Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Пасля гэтага быў дзень святочны ў юдэяў, і Ісус прыйшоў у Ерузалім.
Пасьля гэтага быў сьвяточны дзень жыдоўскі і Езус пайшоў у Ерузалім.
А ў Ерузаліме ёсць ля Авечай брамы купальня, якая па-гебрайску завецца Бэтсата, якая мае пяць прысенкаў.
Ёсьць-жа ў Ерузаліме авечая саджалка, якая завецца па-гэбрайску Бэтэсда, маючая пяць прысенкаў.
У іх ляжала шмат хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых, чакаючых руху вады.
У усіх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, зсохлых, якія выглядалі парушэньня вады.
Бо Анёл Госпадаў час ад часу сыходзіў у купальню і ўзрушваў ваду, і той, хто першы ўваходзіў па ўзрушэнні вады, аздараўляўся, якой бы ні быў апанаваны немаччу.
Бо анёл Панскі зыходзіў час ад часу ў саджалку і варушылася вада; і хто першы ўходзіў у саджалку пасьля парушэньня вады, быў здаровы, на якую-б хваробу ён не хварэў.
І быў там адзін чалавек, што хварэў трыццаць восем гадоў.
Быў-жа там чалавек, які трыццаць восем гадоў быў у сваей хваробе.
Калі Ісус убачыў, што той ляжаў, ды даведаўся, што ён ужо доўгі час хварэе, спытаўся ў яго: «Ці хочаш быць здаровы?»
Калі Езус убачыў яго ляжачага і пазнаў, што ён ужо многа часу хварэе, сказаў яму: Хочаш быць здаровым?
Хворы адказаў Яму: «Госпадзе, не маю чалавека, каб мяне ўкінуў у купальню, калі ўзварухнецца вада; бо калі я сам прыходжу, хто іншы перада мной уваходзіць».
Адказаў яму хворы: Пане, я ня маю чалавека, каб ён, калі ўзварухнецца вада, апусьціў мяне ў саджалку; бо пакуль я дайду, іншы ўвойдзе перада мною.
Кажа яму Ісус: «Падыміся, вазьмі ложак свой і хадзі».
Сказаў яму Езус: Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі.
І адразу стаў здаровым чалавек той, і ўзяў ложак свой, і хадзіў. А была субота ў гэты дзень.
І зараз-жа стаў здаровым той чалавек, і ўзяў ложа сваё, і хадзіў. А ў той дзень была субота.
Дык казалі юдэі таму, хто аздаравіўся: «Сёння субота, нельга табе насіць ложак твой».
Дык жыды казалі таму, што быў аздароўлены: Гэта-ж субота, ня можна табе насіць твайго ложа.
А ён адказаў ім: «Той, Хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложак свой ды хадзі”».
Адказаў ім: Хто мяне здаровым зрабіў, той мне сказаў: «Вазьмі ложа тваё і хадзі».
Дык пыталі ў яго: “Што гэта за Чалавек, Які табе сказаў: “Вазьмі ложак і хадзі”»?
Дык спыталіся ў яго: Хто гэта той чалавек, каторы табе сказаў: «Вазьмі ложа тваё і хадзі»?
А той, хто быў аздароўлены, не ведаў, Хто гэта быў; бо Ісус адышоўся ад людзей, што сабраліся ў тым месцы.
Той-жа, што стаў здаровым, ня ведаў, хто гэты быў, бо Езус адхіліўся ад грамады, якая была на месцы.
Потым знайшоў яго Ісус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб не здарылася табе што горшае».
Потым знайшоў яго Езус у сьвятыні і сказаў яму: Вось ты стаў здаровым; ужо не грашы, каб ня здарылася з табою што горшае.
Пайшоў той чалавек і паведаміў юдэям, што Ісус — Той, Хто зрабіў яго здаровым.
Пайшоў той чалавек і абвесьціў жыдом, што гэта быў Езус, каторы зрабіў яго здаровым.
Таму пераследавалі юдэі Ісуса, каб забіць Яго, бо Ён рабіў такое ў суботу.
Дзеля гэтага жыды прасьледавалі Езуса, што гэтае рабіў у суботу.
Але Ісус адказаў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць так, і Я раблю».
Езус-жа адказаў ім: Айцец мой аж дагэтуль дзеіць і я дзею.
Дзеля таго тым больш шукалі юдэі, як забіць Яго, бо Ён не толькі парушаў суботу, але і Бога называў Айцом Сваім, раўняючы сябе з Богам.
Дык дзеля гэтага жыды яшчэ болей шукалі забіць яго, што ня толькі ламаў суботу, але і Бога называў сваім Айцом, чынячы сябе роўным Богу. Дык адказаў Езус і сказаў ім:
І вось, адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын не можа нічога зрабіць Сам ад Сябе, але толькі тое, што бачыць, як Айцец робіць; бо што Ён робіць, тое таксама Сын робіць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, ня можа Сын ад сябе нічога чыніць, акрамя таго, што ўбачыць Айца чынячага; бо што-колечы ён чыніць, тое і Сын таксама чыніць.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і яшчэ большыя за гэтыя пакажа Яму справы, каб вы дзівіліся.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае яму ўсё, што сам чыніць; і большыя за гэтыя пакажа яму чыны, каб вы дзівіліся.
Бо як Айцец уваскрашае памерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
Бо як Айцец ускрашае ўмерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд перадаў Сыну,
Бо Айцец ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе таксама Айца, Які паслаў Яго.
каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца. Хто не паважае Сына, той не паважае Айца, каторы паслаў яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова ды верыць Таму, Хто Мяне паслаў, мае жыццё вечнае, ды не ідзе на суд, але ад смерці перайшоў да жыцця.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што хто слухае слова майго і верыць таму, каторы паслаў мяне, той мае жыцьцё вечнае і ня прыйдзе на суд, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць час, ды нават ужо надышоў, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, што пачуюць, ажывуць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі ўмерлыя пачуюць голас Сына Божага, і каторыя пачуюць, будуць жыць.
Бо як Айцец мае жыццё Сам у Сабе, так і Сыну даў мець жыццё ў Сабе Самім;
Бо як Айцец мае жыцьцё ў сабе самым, так даў і Сыну мець жыцьцё ў сабе самым;
ды даў Яму ўладу судзіць, бо Ён — Сын Чалавечы.
і даў яму ўладу чыніць суд, бо ён ёсьць Сын чалавечы.
Не дзівіцеся таму, бо надыходзіць гадзіна, у якую ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Яго,
Ня дзівецеся з гэтага, бо прыходзіць часіна, у каторай усе, што ёсьць у магілах, пачуюць голас Сына Божага,
і тыя, што добра рабілі, пойдуць да ўваскрашэння жыцця, а тыя, што блага рабілі, — да ўваскрашэння суда.
і выйдуць тыя, што добра чынілі, на ўскрашэньне жыцьця, а тыя, што дрэнна паступалі, на ўскрашэньне суду.
Сам ад Сябе Я нічога не магу рабіць; суджу так, як чую, ды суд Мой справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне Айца.
Не магу я сам ад сябе нічога чыніць. Як чую, так суджу, і суд мой ёсьць справядлівы, бо ня шукаю маей волі, але волі таго, хто паслаў мяне.
Калі Я Сам сведчу аб Сабе, сведчанне Маё ня ёсць праўдзівае;
Калі я пасьведчаньне даю вам сам ад сабе, пасьведчаньне маё ня ёсьць праўдзівае.
бо ёсць Іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і ведаю, што сведчанне пра Мяне, якое Ён прадстаўляе, праўдзівае.
Іншы ёсьць, хто дае пасьведчаньне аба мне, і я ведаю, што праўдзівае ёсьць пасьведчаньне, якое ён дае аба мне.
Вы пасылалі да Яна, і ён сведчыў праўду;
Вы пасылалі да Яна, і ён даў пасьведчаньне праўдзе.
але Я не ад чалавека прымаю сведчанне, а кажу гэта, каб вы былі збаўлены.
Я-ж не ад чалавека бяру пасьведчаньне, але кажу гэтае, каб вы былі збаўлены.
Ён быў свяцільняй, якая гарыць і свеціць, але вы толькі хвілінку захацелі пацешыцца святлом яго.
Ён быў сьветачам, што гарэў і сьвяціў, а вы хацелі да часу пацешыцца ў ягоным сьвятле.
Але Я маю сведчанне большае за Яна; вось, справы, якія Мне Айцец даручыў, каб Я выканаў іх, і самі справы, якія Я раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец Мяне паслаў.
Але я маю пасьведчаньне большае за Янава; бо чыны, якія даў мне Айцец, каб даканаць іх, самыя чыны, якія я чыню, яны даюць пасьведчаньне аба мне, што Айцец паслаў мяне.
Ды і Айцец, Які Мяне паслаў, Сам засведчыў пра Мяне. Але вы голасу Яго ніколі не чулі і аблічча Яго не бачылі,
А Айцец, каторы паслаў мяне, ён сам даў сьведчаньне аба мне. І вы ані голасу яго ніколі ня чулі, ані вобліку яго ня бачылі;
і слова Яго не маеце ў сабе трывала, бо вы не верыце Таму, Каго Ён паслаў.
і ня маеце слова яго ў вас прабываючага, бо таму, каторага ён паслаў, вы ня верыце.
Разгледзьце Пісанні, бо вы думаеце, што маеце ў іх жыццё вечнае; а яны — гэта тое, што сведчыць пра Мяне.
Вы дасьледжваеце Пісаньні, бо думаеце ў іх мець жыцьцё вечнае, а гэта-ж яны даюць пасьведчаньне аба мне,
Але да Мяне не хочаце ісці, каб мець жыццё.
а вы ня хочаце прыйсьці да мяне, каб мець жыцьцё.
Славы ад людзей не прымаю,
Славы ад людзей я не прымаю;
але вас Я спазнаў, што любові да Бога ў сабе не маеце.
але я пазнаў вас, што міласьці Божай ня маеце ў сабе.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне; а, калі б хто іншы прыйшоў у сваё імя, таго прымеце.
Я прыйшоў у імя Айца майго, а вы ня прымаеце мяне; калі другі прыйдзе ў імя сваё, вы таго прымеце.
Як жа можаце верыць вы, што хвалу прымаеце адзін ад аднаго, а хвалы, што ад адзінага Бога, не шукаеце?
Як-жа можаце верыць вы, каторыя прымаеце славу адзін ад другога, а славы, каторая ёсьць ад адзінага Бога, ня шукаеце?
Не думайце, што Я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсць той, хто будзе вінаваціць вас: Майсей, на якога вы спадзеяцеся.
Ня думайце, што я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсьць хто вас вінаваціць — Майсей, на каторага вы спадзеяцёся.
Бо каб вы верылі Майсею, дык паверылі б вы і Мне; бо ён пра Мяне пісаў.
Бо калі-б вы верылі Майсею, пэўне-ж верылі і мне, бо аба мне ён пісаў.
Але калі вы пісанням яго не верыце, дык як жа паверыце словам Маім?»
Калі-ж вы ягоным пісаньням ня верыце, то як-жа паверыце маім славам?