Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Далей аб’явіўся зноў Ісус вучням каля мора Тыберыядскага, а аб’явіўся ім так.
Пасьля ізноў зьявіўся Езус вучням каля Тыбэрыядзкага мора. А зьявіўся так:
Былі разам Сімон Пётра і Тамаш, званы Блізнюк, Натанаэль, які быў з Каны Галілейскай, і сыны Зебядзея, і два іншых з вучняў Яго.
Былі разам Сымон Пётр і Тамаш, каторы завецца Дыдымус, і Натанаэль, каторы быў з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэя, і другія два з ягоных вучняў.
Кажа ім Сімон Пётра: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «І мы пойдзем з табой». Дык пайшлі адразу, і селі ў лодку, і ў тую ноч нічога не злавілі.
Сказаў ім Сымон Пётр: Іду лавіць рыбу. Сказалі яму: Ідзём і мы з табою. І выйшлі, і селі ў лодку, і ў тую ноч не злавілі нічога.
А калі настала раніца, стаў Ісус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
Калі-ж настала раніца, стаў Езус на беразе: аднак вучні не пазналі, што гэта Езус.
Кажа ім затым Ісус: «Дзеці, ці маеце што есці?» Адказалі яму: «Не».
Дык Езус сказаў ім: Дзеці, ці маеце што есьці? Адказалі яму: Не.
Дык сказаў ім: «Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце». Закінулі тады, і з-за мноства рыбы ўжо не маглі выцягнуць сетку.
Сказаў ім: Закіньце сець на правы бок лодкі і знойдзеце. Дык закінулі, і ўжо не маглі яе цягнуць дзеля мноства рыбы.
Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётры: «Гэта ж Госпад!» Дык Сімон Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, апрануў туніку, бо быў голы, і кінуўся ў мора;
Дык сказаў вучань, каторага любіў Езус, Пятру: гэта Пан. Сымон Пётр, як пачуў, што гэта Пан, апаясаўся сукняй, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берага, каля двухсот локцяў, цягнучы сетку з рыбаю.
Другія-ж вучні прыплылі ў лодцы (бо недалёка былі ад зямлі, але так на дзьвесьце локцяў), цягнучы сець рыбы.
А калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзеныя вуглі, і рыбу, пакладзеную зверху, і хлеб.
А як выйшлі на зямлю, убачылі разложаныя вуглі і рыбу на іх паложаную, і хлеб.
Кажа ім Ісус: «Прынясіце тую рыбу, што цяпер налавілі».
Сказаў ім Езус: Прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
Дык пайшоў Сімон Пётра і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, [якіх было] сто пяцьдзясят тры; і хоць было так шмат, сетка не падралася.
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на зямлю сець, поўную вялікіх рыбаў, што пяцьдзесят тры. І хоць гэтулькі было, сець не парвалася.
Кажа ім Ісус: «Ідзіце, ежце». Але ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.
Сказаў ім Езус: Ідзеце, абедайце. І ніхто з сядзячых пры ядзе не адважыўся спытацца ў яго: Хто ты? — ведаючы, што гэта Пан.
Ісус падышоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу.
І падыйшоў Езус, і ўзяў хлеб, і даваў ім, таксама і рыбы.
Гэта ўжо трэці раз аб’явіўся Ісус вучням Сваім пасля ўваскрэсення з мёртвых.
Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Езус сваім вучням, пасьля таго як устаў з умерлых.
Дык калі яны наеліся, кажа Ісус Сімону Пётры: «Сімоне Ёнаў, ці любіш Мяне больш за гэтых?» Кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму Ісус: «Пасі ягнятак Маіх».
Калі-ж паабедалі, сказаў Езус Сымону Пятру: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне болей, чым гэтыя? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведаеш, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае.
Кажа яму ў другі раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Сказаў яму ізноў: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведае, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае.
І кажа яму ў трэці раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пётра, што ўжо ў трэці раз сказаў яму: «Ці любіш ты Мяне?», дык кажа Яму: «Госпадзе, Ты ўсё ведаеш. Ты разумееш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Сказаў яму трэці раз: Сымон Пётр, ці ты любіш мяне? Засмуціўся Пётр, што сказаў яму трэці раз: «Ці ты любіш мяне»? і сказаў яму: Пане, ты ўсё ведаеш, ты ведаеш, што я люблю цябе. Сказаў яму: Пасі авечкі мае.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, падпяразваўся сам і хадзіў, куды сам хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае ды хто іншы цябе падпяража і павядзе туды, куды ты не хочаш».
Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі ты быў маладзейшы, ты падпяразваўся і хадзіў, куды хацеў. Але калі пастарэеш, выцягнеш рукі твае і другі цябе падпяража і павядзе, куды ты ня хочаш.
А гэта сказаў, паказваючы, якою ён смерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: «Ідзі за Мной!»
Гэтае-ж сказаў, азначаючы, якою сьмерцяй ён меў уславіць Бога. І сказаўшы гэтае, сказаў яму: Ідзі за мною.
Пётра, азірнуўшыся, убачыў таго вучня, якога Ісус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуляўся да грудзей Яго і сказаў: «Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдае?»
Пётр, абярнуўшыся, убачыў таго вучня, каторага любіў Езус, ідучага за ім, каторы на вячэры і абапёрся на грудзях ягоных і сказаў: «Пане, хто гэта, што цябе выдасьць»?
І, калі ўбачыў яго Пётра, то кажа Ісусу: «Госпадзе, а ён што?»
Дык яго калі ўбачыў Пётр, сказаў Езусу: Пане, а ён хто?
Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной».
Сказаў яму Езус: Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, табе што да гэтага? Ты ідзі за мною.
Разышлася тады гэтая вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму: «Не памрэ», а толькі: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?»
Дык разыйшлася гэтая мова між братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус: «Не памрэ», але «Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, што табе да гэтага»?
Дык вось той вучань, які сведчыць пра гэта, і напісаў гэта, і мы ведаем, што сведчанне яго праўдзівае.
Гэта ёсьць той вучань, каторы дае пасьведчаньне аб гэтым і гэтае напісаў, і мы ведаем, што пасьведчаньне ягонае ёсьць праўдзівае.
Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія меліся б быць напісаны. Амін.
Ёсьць-жа і многа другога, што ўчыніў Езус, што калі-б апісываць паасобку, думаю, што і сам сьвет ня мог-бы зьмясьціць тых кніг, якія трэба было-б напісаць.