ад дуючага вялікага ветру, уздымалася.
Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадый, убачылі Ісуса, Які ішоў па моры і падыходзіў да лодкі, і спалохаліся.
Дык калі праплылі нешта дваццаць ці трыццаць стадыяў, убачылі Езуса ходзячага па моры і прбліжаючагася да лодкі — і спалохаліся.
Але Ён кажа ім: «Гэта Я, не бойцеся».
Ён-жа сказаў ім: Гэта я, ня бойцеся.
І хацелі ўзяць Яго ў лодку, а лодка зараз жа прыстала да берага, да якога яны плылі.
Дык захацелі ўзяць яго ў лодку, і зараз лодка была пры зямлі, да каторай плылі.
Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна тая, у якую ўвайшлі вучні Яго, ды што Ісус не ўвайшоў у лодку са Сваімі вучнямі, але вучні Яго адплылі самі;
На другі дзень грамада, якая стаяла на тым баку мора, убачыла, што там ня было другой лодкі, толькі адна, і што Езус не ўвайшоўшы быў са сваімі вучнямі ў лодку, але вучні ягоны адны адплылі;
іншыя ж лодкі прыплылі з Тыберыяды да месца, дзе елі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.
а другія лодкі надплылі з Тэбэрыяды, блізка месца, дзе елі хлеб за падзякай Панскай.
Калі затым народ убачыў, што там няма Ісуса ані вучняў Яго, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Ісуса.
Дык калі ўбачыла грамада, што там ня было Езуса ані вучняў ягоных, увайшлі ў лодку і прыплылі ў Капарнаум, шукаючы Езуса.
І, калі знайшлі Яго за морам, сказалі Яму: «Рабі, калі Ты сюды прыйшоў?»
І калі знайшлі яго на тым баку мора, сказалі яму: Вучыцель, калі ты сюды прыбыў?
Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але таму, што вы елі хлеб і наеліся.
Адказаў ім Езус і сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, вы шукаеце мяне не затым што відзелі цуды, але затым што елі хлеб і наеліся.
Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая застаецца ў жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».
Здабывайце ня ежу, каторая гіне, але каторая трывае на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын чалавечы, бо яго Айцец азначыў, Бог.
Сказалі тады Яму: «Што маем рабіць, каб выконваць справы Божыя?»
Дык сказалі яму: Што мы маем рабіць, каб чыніць справы Божыя?
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».
Адказаў Езус і сказаў ім: Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго ён паслаў.
Тады сказалі Яму: «Дык што за знак Ты учыніш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што Ты зробіш?
Дык сказалі яму: Які-ж ты знак чыніш, каб мы ўбачылі і верылі табе? Што ты дзеіш?
Бацькі нашы елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб нябесны даў ім есці”».
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як ёсьць напісана: «Хлеб з неба даў есьці» (Пс. 77:24).
Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.
Дык сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец мой дае вам праўдзівы хлеб з неба.
Бо хлеб Божы ёсць Той, Які з неба сышоў і дае жыццё свету».
Бо хлеб ёсьць Божы, каторы з неба зыходзіць і дае жыцьцё сьвету.
Затым сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэтага хлеба».
Дык сказалі яму: Пане, дай нам заўсёды гэтага хлеба.
Сказаў ім Ісус: «Я — хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне.
А Езус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да мяне, той не захоча есьці, а хто верыць у мяне, не захоча піць ніколі.
Але Я сказаў вам, што і ўбачылі Мяне, і не верыце.
Але я вам кажу, што вы і бачылі мяне і ня верыце.
Усе, каго дае Мне Айцец, да Мяне прыйдуць, і таго, хто да Мяне прыходзіць, не праганю прэч.
Усё, што дае мне Айцец, да мяне прыйдзе, і таго, хто да мяне прыходзіць, ня выкіну проч;
Бо Я сышоў з неба, не каб Сваю волю чыніць, але волю Таго, Хто Мяне паслаў.
бо я зыйшоў з неба ня дзеля таго, каб чыніць маю волю, але волю таго, каторы паслаў мяне.
А воля Айца, Які Мяне паслаў, у тым, каб Я нікога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў яго ў апошні дзень.
А гэтая ёсць воля таго, каторы паслащ мяне, Айца, каб нічога ня згубіў з усяго таго, што ён мне даў, але каб ускрасіў тое ў апошні дзень.
Гэта воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень».
Гэтая-ж ёсьць воля Айца майго, каторы паслаў мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у яго, меў жыцьцё вечнае і я яго ўскрашу ў апошні дзень.
Дык наракалі юдэі на Яго, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба»,
Дык жыды наракалі на яго, што быў сказаўшы: «Я ёсьць жывы хлеб, што з неба зыйшоў»
ды казалі: «Ці ж гэта не Ісус, Сын Язэпа, Якога бацьку і Маці ведаем? Як жа Ён кажа цяпер: “Я сышоў з неба”»?
і казалі: Ці-ж гэта ня Езус, сын Язэпа, каторага мы знаем бацьку і матку? Дык як-жа ён гаворыць: «Што я з неба зыйшоў»?
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце адзін на аднаго.
Дык адказаў Езус і сказаў ім: Не наракайце паміж сабою.
Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, Які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
Ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі Айцец, каторы паслаў мяне, не пацягне яго, і я яго ўскрашу ў апошні дзень.
Напісана ў прарокаў: “Будуць усе навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
Ёсьць напісана ў прароках: «І будуць усе вучнямі Бога» (Із. 54:13). Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да мяне.
І не таму, што нехта ўбачыў Айца, акрамя Таго, Хто ад Бога, Ён бачыў Айца.
Не затым што Айца хто-колечы відзеў, адно той, хто ад Бога ёсьць, той відзеў Айца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, мае жыцьцё вечнае.
Я — хлеб жыцця.
Я ёсьць хлеб жыцьця.
Бацькі вашы елі манну ў пустыні і паўміралі.
Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.
А гэта хлеб, які з неба сыходзіць, каб, калі хто з вас есці будзе, не памёр.
Гэты ёсьць хлеб, што з неба зыходзіць, каб той, хто спажываў-бы яго, не памёр.
Я — хлеб жывы, які з неба сышоў. Калі хто будзе есці гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць Цела Маё якое Я аддам за жыццё свету».
Я ёсьць хлеб жывы, каторы з неба зыйшоў. Калі-б хто еў гэты хлеб, будзе жыць на векі; а хлеб, каторы я дам, ёсьць цела маё за жыцьцё сьвету.
Дык спрачаліся юдэі між сабою, кажучы: «Як жа Ён можа нам даць цела Сваё на з’ядзенне?»
Дык спрачаліся жыды паміж сабою, кажучы: Як-жа ён можа даць сваё цела да яды?
Сказаў затым ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі вы не будзеце есці цела Сына Чалавечага ды не будзеце піць крыві Яго, не будзеце мець жыцця ў сабе саміх.
І сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі-б вы ня елі цела Сына чалавечага і ня пілі крыві ягонай, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.
Хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
Хто есць цела маё і п’е кроў маю, мае жыццё вечнае і я яго ўскрашу ў апошні дзень.
Бо цела Маё ёсць сапраўдная ежа, а кроў Мая ёсць сапраўднае пітво.
Бо цела маё ёсць сапраўды ежа, а кроў мая ёсць сапраўды пітво.
Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне застаецца, а Я ў ім.
Хто есьць цела маё і п’е кроў маю, ува мне прабывае, а я ў ім.
Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, той будзе жыць Мною.
Як паслаў мяне жывы Айцец, і я жыву праз Айца, а хто мяне спажывае, і той будзе жыць праз мяне.
Гэты хлеб, які з неба сышоў, не так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есць гэты хлеб, будзе жыць вечна».
Гэты ёсьць хлеб, каторы з неба зыйшоў. Ня так як бацькі вашыя елі манну і паўміралі; хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на векі.
Гэта Ён сказаў, навучаючы ў сінагозе ў Кафарнаўме.
Гэтае гаварыў вучачы ў бажніцы, у Капарнаум.
Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, сказалі: «Жорсткае гэта слова! Хто яго слухаць можа?»
Дык многія з вучняў ягоных чуючы казалі: Жорсткая гэта мова, і хто яе можа слухаць?
А Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што наракалі на гэта вучні Яго, сказаў ім: «Гэта вас горшыць?
Езус-жа, ведаючы сам у сабе, што на гэта нараклі вучні ягоны, сказаў ім: Гэта вас горшыць?
А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе перш быў?
А калі ўбачыце Сына чалавечага, узыходзячага туды, дзе быў раней?
Дух ёсць Той, Хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія Я вам сказаў, ёсць Дух і жыццё.
Гэта дух, што ажыўляе; цела не памагае нічога. Словы, якія я вам сказаў, ёсьць дух і жыцьцё.
Аднак ёсць між вамі такія, што не вераць». Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто тыя, што не вераць, і хто той, што Яго выдасць.
Але ёсьць неекаторыя з вас, што ня вераць. Бо Езус ад пачатку ведаў, каторыя былі няверуючыя, і хто яго меў выдаць.
І казаў: «Дзеля таго і сказаў вам: ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яму не дадзена будзе Айцом Маім».
І казаў: Дзеля таго я вам сказаў, што ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі-б яму ня было дадзена Айцом маім.
Адгэтуль многія вучні Яго вярнуліся назад ды ўжо з Ім не хадзілі.
Ад гэтага часу многія з вучняў ягоных пайшлі назад і ўжо з ім не хадзілі.
І сказаў Ісус дванаццаці: «Ці і вы маніцеся адысці ад Мяне?»
Дык сказаў Езус да дванаццацёх: Ці і вы хочаце адыйсьці?
Адказаў Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага;
І адказаў яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты мае словы жыцьця вечнага;
мы ж уверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
і мы ўверылі і пазналі, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы.
Адказаў ім Ісус: «Ці не дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д’ябал».
Адказаў яму Езус: Ці-ж не дванаццацёх вас выбраў? А адзін з вас ёсьць д’ябал.
А гаварыў пра Юду Сімонава Іскарыёта: бо ён меўся Яго выдаць, хоць быў адным з дванаццаці.
Казаў-жа аб Юдзе Сымонавым, Іскарыёце; бо гэты, будучы адным з дванаццацёх, меў яго выдаць.